“Суседзі-габрэі хаваліся ў бочках”. Гісторыя аднаго габрэйскага пагрому ў Гомелі ў 1919-м

by homieldays

Тэрарысты з Хамас абвясцілі 13 кастрычніка “сусветным днём пагрому габрэяў”, у якім яны заклікаюць мусульман ажыццяўляць гвалтоўныя дзеянні ў дачыненні да габрэйскага народу. Цывілізаваны свет на такую “прапанову” тэрарыстаў адрэагаваў з асуджэннем. У ХХІ стагоддзі, пасля падзей Халакосту і ІІ Сусветнай вайны, калі нацысты імкнуліся знішчыць габрэяў, такія заявы ставяць палесцінскіх лідараў на адну прыступку з іх ідэалагічнымі папярэднікамі з германскага Трэцяга рэйху. Зрэшты, і на тэрыторыі цяперашняй Беларусі “пагромы” габрэяў мелі месца ў ХХ ст. Тэма гэтая недастаткова даследаваная і ёй не надаецца належнай увагі. Штодзень публікуе згадкі гомельскага літаратара Уладзіслава Ахроменкі (якія ён размяшчаў на старонках “Нашай Нівы” у пачатку 2000-х) пра габрэйскі пагром у Гомелі падчас Стракапытаўскага мецяжу ў 1919-м, пра тое, як вялі сябе пагромшчыкі і тагачасныя беларусы.

Фота: https://belisrael.info/

 

Стракапытаўскі пагром

Гэтую гісторыю я ўпершыню пачуў ад сваёй бабулі, Марыі Раманавай, у сярэдзіне 70-х. У часы БССР тая падзея была вядомая як “Стракапытаўскі мяцеж”. Ізраільскія гісторыкі называюць яе “Гомельскім пагромам 1919 г.” А для маёй бабулі ўсё гэта — дзіцячыя ўражанні. Во што яна распавядала.

Рэвалюцыя — прыкрая неспадзяванка

“Бацька і маці мае паходзілі з вёскі Баршчоўка, што між Рэчыцай і Гомелем. Гэта былі звычайныя сяляне. Бацька Сазонт нарадзіўся ў 1877 г. Маці Вольга — годам пазней. Сям’я была незаможная. І ў бацькі, і ў маці было па пяцёра-шасцёра братоў і сёстраў. Зямлі на ўсіх бракавала. Ніякіх перспектыў у вёсцы для іх не было. На пачатку ХХ ст. нямала нашых аднавяскоўцаў эмігравалі ў Сібір, дзе зямлі можна было браць колькі заўгодна. Калі мне споўніўся год, з’ехалі і мы. Пасяліліся бацькі на ўскраіне Чыты. Напазычалі грошай у эмігрантаў-сваякоў, набралі зямлі пад грады і працавалі ад рана да рана. Бацькі вырошчвалі капусту. “Баршчоўская” капуста лічылася ў Чыце найсмачнейшай. Праз два гады бацька прыкупіў млын на Ангары і заарандаваў у мясцовых кітайцаў пякарню. Неўзабаве мы пабагацелі й зажылі па-панску: уласная пякарня (выкупілі), двухпавярховы дом у цэнтры Чыты, свой “выезд” з кучарам. Дарэчы, у Чыце найбольш заможнымі рабіліся не тубыльцы, а беларусы і ўкраінцы, якіх панаехала туды мо некалькі тысяч. Мясцовыя занадта многа пілі гарэлкі і не любілі працаваць. Нават у найміты мой бацька браў іх неахвотна, аддаючы перавагу цвярозым і працавітым кітайцам.

Пры канцы 1916 г. бацькоў пацягнула дахаты. Яны прадалі ўсё, што мелі, а грошы паклалі на банкаўскі акрэдытыў. Старэйшы бацькаў брат, Мінай Раманаў, на той час ужо меў у Гомелі ўласны гатэль і прапанаваў укласці капітал у якую-небудзь камерцыю пры гатэлі. На Радзіму мы вярнуліся на пачатку 1917 г. І тут здарылася прыкрая неспадзяванка — лютаўская рэвалюцыя. Банк, які ўзяўся перавесці з Чыты ў Гомель бацькавы грошы, збанкрутаваў. Бацькі зрабіліся жабракамі. Усёй маёмасці ў іх было — адна вопратка, у якой выйшлі з цягніка.

