“Параймас”: Міжнародны дзень памяці знішчэння ромаў і сінці

by homieldays

Надоечы Міністэрства юстыцыі падала позву ў суд аб ліквідацыі грамадскага аб’яднання “Беларуская асацыяцыя цыганоў “Рома”. 23 жніўня справа будзе разгледжана ў судзе.

Рома з пасёлка Бальшавік Гомельскага раёна. Ілюстрацыйнае фота

 

У ноч з 2 на 3 жніўня 1944 года ў лагеры смерці Асвенцім (Auschwitz-Birkenau) нацысты знішчылі 2 898 прадстаўнікоў народу рома. Расавая тэорыя лічыла цыган плодам змяшэння ніжэйшых рас з арыйцамі. Спачатку іх пазбаўлялі грамадзянства, выганялі з гарадоў,  жанчын стэрылізавалі. Потым справа дайшла да забойстваў. Асабліва масавае знішчэнне рома пачалося, калі вайна ў 1941 годзе пашырылася на тэрыторыі СССР. Невядома дакладна, колькі загінула рома падчас ІІ Сусветнай вайны. Паводле некаторых падлікаў, ахвярамі нацызму стала каля паўмільёна еўрапейскіх рома. Паводле беларускіх даследчыкаў, было знішчана 75% цыганскага насельніцтва Беларусі.

Пасля ІІ Сусветнай вайны ў СССР, у 1956 годзе, быў прыняты закон “Аб далучэнні да працы цыганоў, якія займаюцца бадзяжніцтвам”. Дыскрымінацыя рома працягнулася і працягваецца дагэтуль. У тым ліку і ў Беларусі. Згадаць хаця б, як у 2019 годзе было затрымала каля 100 цыган пасля смерці магілёўскага інспектара ДАІ, а тагачасны міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч заявіў пасля рэйду і масавых неабгрунтаваных затрыманняў, што ў яго няма падставы выбачацца перад рома.

Рома з пасёлка Бальшавік Гомельскага раёна. Ілюстрацыйнае фота

 

Днямі стала вядома, што 23 жніўня Мінскі абласны суд разгледзіць справу аб ліквідацыі грамадскага аб’яднання «Беларуская асацыяцыя цыганоў «Рома». Пасяджэнне ўжо з’явілася ў судовым раскладзе. Пазначана, што пазоў падало Міністэрства юстыцыі. Дарэчы, гэта не першая арганізацыя рома, якую ліквідуюць сёлета ў Беларусі. 26 траўня Гарадзенскі абласны суд ліквідаваў “Ашмянскую цыганскую суполку”.

Паводле інфармацыі праваабарончай арганізацыі Lawtrend , Беларуская асацыяцыя цыган “Рома” была створана ў 1998 годзе. Галоўным напрамкам дзейнасці гэтай арганізацыі з’яўляецца інтэграцыя рома ў грамадства і супрацьдзеянне рамафобіі.

 

Рома з пасёлка Бальшавік Гомельскага раёна. Ілюстрацыйнае фота

 

Колькі цыган жыве ў Беларусі? Тут лічбы вельмі адрозніваюцца. Паводле звестак упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў, у Беларусі цяпер пражывае прыблізна 7 тысяч цыган. Паводле дадзеных апошняга перапісу насельніцтва, — каля 15 тысяч людзей цыганскай нацыянальнасці, а паводле дадзеных Беларускай асацыяцыі “Рома”, – каля 70 тысяч.

Такую велізарную розніцу з афіцыйнай статыстыкай самі ромы тлумачаць тым, што большасць цыганоў не ўказваюць у афіцыйных дакументах сваю нацыянальнасць, альбо ж пазбягаюць перапісу, аддаюць перавагу заставацца незарэгістраванымі ці ўвесь час пераязджаюць з месца на месца.

Даведка. Паводле дадзеных упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў, на тэрыторыі Гомельскай вобласці пражывае 2501 прадстаўнік народа рома. То бок траціна ўсіх беларускіх рома жыве на Гомельшчыне. Цыганы кампактна пражываюць у Якубоўцы і “Заходнім мікрараёне” Гомеля, а таксама ў пасёлку Бальшавік і ў вёсцы Прыбар Гомельскага раёна.

Штодзень

ВАМ ТАКСАМА МОГУЦЬ СПАДАБАЦЦА

homeldays_logo_main.png