Паэтка Наста Кудасава: У Беларусі было адчуванне, што я паставіла сябе на паўзу

by ZB

Паэтка Наста Кудасава, якая жыла ў Рагачове, з’ехала з Беларусі. “Штодзень” паразмаўляў з паэткай, ці збіраецца яна вяртацца, што стала апошняй кропляй і што адчуваеш, знаходзячыся ў краіне.

Наста Кудасава. Фота: асабісты архіў гераіні матэрыяла

 

Штодзень: Ты да апошняга была ў Беларусі. І з’ехала зусім нядаўна. Чаму прыняла рашэнне з’ехаць? Што было апошняй кропляй?

Наста Кудасава: Апошняй кропляй была вайна. То бок падзеі 2020-га года, рэпрэсіі –  гэта было страшна, але я была гатовая перажываць гэтыя пачуцці да канца і прынцыпова заставацца дома. Мне здавалася, што мая радзіма – гэта мая зямля. Я –  чалавек, які заўжды трымаўся за кавалачак зямлі. Але калі пачалася вайна, то, па-першае, было фізічна страшна, бо гэта ўсё праз нас праходзіла: мы бачылі гэтую тэхніку на працягу першых некалькіх тыдняў, бачылі днём і ноччу, як нехта лятае, як шкло дрыжыць, зямля трасецца і ты не можаш ні спаць, ні жыць нармальна. То бок пачуццё фізічнай небяспекі. А па-другое, і напэўна, самае галоўнае – пачуццё, што я знаходжуся ў чужым асяроддзі. Я кажу пра Рагачоў. У кожнага свая гісторыя, зразумела. Але ў мяне было адчуванне, што вакол мяне шмат людзей, якія падтрымліваюць Расею і пуціна. І гэтае адчуванне было яшчэ горшым, чым пачуццё фізічнай небяспекі. То бок з аднаго боку, я адчувала віну, перажывала, што побач вайна і што ва Украіне мае блізкія сябры, а з іншага боку, я перастала адчуваць сябе ў Беларусі як дома (і гэта было найгоршае).

Я прыняла рашэнне пра ад’езд літаральна 25-га лютага. Я ведала, што з’еду, амаль нікому пра гэта доўга не казала, хіба некаторым самым блізкім сябрам. Але ўжо тады было прынятае рашэнне, што ўсё, досыць, гэта апошняя кропля, я не магу трываць і не хачу, каб мае дзеці там заставаліся, каб яны раслі ў такой атмасферы. Ідзе вайна, а тут дзяржаўныя святы, парады ладзяцца. Гэта было невыносна цяжка. Пакуль я атрымала візу, пакуль дачакалася, то з’язджала я ўжо з пачуццём такой суцэльнай нянавісці, што акрамя яе і шалу, ужо нічога не засталося. Рэальна не засталося любові. І мне вельмі не падабалася гэта. Я зразумела, што я лепей з’еду і буду сумаваць па сваёй зямлі, чым я буду там, але з гэтай нянавісцю да бліжэйшага атачэння.

 

Можаш параўнаць свой стан “там і тут”?

Я больш за месяц тут, у Польшчы. Я, шчыра кажучы, не чакала, што змагу так хутка вылекавацца. Я ехала сюды вельмі злая, раздражнёная. У Беларусі я зусім перастала камунікаваць з людзьмі, нават з сябрамі перастала стэлефаноўвацца. Таму што ў мяне быў такі нервовы стан, мне было цяжка нават гаварыць і адказваць на паведамленні. Я ўвесь час хварэла, пастаянна хадзіла і здавала нейкія аналізы. Не магла зразумець, што са мной не так. Таму я была гатовая, што тут будзе яшчэ горш, што з’еду і дадасца яшчэ і туга па радзіме. Я рыхтавалася, што мне будзе вельмі кепска тут. Але аказалася, што я прыехала і неяк тут адразу ўключылася ў нармальны працоўны стан. Напэўна, усё ж вельмі карысна выехаць з таксічнай атмасферы, дзе цябе атачаюць людзі з чужым светапоглядам. Там я ўвесь час адчувала сябе маргіналам, партызанам, які закінуты да ворага. Я адчувала сябе ў  тым грамадстве не на месцы. Быццам бы не дома.

