HomelDays_Logo_Main-mobil

Не толькі Няміга. Ці могуць падземныя рэкі зноў з’явіцца ў Гомелі?

Калі ў Беларусі гавораць пра раку, схаваную пад зямлёй, амаль кожны згадае мінскую Нямігу. Яе імя засталося ў назве вуліцы, метро, крам і легенд, хоць сама вада даўно цячэ па калектары. Але Няміга — не выключэнне. У Гомелі таксама ёсць свая гісторыя зніклых ручаёў, крыніц і яроў: Гамяюк, з якім звязваюць паходжанне назвы горада, крыніцы каля былой Ключавой вуліцы — цяперашняй Жукава. Гаворка ідзе пра забыты водны ландшафт, значная частка якога за стагоддзе стала ліўневай каналізацыяй, была засыпана або перарэзана забудовай. Але досвед сучасных гарадоў паказвае: нават невялікі ўчастак такога патоку можна зноў вярнуць гораду як элемент зялёна-блакітнай інфраструктуры.

Мінская рака Няміга ў 1926 годзе была схаваная ў калектар.


Лодзь вяртае Лямус

Лодзь у Польшчы доўгі час асацыявалася з прамысловым горадам без ракі. Насамрэч пад яе цэнтрам цячэ цэлая сетка малых водных патокаў. Адзін з іх — Лямус, рака даўжынёй каля двух кіламетраў. У XIX стагоддзі яе вада дапамагала развівацца фабрыкам Карла Шайблера. Потым рака ператварылася ў прыёмнік прамысловых сцёкаў: з-за смуроду яе схавалі ў падземны канал больш як на стагоддзе. Цяпер Лодзь не спрабуе вярнуць на паверхню ўвесь Лямус. Горад адкрывае толькі фрагмент у парку імя Кілінскага: праект прадугледжвае каля 80 метраў адкрытага рэчышча, новыя пасадкі, умацаванне берагоў і сістэму затрымання дажджавой вады. Інвестыцыю фінансуе Еўрасаюз; аб’ём датацыі — больш за 15 мільёнаў злотых.

Працы па рэвіталізацыі ракі Лямус падыходзяць да завяршэння. Фота: zielona.interia.pl

Сэнс праекта не ў рамантычнай “рацэ пад акном”. Адкрытая вада і расліннасць дапамагаюць затрымліваць ліўневую ваду ў грунце, зніжаюць эфект гарадской спёкі, ствараюць прастору для насякомых, птушак і водных раслін. Падчас моцных ападкаў такі ўчастак можа запаволіць скід вады ў каналізацыю, а ў сухія і гарачыя дні — палепшыць мікраклімат парку.

Так будзе выглядаць парк з адноўленым рэчышчам ракі Лямус у Лодзі. Фота: architekturaibiznes.pl 

Гамяюк: рака, якая дала гораду імя

Найбольш вядомы гомельскі водны аб’ект — Гамяюк. Менавіта каля яго вусця, паводле адной з распаўсюджаных версій, узнікла ранняе паселішча, якое дало назву Гомелю. Гісторыкі і краязнаўцы звязваюць Гамяюк з раёнам сучаснага Лебядзінага возера ў палацава-паркавым ансамблі і Кагальным ровам. На старых планах апошні адзначаўся як яр з некалькімі разгалінаваннямі. У XX стагоддзі гарадскія ручаі і яры паступова перасталі быць часткай адкрытага ландшафту. Іх выпрамлялі, засыпалі, бралі ў трубы, выкарыстоўвалі як трасу для адводу дажджавых вод. Такі лёс напаткаў і Гамяюк.

