Ірына Назаранка стала новым рэктарам. Фармальная працэдура – новая рэктар даўно працавала ў вну – знаёмства прайшло з удзелам профільнага міністра, рэгіянальных уладаў, сабралі выкладчыкаў і студэнтаў.
“Нястрачаны чалавек”
Прызначэнне новага рэктара трохі загадкавае: Ігар Стома, які раней узначальваў вну, не менш лаяльны за новапрызначаную Назаранку.
Стома – вучоны і практыкуючы ўрач-інфекцыяніст кіраваў медуніверсітэтам з верасня 2020-га, яго прызначылі на хвалі змагання з пратэстамі пасля прэзідэнцкіх выбараў. Пазней рэктара прызначалі гамяльчанінам года – 2023 у намінацыі «Адкрыццё года».
Фота: Ігар Стома, старонка Гомельскага медуніверсітэта
Ад пасады Стома вызвалены па пагадненні бакоў, і будучыня ягоная яшчэ не вызначаная. Яго знялі без новага прызначэння, хаця цяпер разважаюць пра Акадэмію навук. Аляксандр Лукашэнка, які зацвердзіў новага рэктара і зняў старога, выказаўся пра Стому неадназначна: “Стома-чалавек не страчаны. Малады, перспектыўны. Калі ў яго ёсць нейкія недахопы, не думаю, што нейкія катастрафічныя”.
Сам Стома на прадстаўленні Назаранкі парадваўся, што да ягонага лёсу з увагай ставіцца сам Лукашэнка: “Не падвядзем наш урад!” Раней ён хваліў “антыкавідную” стратэгію Лукашэнкі, прымушаў студэнтаў удзельнічаць у дзяржаўных патрыятычных акцыях, у 2023 пашыхтаваў іх у форме “зоркі перамогі”.
“Рыхтаваць патрыётаў нашай краіны”
Не меншая лаялістка і новапрызначаны рэктар. Назаранка закончыла Гомельскі медуніверсітэт і працавала там дэканам. Пры зацвярджэнні яе на пасаду Лукашэнка запатрабаваў не паўтараць памылкі, якія дапускалі ў вну.
Фота: Ірына Назаранка, БелТА
“Сваёй задачай бачу ствараць умовы, каб актыўна развіваўся прафесарска-выкладчыцкі склад, каб студэнты сябе актыўна праяўлялі і раскрывалі свой патэнцыял… Памнажаць патэнцыял нашых студэнтаў, развіваць навуковую сферу і рыхтаваць самых высокакласных спецыялістаў і патрыётаў нашай краіны”, – заявіла рэгіянальнаму дзяржТБ Ірына Назаранка.
ДзяржСМІ падкрэсліла, што новым рэктарам вну стала жанчына, таму невыключана, што прызначэнне банальна прымеркавана да новаабвешчанага года жанчыны.