HomelDays_Logo_Main-mobil

Жыхар Гомеля распавёў пра ДТЗ з удзелам раварыста на Кіеўскім спуску, у каментарах гарачая дыскусія пра забароны

Што рабіць з раварыстамі ў парку Луначарскага і асабліва на крутымі Кіеўскім скверы – дыскусія пра гэта разгарнулася ў каментарах пад відэа, дзе жыхар Гомеля паведамляе пра ДТЗ з удзелам раварыста там.

“Хлопец ехаў на вялізнай хуткасці на ровары і ўрэзаўся прама дзяўчынцы ў спіну, – кажа відавочца падзеяў. – Тая ўпала, не ведаю, пераламалася ці не. Але факт у тым, што хлопец на поўным хаду зарадзіў ёй у спіну”.

Ён прапануе забараніць уезд на любым транспарце на Кіеўскі сквер і паказаў адначасна забарончыя знакі на ўваходзе і шэраг раварыстаў на пешаходнай дарожцы.

У каментарах разгарнулася гарачая дыскусія. У цэлым аўтара падтрымліваюць. Насамрэч у парку дзейнічае забарона на катанне на роварах і самакатах, пра што ёсць таблічкі. Людзі скардзяцца на сутыкненні з раварыстамі, а таксама тое, што змаганне з імі перакладаюць на плечы гараджанаў: “Прыйшоў адказ: “Пабачыце самакатчыкаў на спуску, звяртайцеся да адміністрацыі парку”.

Спрэчка з тэзісам пра небяспеку раварыстаў спецыфічная ў стылі дзяржаўнай прапаганды: “А міліцыю выклікалі? Дзейнічаць трэба, а не распаўсюджваць і не абмяркоўваць”.

Але была і пазіцыя пра шкоду забаронаў: “Не зусім згодны з табой. Цалкам забараняць рух нельга. Калі гэта распаўсюджанае месца для язды, тады трэба зрабіць як мага шырэйшую паласу (зону) для ўсіх колавых, акрамя дзіцячых калясак, а вузейшую — для пешаходаў. Такім чынам у пешаходаў з’явіцца свая зона бяспекі. І вось калі на яе заедуць колавыя, тады да іх будуць пытанні. І наадварот: калі саб’юць чалавека на велазоне, тады ўжо да яго пытанне, чаго ён перся па велазоне”.

“Зноў адны забароны? А далей за забароны думка ўжо не ідзе? Вядома ж, прасцей забараніць, чым знайсці нейкі крэатыўны спосаб вырашэння гэтай праблемы, абапіраючыся на досвед іншых супольнасцяў”, – прапануе А.А.

Сярод іншых прапановаў: няроўнасць для запавольвання руху, увядзенне іспыту для раварыстаў.

Забароны, якія тым болей не выконваюцца, сапраўды выглядаюць не толькі як самы просты, але і самы лагічны для сённяшніх гомельскіх уладаў выхад з сітуацыі. Сёння ўжо забаранілі паездкі на арэндных самакатах ноччу і амаль ва ўсім цэнтры горада. Пры гэтым ёсць розныя практыкі, якія дапамагаюць рэгуляваць рух так, каб звесці аварыйнасць да мінімуму. Дастаткова толькі прыкласці намаганні.

Штодзень

Чытаць па тэме:
У Гомелі забаранілі самакаты ноччу
У Гомелі велакультура па-ранейшаму застаецца на нізкім узроўні
Чаму ровары — такі папулярны гарадскі транспарт у Берліне?

Слайдар пастоў