Гомельскія дыгеры паказалі, як выглядае схаваная рачулка Гамяюк. Фота: https://urban3p.ru

Мільчанка: рака, якая стала канавой

Яшчэ адзін прыклад — Мільчанка, або Мільча. На трохвёрстнай карце Шуберта яна пазначаная як невялікая рака, што ўпадала ў Сож каля вёскі Асаўцы. Яе пойму складалі забалочаныя лугі і хмызнякі. Жыхары Заходняга мікрараёна яшчэ памятаюць час, калі ў раёне сучасных вуліц Балтыйскай і Паўлава цякла плынь шырынёй у некалькі метраў: у ёй лавілі рыбу і купаліся.

У XX стагоддзі раку пачалі выкарыстоўваць для адводу сцёкаў, а яе рэчышча выпрамілі і ператварылі ў меліярацыйную канаву. Гарадская частка Мільчанкі цяпер ідзе ў трубе; на паверхню вада выходзіць толькі за рысай Гомеля, каля аўтарынка “Асаўцы”, а потым праходзіць па меліяраванай пойме Сажа. Гэта не рамантычны ручай, які досыць проста адкрыць для прагулак. Берагі канавы сталі асяродкам для інвазійных відаў раслін: тут сустракаюцца канадскі залатарнік, ясенелісты клён, жалезістая недатыка, дзяўчын вінаград і іншыя расліны, што выцясняюць мясцовую флору. Таму любы праект рэвіталізацыі Мільчанкі мусіў бы пачынацца з аналізу вады і грунтоў, а таксама з праграмы барацьбы з інвазіямі.

Адкрытая частка Мільчанкі. Фота: https://geoecograph.blogspot.com

Але менавіта Мільчанка паказвае, што ў Гомелі яшчэ засталіся месцы, дзе былы водны паток можна не столькі “аднавіць у гістарычным выглядзе”, колькі пераасэнсаваць: стварыць ачышчальны водна-балотны ўчастак, натуральныя берагі, дажджавыя сады і пешы маршрут. Гэта адначасова палепшыла б якасць вады, зменшыла рызыку падтапленняў і вярнула б гораду частку страчанага ландшафту.

Не “адкапаць раку”, а вярнуць ваду гораду

Для Гомеля разумны праект рэвіталізацыі мог бы пачынацца з трох рэчаў.

Па-першае, патрэбны адкрыты атлас: старыя планы, архіўныя здымкі, успаміны жыхароў, рэльеф, выпускі ліўневай каналізацыі, крыніцы, забалочаныя ўчасткі. Толькі пасля гэтага можна казаць, дзе сапраўды праходзілі ручаі, а дзе маем справу з пазнейшай каналізацыяй.

Па-другое, неабходнае незалежнае гідралагічнае і экалагічнае абследаванне. Ваду з невядомага калектара нельга проста вывесці ў парк: трэба праверыць яе якасць, сезонны расход, сувязь з ліўневай сеткай, рызыку падтапленняў і стан труб. Рэвіталізацыя не можа стаць іншай назвай для адкрытага скіду бруднай вады.

Па-трэцяе, патрэбны невялікі пілот. Не ў гістарычным цэнтры, дзе любая перабудова складаная і дарагая, а на ўчастку з адкрытай зялёнай прасторай: у парку, ля нізіны, на тэрыторыі, якая і цяпер патрабуе адводу ліўневай вады. Гэта можа быць не рака ў класічным разуменні, а адкрыты канал з натуральнымі берагамі, невялікі вадаём або сезонны ручай.

Пакуль што Гамяюк і Мільчанка існуюць у рознай меры — у гісторыі, назвах, калектарах, рэльефе і памяці гомельцаў. Але ў горадзе, дзе ўсё часцей даводзіцца выбіраць паміж летняй спёкай і ліўнямі, гэта ўжо не толькі краязнаўчая экзотыка. Калі Гомель калі-небудзь захоча вярнуць сабе частку згубленай вады, яму спатрэбіцца не міф пра падземную раку, а цярплівы досвед такіх гарадоў, як Лодзь: даследаваць, ачысціць, адкрыць невялікі ўчастак — і даць вадзе зноў стаць часткай гарадскога жыцця.

Штодзень

Слайдар пастоў