Хто заняў месца закрытага бізнесу ў Гомелі

by homieldays

Шэраг гомельскіх прыватных прадпрыемстваў быў закрытыя пасля сумных падзей 2020 года. Што зараз знаходзіцца на месцы некалі квітнеючых устаноў, прааналізаваў “Штодзень”.

БАР «БЭКЕР» (вул. Савецкая)

З гастранамічнай асалодай гэтае месца было звязана яшчэ з савецкіх часоў. Маленькія гомельцы чакалі выходных, каб разам з бацькамі завітаць у малочны бар і паласавацца слынным вяршковым жэле ці марозівам з крэманак.

Бар “Бэкер” да закрыцця. Фота: www.google.com

 

Зачыненае памяшканне цяпер

 

У 2000-я месца стала прыцягальным для дарослых: бар “Бэкер” прапаноўваў і піва ўласнай вытворчасці, і абедзенныя комплексы, і музычную праграму ўвечары. Хутка сфармавалася кола сталых наведвальнікаў, заўсёды хапала ахвотных заняць столік ці прысесці за барнай стойкай.

Ужо некалькі год памяшканне бара на цэнтральнай вуліцы Гомеля пустуе. За гэты час побач адкрылася некалькі гастранамічных кропак, але пакуль на месцы “Бэкера” так нічога і не з’явілася.

КАРЧМА “БУДЗЬМА” (вул. Прывакзальная, 3а)

Уласнікі “Будзьмы” аднымі з першых паспрабавалі рэалізаваць у Гомелі канцэпцыю рэстарацыі ў беларускіх традыцыях. Якасная смачная ежа зрабіла сваю справу – не заўсёды тут можна было знайсці вольнае месца. Шмат вандроўнікаў, якія прыязджалі ў горад над Сожам, пачыналі знаёмства з Гомелем менавіта з карчмы – вакзал жа побач.

Некалькі год будынак пуставаў. Толькі нядаўна памяшканне заняла нейкая фірма, але на тэрасе, дзе колісь віравала жыццё, па-ранейшаму цішыня.

Карчма “Будзьма”, 6 год таму. Фота: https://bestbelarus.by

 

Занядбаная тэраса, дзе адзіны госць – гэта пыл

 

RED PUB (пр. Леніна)

Месца для гастраноміі і забавак у гэтай частцы будынка было прадугледжана адразу пры пабудове. У савецкія часы (і нават яшчэ ў 90-я) тут месцілася рэстарацыя “Тры прыступкі”. Пазней памяшканні былі арандаваны прыватнай кампаніяй, але прызначэнне не змянілася.

Хутка пасля адкрыцця Рэд Паб стаў самым модным і папулярным тусовачным месцам. Прадуманы канцэпт, разуменне сучасных трэндаў як у вечарынах, так і ў гастраноміі, якасныя алкагольныя напоі вабілі гомельцаў. Але паб увайшоў у гісторыю не толькі як месца для скокаў і выпіўкі, менавіта тут распачалася новая эра ў інтэлектуальным жыцці Гомеля: у гэтым месцы ўпершыню пачалі праводзіць квізы.

Акрамя паба, тутака месціліся сушы-бар, установа хуткага харчавання і крама-вінатэка з выдатным выбарам віна.

Да 2023 года памяшканні некалі звышпапулярных устаноў пуставалі. Зараз палову памяшканняў выкарыстоўвае банк. У астатняй частцы ідзе рамонт, падобна, што сюды ў будучыні пераедзе адзін з пабаў, што зараз месціцца на ўскрайку горада.

Рэд Паб 5 год таму. Фота: www.google.com

 

ПЯКАРНЯ “ХЛЕБНАЯ МАЙСТЭРНЯ”

Здавалася б, набыць хлеб у паўмільённым горадзе не праблема – крамы поўняцца вырабамі хлебакамбінатаў, не падабаецца – ёсць больш смачныя гатункі ад гіпермаркетаў і некалькіх маленькіх пякарань. Але такі хлеб, які б, акрамя асалоды, прыносіў карысць для здароўя, можна было набыць толькі тут. (Дарэчы, калі вам цікава, як адрозніць проста смачны хлеб ад сапраўды карыснага, напішыце нам, ахвотна зробім артыкул на гэтую тэму.)

Тое, што хлеб пячэцца з душою, пакупнікі адчулі – пад канец працоўнага дня ў крамах заставаліся пустыя палічкі. З такой жа хуткасцю прадаваўся і алей халоднага адціскання (таксама вельмі карысная рэч).

Толькі ў выпадку “Хлебнай майстэрні” памяшканні не пуставалі доўга. На Цэнтральным рынку месца заняла мінская сеткавая пякарня, на пр. Перамогі – пункт выдачы анлайн-крамы, на пр. Рэчыцкім спачатку з’явілася крама з абуткам, потым – магазін фермерскага мяса.

Павільён “Хлебнай майстэрні” на Цэнтральным рынку (2019 год). Фота: старонка “Хлебнай майстэрні” ў Фэйсбуку

 

Зразумела, закрыццё бізнесу – цяжкая страта для ўласніка. Але ці толькі для яго? Падлічыце, колькі за гэты час гарадскі бюджэт атрымаў бы падаткаў, арэндадаўцы – арэнднай платы. Дзясяткі асоб пасля закрыцця юрасоб засталіся без працы, і невядома, як хутка атрымалася знайсці новую – падчас пандэміі гастранамічная галіна знаходзілася ў глыбокім крызісе, і новых супрацоўнікаў амаль ніхто не набіраў. А простыя гомельцы страцілі ўлюбёныя месцы, дзе можна было пад’есці ці добра пабавіць час.

Штодзень

ВАМ ТАКСАМА МОГУЦЬ СПАДАБАЦЦА

homeldays_logo_main.png