“Залаты якар”

У Гомелі мы пасяліліся ў старэйшага бацькавага брата Міная, у ягоным гатэлі “Залаты якар”, што стаяў на вул.Замкавай (цяпер — пр.Леніна), на тым самым месцы, дзе цяпер крама “Старт”. Месца было надзвычай зручнае — чыгуначны вакзал. Там жылі пераважна бедныя габрэі. Дагэтуль памятаю колькі сем’яў: Ёфэ, Шнэерсоны, Мельнікі, Майнцы, Фэльдштэйны, Плісецкія. Гомельскія габрэі займаліся пераважна гандлем і рамёствамі. Хтосьці скупляў у рыбакоў на Сажы рыбу гуртам, а потым прадаваў яе ўраздроб на рынку. Хтосьці гандляваў малаком і зелянінай. Абсалютна ўсе краўцы, шаўцы, дантысты і аптэкары былі габрэямі. Заможнымі лічыліся Мельнікі, што мелі ўласную цырульню. Боруха Мельніка называлі няйначай, як “гомельскі Ротшыльд”. Мясцовай знакамітасцю быў піяніст Салямон Майнц — ён скончыў Варшаўскую кансерваторыю і жыў з урокаў музыкі.

Фота: https://www.radzima.org/ Замкая вуліца, дзе знаходзіўся гатэль “Залаты якар”

 

Усе гомельскія габрэі вызначаліся палымянай рэлігійнасцю. У суботы нашыя суседзі хадзілі ў сінагогу, што была ў раёне Замкавай (сёння ў тым будынку месціцца архіў ЗАГСу). На прывакзальных вуліцах і асабліва на рынку панаваў ідыш.

Мае бацькі, простыя сяляне, ставіліся да габрэйскіх суседзяў досыць прыязна. Не памятаю, каб нехта з іх абражаў суседзяў з-за таго, што яны “іншаверцы”. Амаль усе мае сяброўкі на той час былі габрэйкамі. У суботы я хадзіла ў госці да сёстраў Рывы і Ханы Мельнік, і іхны бацька, цырульнік Борух, прасіў мяне: “Манечка, зрабі ласку, нашчыпай лучынак для самавару, бо нам сёння нельга”.

Габрэяў хавалі ў бочках

Аднойчы раніцою ўсе мы прачнуліся ад страляніны і ляманту, што чуліся з прывакзальнай плошчы. Там сноўдаліся нейкія вайскоўцы са стрэльбамі. Ужо пазней дазналіся, у чым справа: два палкі Чырвонага войска, набраныя ў Разані і Туле, уцяклі з белапольскага фронту і цягнуліся дахаты ў Расею. Узначальваў іх былы царскі генерал Стракапытаў. На шляху ў дэзерціраў ляжаў Гомель. Яны зладзілі ў нашым горадзе габрэйскі пагром.

Цэлы дзень мы баяліся выходзіць на вуліцу, назіралі за пагромнікамі з вокнаў. Добра памятаю, як салдаты пабілі вітрыннае шкло ў цырульні Боруха Мельніка і выцягнулі вялікія бутэлькі з адэкалонам. Адэкалон яны выпілі на вуліцы, а цырульню падпалілі. У той самы дзень пачалі лавіць на вуліцах габрэяў. Колькі нашых суседзяў павесілі на ліхтарах ля вакзалу. На другі дзень на галовах мерцвякоў сядзелі крумкачы і дзяўблі вочы. Было страшна, але цікава. Мне хацелася на вуліцу, але бацькі не пускалі. За пагромам мы з братам Сашам (быў ён на 2 гады старэйшы за мяне, дзесяцігадовую) назіралі з вокнаў. Маці адганяла нас, каб не глядзелі на шыбенікаў.