Тут я таксама не дома. Але тут, прынамсі, людзі больш-менш блізкія па духу. Калі сустракаеш  беларусаў, то гэта ўсё свае, блізкія. З імі можна паразмаўляць, не трэба хавацца, можна шчыра дзяліцца навінамі, нешта абмяркоўваць. Не трэба партызанства, надыходзіць палёгка. І злосці стала менш. І стала менш нянавісці. Калі радзіма мая далёка, то я па ёй сумую светла, мне ўзгадваецца больш светлага. А калі я там была, то мне было цяжка разгледзець гэтае светлае, я не магла ўжо нават бачыць прыгажосць маёй зямлі. Я адчувала сяябе адзінокай апошнія месяцы.

Можа быць, калі б была падтрымка нейкіх людзей. У кагосьці ёсць сваякі, якія падтрымліваюць і маюць з табой адну пазіцыю. Ці сябры побач, з якімі можна сабрацца разам і грэць адно аднаго. У мяне ў Рагачове амаль нічога такога не было. Здавалася, што ты адзін такі дзівак са сваёй ідэяй. Калі я апошнія месяцы ў Беларусі знаходзілася, то ў мяне нават закрадаліся сумневы, ці маю я рацыю. Можа, я ў прынцыпе памылялася ўсё жыццё з гэтай беларускасцю, з гэтымі ўяўленнямі пра беларускую Беларусь. Можа, яна ўвогуле тут нікому не патрэбная. Можа, мяне няма, не існуе. Вось такія думкі былі, настолькі я сябе чужароднай адчувала.

Зразумела, тут я таксама чужак, гэта чужая краіна. Але, прынамсі, тут няма кагнітыўнага дысанансу, бо тут я і мушу пачувацца чужаком. Праўда, людзі тут вельмі прыветлівыя, спагадлівыя. І ты лекуешся цеплынёй, прыгажосцю, тым, што ўсё для людзей зроблена, каб было камфортна жыць.

 

Ці бачыш ты будучыню беларускага грамадства?

Бачу. У Беларусі ўсё было неяк цёмна і дэпрэсіўна. А калі з’ехала, то здалёк лепей бачна, колькі цудоўных людзей засталося там, у Беларусі, і з’ехала сюды па-за межы Беларусі. Колькі нас шмат: і тут, хто з’ехаў, і там, хто застаўся. Галоўнае для нас цяпер – перамога. Каб Україна перамагла і каб беларусы перамаглі. Калі мы будзем здольныя вярнуцца дадому, то мы зробім Беларусь такой, якой захочам. Канешне, цяпер мы не можам нічога, нават адкрыць рот ці нешта шчыра напісаць у інтэрнэце, мы маўчым і гэта, канешне, цяжкае ўражанне пакідае, калі знаходзішся ў Беларусі, як быццам усе апусціліся на дно. Але я адчуваю, што цяпер магу нешта рабіць для Беларусі адсюль, напрацоўваць на будучыню.

 

Наколькі, калі знаходзішся ў Беларусі, спрацоўвае самацэнзура, наколькі цяжка было дамаўляцца з сабой?

Цяжка было прызвычаіцца, што інтэрнэт стаў не такой важнай часткай жыцця, якой быў калісьці. Канешне, гэта раздражняе. Часам проста шалееш, што не можаш пакінуць эмацыйны каментар дзесьці, таму што фільтруеш сваю мову, бо разумееш, што за табой могуць сачыць. Таму я проста стала меней часу бавіць у інтэрнэце, менш стала чытаць навіны, меней каментаваць, меней публічна падтрымліваць. Але не ведаю, ці правільна гэта было. Было адчуванне, што я паставіла сваё жыццё на паўзу. І гэта мне таксама не надта падабалася. З іншага боку, астатнія ж таксама трымаюць боль у сабе, многія з тых, хто раней дазваляў сабе шмат рэфлэксій у тым жа Фэйсбуку, цяпер сышлі з інфармацыйнай прасторы, яна апусцела. Хаця я часам бачу, што нават у Беларусі ёсць людзі настолькі моцныя, што яны, застаючыся ў краіне, не ставяць сябе на паўзу, а дазваляюць сабе быць шчырымі і не баяцца выказвацца. Я чытаю некаторых дзеячоў і думаю: “Гэта крута, яны вельмі моцныя”.

