HomelDays_Logo_Main-mobil

У Гомелі пад пагрозай зрыву традыцыйны навагодні кірмаш рамеснікаў у “Сакрэце”

Гомельскім рамеснікам адмовілі ў прадастаўленні гандлёвых месцаў для правядзення традыцыйнага пераднавагодняга кірмашу ў гандлёва-забаўляльным цэнтры “Сакрэт”. Майстры звярнуліся да кіраўніцтва сеткі “Карона” і кампаніі “Табак-Інвест” з просьбай перагледзець рашэнне, а да гамяльчан — з заклікам падтрымаць мясцовых вытворцаў. Пра сітуацыю паведамляе акаўнт desserts_bakery у Threads.

Паводле аўтараў допісу, многія гамяльчане ўжо цікавіліся датамі правядзення кірмашу і планавалі набыць там падарункі ручной працы, аўтарскія вырабы і навагодні дэкор.

“Для нас кірмаш у “Сакрэце” заўсёды быў не проста гандлем, а сапраўдным партнёрствам”, — адзначаюць рамеснікі.

Майстры падкрэсліваюць, што за ўласныя сродкі рэкламавалі кірмаш у сацыяльных сетках, прыцягваючы, паводле іх слоў, тысячы пакупнікоў у гандлёвы цэнтр, стваралі святочную атмасферу і выконвалі ўсе правілы гандлёвай пляцоўкі.

На пытанне пра прычыны адмовы аўтары допісу адказалі, што гэта распараджэнне кіраўніцтва.

“Тэлефанавалі многія рамеснікі, пісалі, але ўсё без толку”, — паведамляе desserts_bakery.

У каментарах гамяльчане выказваюць падтрымку майстрам і спадзяюцца, што кірмаш усё ж адбудзецца.

“Колькі цудоўных вырабаў я там набываю штогод і з нецярпеннем чакала і гэтым разам. Няхай вас пачуюць!” — напісала адна з карыстальніц Threads.

Гомельскія майстры заяўляюць, што гатовыя да дыялогу і канструктыўнага абмеркавання ўмоў арэнды ў “Сакрэце”.

Пазіцыя кіраўніцтва гандлёвага цэнтра адносна сітуацыі пакуль невядомая.

Штодзень

Слайдар пастоў