Кадры з мошкамі з’явіліся ў сацсетках, каментатары пацвярджаюць: “Мошкі — гэта жах, на прыпынку немагчыма і двух хвілінаў прастаяць”.

У гэтым годзе абяцалі нашэсце мошак з 10 траўня, і не падманулі. Плануецца, што пік прыйдзецца на два тыдні месяца. Кажуць, што ўкусы мошак моцна чэшуцца, могуць выклікаць алергію.
“Добры дзень! Учора яшчэ не было, а сёння з’явіліся! Паўднёвы бераг ракі Прыпяць! Тураў! Каму трэба — можам падказаць мяшкоў так пяць або сем!” — прапануе А.К.
“Я ўжо ўчора паела мошак. Штук дзесяць за гадзінную паездку на ровары”, — дадае Л.З.
У сваю чаргу ўлады раяць насіць закрытае адзенне, карыстацца сродкамі ад насякомых, не хадзіць да вады, а на вокны павесіць сеткі. Калі ўсё ж укусілі, памыць месца з мылам, прыкласці лёд, калі моцны ацёк, карыстацца антыгістамінавымі мазямі і стэроіднымі крэмамі, калі моцна зудзіць. Ну і не часацца.