HomelDays_Logo_Main-mobil

Ад “цягнікоў шчасця” да прыёму беларускіх дзяцей у Італіі. Адкуль у італьянцаў жаданне дапамагаць маленькім “чарнобыльцам”

Праграмы па аздараўленні за мяжой дзяцей (якія ад выбуху на Чарнобыльскай АЭС сталі адной з самых уразлівых катэгорый) на Гомельшчыне з’явіліся неўзабаве пасля аднаўлення незалежнасці Беларусі. Малеч адпраўлялі ў Іспанію, Францыю, Англію, Бельгію, але больш за ўсё сямей, ахвотных прыняць на канікулы жыхароў забруджаных радыяцыяй тэрыторый, было ў Германіі і Італіі. І калі актыўнасць нямецкага боку лёгка тлумачылася і высокім узроўнем дабрабыту, і адчуваннем правіны папярэдніх пакаленняў за развязванне вайны, то гасціннасць італьянцаў выклікала здзіўленне. Чаму далёкая (і ўмоўна багатая, калі параўноўваць з Нямеччынаю) краіна апынулася на першым месцы па колькасці прынятых беларускіх дзетак?

Пасля трохдзённага пераезда з Гомеля ў Нові Лігуре. 1994 год. Фота: www.ilmoscone.it

 

Цягнікі шчасця

Магчыма, адказ можна знайсці ў гісторыі самой Італіі. Бо быў момант, калі дапамогі востра патрабавалі дзеці саміх італьянцаў, і практыка часовай перадачы непаўналетніх у іншыя сем’і тутэйшаму насельніцтву добра знаёмая.

Гістарычна Поўдзень Італіі меў горш развітую гаспадарку, чым Поўнач. Гэта стала відавочным пасля аб’яднання княстваў і рэспублік апенінскай паўвыспы ў адзіную краіну ў сярэдзіне ХІХ ст., але да Другой сусветнай вайны падцягнуць гаспадарку Апуліі ці Кампаніі да ўзроўню Ламбардыі ці Лігурыі не атрымалася. Пасля ваеннага ліхалецця шмат сямей на поўдні Італіі апынуліся за мяжой галечы і былі не ў стане ўтрымоўваць сям’ю (традыцыйна шматдзетную). Бюджэт аслабленай вайной дзяржавы абцяжарвалі выдаткі да аднаўленне дарог і гарадоў, магчымасці сацыяльных выплат на ўтрыманне дзяцей наўпрост не існавала. Каб уратаваць маленькіх італьянцаў, іх пачалі адпраўляць у лепей забяспечаныя сем’і на поўначы краіны. Так паўстала ініцыятыва Treni della felicità (Цягнікі шчасця).

Фота: Вікіпедыя

 

У адрозненне ад маленькіх жыхароў Гомеля, якія адпраўляліся ў Еўропу выключна на вакацыі, італьянскія дзеці пераязджалі да “новай сям’і” на куды больш працяглы перыяд Планавалася, што як толькі эканамічны стан бацькоў палепшае, дзеці вернуцца. У некаторых выпадках на гэта патрэбна было 4–6 месяцаў, часам – некалькі год, асобныя ж дзеці заставаліся ў новых сем’ях назаўсёды.

Усяго Цягнікі шчасця перавезлі каля 70 000 дзетак. У адным толькі 1946 годзе 12 000 маленькіх неапалітанцаў адправіліся ў першую ў жыцці вандроўку. Бацькі маглі сумнявацца, ці пабачаць яшчэ калі-небудзь сваіх нашчадкаў, але разумелі, што гэта адзіная магчымасць палепшыць іх лёс. Ахвотных было столькі, што арганізатарам (Камуністычнай партыі Італіі і Саюзу жанчын) даводзілася дэталёва вывучаць жыццёвую сітуацыю кожнай сям’і, каб адабраць самых абяздоленых.

Розніца дабрабытаў

Шкада, што ніхто пакуль не напісаў кнігу паводле ўспамінаў “Дзяцей Чарнобыля”. Але падобна, што іх уражанні ад пабачанага ў замежжы былі б сугучныя думкам маленькіх італьянцаў.

 

Фота: rivoluzioni.modena900.it

 

Дэфіцыту, як у паваеннае Італіі, у гомельскіх крамах 1990-х, канешне, ужо не было. Але і з’яўлення паўнавартасных гіпермаркетаў, дзе смачную шынку ці сыр нарэжуць танюткімі лустачкамі, трэба было яшчэ пачакаць. У постчарнобыльскіх вандроўках дзеткі даведаліся, які смак у піцы, адчулі, як камфортна жыць ва ўласным пакоі прыватнага дома, а не ў цесным пакойчыку хрушчоўкі. У дзіцячым лексіконе не было тэрмінаў “камунізм” і “капіталізм”, але падсвядомасць адразу фіксавала розніцу ўзроўняў дабрабыту і іншы лад арганізацыі жыцця.

