HomelDays_Logo_Main-mobil

Новы кіраўнік Гомеля пачаў з “жорсткага адлову” сабак замест вырашэння праблемы

Новы кіраўнік Гомеля Руслан Пархамовіч пачаў сваю працу з ужо знаёмых для гараджанаў метадаў: узмацнення адлову бадзяжных жывёл. Пасля чарговага нападу сабакі на дзіця ўлады абвясцілі пра “жорсткія меры”, стварэнне мабільных брыгад і запуск “гарачай лініі” для паведамленняў пра зграі. Жыхароў заклікаюць не карміць безнаглядных жывёл і паведамляць пра месцы іх знаходжання. Пры гэтым у другім па велічыні горадзе Беларусі па-ранейшаму няма ні дзяржаўнага прытулку, ні паўнавартаснай праграмы стэрылізацыі.

Фактычна новы прызначэнец працягвае палітыку свайго папярэдніка Уладзіміра Прывалава  — змаганне з наступствамі замест вырашэння прычын праблемы. Яшчэ ў лютым і траўні “Штодзень” пісаў пра тое, што ўлады робяць стаўку выключна на адлоў, які ў беларускіх умовах часта заканчваецца знішчэннем жывёл. Пры гэтым праблему масавага выкідвання хатніх жывёл і адсутнасці сістэмнай дзяржаўнай праграмы ніхто не вырашае.

У сацсетках гамяльчане ўсё часцей звяртаюць увагу менавіта на гэта. Людзі пытаюцца, чаму ўлады не гавораць пра стэрылізацыю, прытулкі, рэгістрацыю і кантроль за гаспадарамі жывёл. На думку многіх каментатараў, зграі на вуліцах — не прыродная з’ява, а вынік чалавечай безадказнасці і шматгадовага ігнаравання праблемы дзяржавай.

На гэтым фоне паказальна выглядае рыторыка чыноўнікаў. Улады заклікаюць грамадзян праяўляць “свядомасць” і паведамляць пра сабак, але самі не прапануюць цывілізаванай мадэлі вырашэння сітуацыі, якая даўно працуе ў еўрапейскіх краінах. Замест сістэмнага падыходу — чарговае “ўзмацненне адлову”. Замест прытулкаў — рэйды і забароны.

Штодзень

Чытаць па тэме:
Бадзяжныя сабакі ў Гомелі
Замест прытулкаў  –  адлоў

Слайдар пастоў