Падарожніца Кацярына прыехала ў Гомель з Магілёва і назвала горад савецкім, дадаўшы, “з першага погляду каханне не здарылася”. У каментарах пачалася жорсткая сварка.

Канечне, Кацярыну адправілі назад, адкуль прыехала і шмат разоў (самы цэнзурны каментар — “Бывайце, шчаслівай дарогі”), западозрылі, што яна з Расіі. І ўвогуле “вы і самі не вельмі”, а “Гомель і не павінны нікому падабацца”.
Але самы папулярны каментар даволі пазітыўны, пра плюсы Гомеля і пра любоў да яго: “Гомель — складаны горад. Ягоная прыгажосць мала дзе сканцэнтраваная ў адным месцы, калі не лічыць парку і палаца. Бо яго практычна сцерлі падчас Вялікай Айчыннай вайны 1941–1945 гадоў. І аднаўлялі па крупінках. Таму гістарычныя будынкі раскіданыя па ўсім цэнтры і перамяжоўваюцца з савецкімі і ўжо сучаснымі. Спадзяюся, у вас будзе добры экскурсавод і вы палюбіце Гомель так, як люблю яго я”.
“А мне вельмі спадабаўся Гомель: і горад прыгожы, зялёны, і кветак усюды вельмі шмат, і паркавы ансамбль — гэта нешта, так утульна і ўсё па-новаму. А людзі ❤️ якія добразычлівыя, гасцінныя, усё параяць і нават правядуць. Незабыўныя ўражанні і эмоцыі”, – напісала А.Б.
Каментатары палічылі, што Мінск больш савецкі за Гомель, як і Магілёў. Хоць некаторым Гомель і не падабаецца, і ўвогуле ўвесь усход краіны.
Бонус: што ж усё ж добрага ў Гомелі
Пасля жорсткіх спрэчак пад мінулым допісам, Кацярына амаль папрасіла прабачэння (“горад падаўся савецкім праз вялікую колькасць сталінскай забудовы, а гамяльчане малойцы – патрыёты”), напісала плюсы горада. Іх, паводле яе меркавання шэсць, а на горад трэба выдаткаваць тры дні.
- Набярэжная ракі Сож. Вельмі ўражвае. Вельмі прыгожа і маляўніча.

- Парк. Адзін з самых прыгожых у Беларусі. Тут прыемны ландшафт і дагледжаныя расліны. У парку ёсць сціплы Зімовы сад і аглядная вежа.

- Палац. (Румянцавых і Паскевічаў)

Палац Румянцавых і Паскевічаў у Гомелі, фота: yesbelarus.com/by
- Парк атракцыёнаў, на мой сціплы погляд, найлепшы ў Беларусі. (невідавочная парада, як на наш погляд).
- Класныя, прасунутыя месцы на паесці (таксама цікавая заўвага).
У каментарах яе падтрымалі па парку і атракцыёнах, але некаторыя скардзіліся, што гэта можна пабачыць і за тры гадзіны.
Таму дадаем іншыя парады: азёры ў Навабеліцы, пешаходны і транспартны мост праз Сож, “Бухта капітанаў” — на аматара, як і прагулка ўздоўж грабнога канала, прагулка ад плошчы Леніна да Цырка, сквер каля яго (толькі каля фантана, дадамо, а не каля парка), фантаны, стадыён, музей тэхнікі. З гастраноміі раяць наведаць джэлатэрыю, паспрабаваць італьянскае марозіва, а ўвечары — у “Сожскі Хаб”.