Навіны горада

Краіне тэрмінова патрабуецца дыктатар

Для нас дэмакратыя вымяраецца адлегласцю, якую можа прайсці беларус без прад'яўлення пасведчання асобы, і колькасцю вызваленых  з-за кратаў сяброў.

“Краіне тэрмінова патрабуецца дыктатар” – на такую абвестку аб вакансіі адгукнуліся б самыя амаральныя людзі – псіхапаты, садысты, скнары і самазакаханыя нарцысы з фантазіямі аб славе і бязмернай уладзе.

Помнік Ул. Леніну ў в. Васілевічы Гомельскай вобласці

Дыктатарскія рэжымы асацыююцца з рэпрэсіямі, тэрорам, парушэннямі правоў чалавека, беднасцю простага насельніцтва і ўзбагачэннем набліжанай да дыктатара хеўры, на якой ён і трымаецца. Гэта, здавалася б, неабвержна даказвае, што спыненне дыктатуры як сістэмы палітычнага праўлення – добрая і годная мэта. Але ці дасягальная яна?

У грамадстве, дзе застылае і нежывое слова “стабільнасць” важней за “свабода” – не.

Кожны дзень стабільна хадзіць на працу і стабільна атрымліваць свае тры капейкі на “чарку і шкварку”, стабільна глядзець па вечарах тэлевізар, слухаць пра мірнае неба, цвярозых калгаснікаў і намалочаныя тоны збожжа…

Такія людзі вартыя пратэставаць толькі ў выпадку, калі  ў краме скончыцца стабільнае штодзённае піва і хлеб. Не, яны не будуць пратэставаць супраць сістэмы ўлады, яны абяруць сабе новага дыктатара, які паабяцае пяць капеек замест трох, і будзе далей  вяшчаць з экранаў, як правільна жыць і што правільна думаць. Свабоды ім не патрэбныя – яны не ведаюць, што з імі рабіць.

У такім грамадстве дыктатуры пачуваюцца камфортна, і таму квітнеюць.

Ніякія ідэалогіі, перакананні і праграмы не азначаюць роўным лікам нічога ў культуры, дзе аб’ектам шанавання і павагі з’яўляюцца пост чыноўніка і ўладныя паўнамоцтвы.

Напомню, што пры дэмакратыі  грамадства падзелена на рухомыя групы, якія завуцца меншасцю і большасцю. Як самі гэтыя пазіцыі, так і стаўленне да іх грамадзянаў могуць мяняцца, і гэты працэс задае дэмакратычную змену ўлады. Магчымасць такой змены прымушае кожную з груп з павагай ставіцца да іншай.

А вось у краінах з нязменным культам асобы нязгода з уладай успрымаецца як злачынства. Хочаш свабоды слова – значыць, ты вораг краіны і працуеш на гаспадароў з-за мяжы. Дысідэнты ўспрымаюцца грамадствам як тыя, хто не прымаюць рэжым і “нармальнае жыццё” ды перашкаджаюць сваёй краіне “ўздымацца з каленяў”. Так фарміруецца непераадольнае стаўленне да патэнцыйнай апазіцыі як да групы незадаволеных  і  не вартых дыялогу.

Праблему не вырашыць ні развіццём адукацыі, ні выхаваннем прадпрымальніцкіх навыкаў, ні прасоўваннем грамадзянскіх каштоўнасцяў: тыя, хто іх набывае, імкліва пакідаюць краіну, толькі павышаючы сярод пакінутых долю людзей, якія чакаюць міласці ад дзяржавы. У тых, хто просіць міласціну, няма і не можа існаваць падставы патрабаваць для сябе правоў вызначаць галасаваннем паводзіны тых, хто яе раздае.

За апошнія гады большасць беларусаў выйшла з соннага стану і зразумела, што “хлеб і відовішчы” – гэта не самае галоўнае для шчаслівага жыцця на сваёй зямлі.

Непазбежны працэс прасвятлення запушчаны, і для нас ён значна прасцей, чым, скажам, для тых жа расейцаў, якія ніяк не могуць развітацца з гераізацыяй А. Неўскага, І. Грознага, Пятра І, Мікалая ІІ, Сталіна, Пуціна…

Спрадвеку мы былі цывілізаваным еўрапейскім народам, і тыя рамкі, у якія нас загнала СССР і яе выдуманая гісторыя пра “малодшых братоў”, разбураюцца.

Для нас дэмакратыя вымяраецца адлегласцю, якую можа прайсці беларус без прад’яўлення пасведчання асобы, і колькасцю вызваленых  з-за кратаў сяброў.

Ідзем далей!

Штодзень

Мар’яна Ліс