 

 

Адчувалі падобную розніцу і малечы з поўдня Італіі. Гульня “Лічы боты ў мінакоў на вуліцы” (напрыклад, цэлы бот +1 бал, падраны бот -1 бал, босыя ногі 0 балаў) на Поўначы была немагчымай, бо ўсе былі добра абутыя. У тым ліку і самі “вандроўнікі”, бо перад падарожжам арганізатары аплачвалі паход да цырульніка, новыя нагавіцы ці спадніцу, кашулю, плашч і запаведную мару галечы – новы абутак. Гэта рабілася, каб дзеткі годна рэпрэзентавалі вобраз асобы з поўдня, бо “Няма Поўдня і Поўначы, ёсць непадзельная Італія”.

 

Бяры ўсё, што будуць прапаноўваць

Пра тое, каб малыя беларусы годна рэпрэзентавалі краіну, ніхто, на жаль, не паклапаціўся. Шмат сем’яў, стомленых ад бядоты і дэфіцыту савецкага бязладдзя, ставілася да чарнобыльскай праграмы як да дармовага шопінгу. “Бяры ўсё, што будуць прапаноўваць, і цягні дахаты. Дома разбяромся” – павучала старэйшае пакаленне. Загад старанна выконваўся. Часам малечы цягнулі дахаты валізы такога памеру (часцей за ўсё з ужыванай вопраткай, якая часам магла нікому з сям’і не падысці па памеры і выкідалася), што чаўнакі на гомельскім рынку ашалелі б ад зайздрасці.

Фота: Archivio fotografico digitale dell’UDI centrale

Дарослае насельніцтва па-рознаму ставілася да практыкі Цягнікоў шчасця. Каталіцкія арганізацыі, якія доўгі час былі манапалістамі па аказанню сацыяльнай дапамогі, варожа пазіралі на куды больш паспяховых “канкурэнтаў”. І ад безвыходнасці распускалі плёткі, маўляў камуністы вывозяць дзяцей у Сібір ці абрабуюць ім пальцы (варта адзначыць, што камуністычная партыя ў Італіі моцна адрознівалася ад савецкіх калег і не запляміла сябе крывавым тэрорам і рэпрэсіямі).

Гомельскія дзеці ў Італіі. 1996 год. фота: www.pressenza.com

Каму прыйшліся не да спадобы чарнобыльскія дзіцячыя праграмы

І ў Беларусі знайшліся тыя, каму чарнобыльскія дзіцячыя праграмы прыйшліся не да спадобы. Пакаленне бабуль і дзядуль, чыё дзяцінства прыпала на Другую сусветную вайну, панічна баялася вывазу дзетак у Германію, бо скаштаваць турызму не давялося, а фашысцкія цягнікі з остарбайтэрамі засталіся ў памяці на ўсё жыццё. Страх улады, якая ў 2008 істотна абмежавала магчымасці візітаў беларускіх дзетак ў замежныя сем’і, так сама можна зразумець: таго, хто бачыў, як жывуць на Захадзе, цяжэй змусіць паверыць у “галадаючую Еўропу”.

Шчаслівы перыяд

Падарожжа Цягнікамі шчасця не было лёгкім, і не толькі ад разлукі з роднымі. Знаёмая малым беларусам праблема моўнага бар’ера ў “новых сем’ях”, на дзіва, не абмінула і італьянцаў. Бо на Поўдні традыцыйна размаўлялі на дыялектах, якія істотна адрозніваюцца ад літаратурнай італьянскай мовы. На шкаляроў сыпаліся кпіны кшталту “Вясковы невук, які трасяніць і не можа размаўляць як належыць”.

Але з якімі б цяжкасцямі не сутыкаліся ў новым месцы дзеці з Поўдня, ва ўспамінах яны часцей за ўсё згадваюць тыя часы як вельмі шчаслівы перыяд. Цягнікі шчасця навучылі італьянцаў не быць пасіўнымі там, дзе дзяржава не дае рады, а самаарганізацыя і валанцёрства здольныя вырашыць праблему. Мабыць рэха цяжкага перыяду ўласнай гісторыі і натхніла шматлікія італьянскія сем’і не заставацца абыякавымі да Чарнобыльскай трагедыі. Добра было б, каб і беларусы не забыліся на гэтую частку сваёй гісторыі.

Штодзень

Чытайце таксама

Санкцыі і страты сусветных рынкаў: жлобінскі прамысловы гігант БМЗ святкуе 40-годдзе

Як Чарнобыль змяніў жыццё гомельцаў: ад замоўчвання да змагання за праўду

Што яднае лідара гурта U2 і Гомель? Слова, якое для кожнага жыхара Гомельшчыны асацыюецца са смуткам і трагедыяй, – Чарнобыль.

Слайдар пастоў