На дне Князь-возера (сёння — возера Чырвонае ў Жыткавіцкім раёне) археолагі выявілі рэшткі мураванай рэзідэнцыі XVIII стагоддзя, якую звязваюць з праектам князя Гераніма Фларыяна Радзівіла. Пра знаходку паведамляе “Наша Ніва”.

Замак Радзівіла на Чырвоным возеры. Калаж: Штодзень
Падчас даследаванняў у 2025 годзе дайверы знайшлі падводнае ўзвышша з драўлянымі канструкцыямі, фрагментамі цэглы і керамікі. Дэндрахраналагічны аналіз пацвердзіў, што драўніна датуецца XVIII стагоддзем.
Гісторыкі мяркуюць, што гэта рэшткі замка “Венецыя”, які Радзівіл загадаў узвесці на возеры разам з флотам. Праект так і не быў завершаны пасля смерці магната ў 1760 годзе.
Чырвонае возера (таксама вядомае як Князь-возера) — буйны вадаём у Палессі, на поўначы Жыткавіцкага раёна Гомельскай вобласці. Гэта трэцяе па плошчы возера ў Беларусі пасля Нарачы і Асвейскага. Сучасная назва замацавалася з 1932 года, раней возера называлі Князь-возерам, а яшчэ раней — Жыд-возерам.
У XV-XVII стагоддзях яно належала князям Алелькавічам-Слуцкім, у другой палове XVII стагоддзя перайшло да Радзівілаў, а пазней — да роду Вітгенштэйнаў.
Штодзень
Чытаць па тэме:
Найбуйнейшае возера Гомельшчыны зарыбляюць белым амурам
Рэзідэнцыя Лукашэнкі паводле “дваранскага гнязда” Кяневічаў