Я хачу сказаць, што я не стала ненавідзець усіх беларусаў наогул (бо я спачатку гаварыла пра пачуццё нянавісці), я захапляюся тымі людзі, што засталіся ў Беларусі і маюць сілу і смеласць быць такімі, якімі яны ёсць, не баяцца. Я не магла так, я вельмі баялася, бо ў мяне дзеці, баялася, што будзе з імі, а раптам што. Я стрымлівала сябе ўвесь час. І, канешне, я зразумела ў пэўны момант, што трэба выбіраць: ці буду так жыць далей, невядома колькі гадоў, ставячы сябе на паўзу і ўціскаючы галаву ў плечы; ці трэба з гэтым нешта рабіць, хаця б выехаць на нейкі тэрмін.

 

Ці збіраешся ты вяртацца ў Беларусь?

Канешне, я збіраюся. Я разумею, што сітуацыя няпэўная, што мы жывем у гарачай кропцы, дзе побач вайна і невядома, на колькі гэта ўсё можа зацягнуцца. Я такі песіміст. Я не веру, што хутка ўсё разруліцца. Хаця хто яго ведае, усялякае здаралася ў гісторыі. І імперыі могуць знянацку развальвацца. Але пакуль гэтая імперыя не развалілася, ці хаця б не пачаўся нейкі этап ейнага перафарматавання, там увесь час будзе складаная сітуацыя. І беларусам не атрымаецца застацца ўбаку, бо мы суседзі.

Я бачу сябе толькі ў Беларусі. Не ведаю, ці захочуць мае дзеці вяртацца ў Беларусь, але тое, што я бачу сябе там, – гэта дакладна. То бок свой ад’езд я ўспрымаю як выезд у санаторый, у больш здаровую атмасферу, дзе магу адпачыць фізічна і псіхічна. Я магу тут пісаць, працаваць. Я хачу выдаваць тут кнігі. У мяне глабальныя планы рабіць нешта для Беларусі. Я спадзяюся, што аднойчы вярнуся, не ведаю, калі. Але паміраць і старасць сустракаць я хачу толькі ў Беларусі. Нават калі нічога не зменіцца, то я ўсё роўна туды вярнуся. А калі штосьці зменіцца ў пазітыўны бок, то я першай туды паеду будаваць новую дзяржаву.

 

Ты толькі з’ехала з Беларусі. Які настрой пануе ў беларускім грамадстве, сярод жыхароў Рагачова ў прыватнасці?

Падаецца, людзі жывуць быццам нічога не здарылася. Але ўсё роўна нешта ў паветры такое цяжкое вісіць. Людзі адчуваюць нейкую трывогу ў глыбіні душы. Нават тыя, хто давярае цяперашняй уладзе. Цэны выраслі. На момант, калі я выязджала, то на некаторыя прадукаты ў два разы. У апошнія дні мы прыходзілі ў краму, каб паглядзець на ежу і ўзгадаць, як мы яе куплялі калісьці. І так для многіх людзей. Некаторыя прадукты сталі недасяжнымі. І ты такі прыходзіш разгублены ў краму, на ўсё глядзіш…

 

Напрыклад, якія прадукты?

Усялякія прыемныя рэчы, якія дзеці любілі набываць раней. Цана на выпечку, якая была побач з домам, так вырасла, што мы ўжо таксама яе не куплялі больш. А набывалі самае звычайнае, толькі рэчы першай неабходнасці, ніякіх прысмакаў. Нават ад макаронаў добрай якасці давялося адмовіцца.

Альбо вельмі выраслі цэны на садавіну. Бананы мы перасталі купляць, яблыкі. Раней гэта было проста, а сёлета пераўтварылася амаль у свята. Не ўяўляю, як будуць жыць старыя людзі на іхнія пенсіі. Мы з’язджалі было вельмі сумна ў малых гарадах. Не ведаю, як там у вялікіх гарадах. Пакуль што людзей выратоўваюць гароды. Я заўважыла, што людзі насадзілі больш гародаў сёлета. Відаць, спрацоўвае нейкае прадчуванне, што будзе кепска, такая ў нас генетычная памяць.

Штодзень

 

ВАМ ТАКСАМА МОГУЦЬ СПАДАБАЦЦА

homeldays_logo_main.png