Вайскоўцы выглядалі жудасна: брудныя, барадатыя, падпітыя дзядзькі ў доўгіх шынялях. Яны стралялі ў паветра з ружжаў і голасна мацюкаліся. Потым невядома адкуль узяўся праваслаўны поп з харугвай, які цягаўся з салдатамі і заклікаў “біць жыдоў”.

Неўзабаве да нас прыбеглі габрэі-суседзі, мо чалавек з дзесяць. Памятаю толькі дзве сям’і: Мельнікаў і Шэндаравых, бо з іх дзецьмі я сябравала. Габрэі страшна баяліся пагромнікаў. У гатэлі “Залаты якар” быў вялікі склеп, дзе стаялі бочкі з-пад віна, селядцоў і салёных гуркоў. Мае бацькі схавалі габрэяў у бочках, а зверху навалілі нейкія скрыні. У той самы дзень да нас прыйшлі пагромнікі. Бачыла іх на ўласныя вочы. Запомнілася, што яны ўсе чухаліся, як свінні. Дэзерціры былі чымсьці раз’юшаныя і паводзілі сябе вельмі нахабна. Маці сустрэла іх з абразом у руках. Бацька падрыхтаваў самагонку. Пагромнікі з ганку спыталіся: “Дзе тут жыдава хаваецца? Пакажыце нам жыдаву!” Мая маці запэўніла, што яна шчырая праваслаўная і ўласнымі рукамі гатовая перадушыць усіх хрыстапрадаўцаў-жыдоў. Бацька выставіў пагромнікам усю самагонку, што была ў хаце. На шчасце, салдаты не ведалі пра вінны склеп. Выпілі, перахрысціліся на абраз і сышлі. Суседзі-габрэі хаваліся ў бочках да канца пагромаў. Маці і бацька насілі ім ежу і пітво.

Назаўтра салдаты пачалі страляць з гармат па гатэлі “Савой”, што быў на вуліцы Румянцаўскай (цяпер — Савецкая; сёння на тым месцы стаіць так званы “Стары ўнівермаг”). У гатэлі зачыніліся былі чэкісты. Яны адстрэльваліся, але “Савой” усё ж разбурылі, а ацалелых чэкістаў (габрэяў і латышоў) пастралялі й перавешалі.

Гатэль “Савой”

 

Пагром доўжыўся колькі дзён. Потым у горад увайшлі чырвоныя й павыганялі дэзерціраў.

Нас з братам нарэшце выпусцілі на вуліцу. Мо з палову дамоў ля чыгуначнага вакзалу і ў раёне так званага “Гарэлага балота” (цяпер — вул.Рагачоўская і Веткаўская) было спалена. Паўсюдна лунала пер’е з падраных падушак. На бруку ляжалі непрыбраныя трупы, сярод іх мы пазналі некаторых знаёмых.

Ужо потым суседзі-габрэі прапаноўвалі маці і бацьку грошы за выратаванне. Але бацькі адмовіліся. Маці сказала, што ўсе мы суседзі і таму, маўляў, мусім дапамагаць адзін аднаму.

З Рывай і Ханай Мельнік, а таксама з Нюсяй (Няхамай) Ёфэ мы доўга сябравалі. З Няхамай я вучылася ў Ленінградзе. Пасля вайны Няхама Ёфэ, дыпламаваная інжынерка, пераехала з мужам ва Уфу. Падчас “справы дактароў” яе “вычысцілі” з працы па “пятым пункце”. Праўда, потым аднавілі. Рыва Мельнік пасля вайны пераехала ў Расею, а потым у Ізраіль. А яе малодшая сястра Хана загінула ў Бабіным Яры. Нацысты дарабілі тое, што не здолелі зрабіць чырвонаармейцы-пагромнікі…”

Штодзень

 

ВАМ ТАКСАМА МОГУЦЬ СПАДАБАЦЦА

homeldays_logo_main.png