Навіны горада

Жыхарам Гомельшчыны падрыхтавацца: на тэрыторыі вобласці можа паўстаць ядзерны магільнік

На тэрыторыі Гомельшчыны можа з’явіцца “ядзерны магільнік” для захоўвання радыяцыйных адкідаў з БелАЭС. У якасці пляцоўкі для магільніка могуць абраць тэрыторыі, забруджаныя радыяцыяй пасля катастрофы на ЧАЭС

На сайце Нацыянальнага прававога парталу апублікаваная Пастанова прэм’ер-міністра Р. Галоўчанкі “Аб стварэнні дзяржаўнай камісіі па выбары прыярытэтнай пляцоўкі для пабудовы пункта захоўвання радыяцыйных адкідаў”. Згодна зместу дакумента, дадзеная Камісія пачынае працу ў момант яе ўхвалення, а ўжо ў 10-дзённы тэрмін Камісія павінна прадставіць у Савет Міністраў прапановы адносна месца, дзе будуць захоўвацца радыяцыйныя адкіды.


Жыхароў Гомельшчыны ў дадзеным выпадку цікавіць дакладная лакацыя пункта захоўвання радыеактыўных адкідаў, які з вялікай доляй верагоднасці будзе створаны на тэрыторыі вобласці.

Святло на гэтае пытанне пралівае ўхваленая яшчэ 15 лютага 2023 года Пастанова № 128 Савета Міністраў  “Аб стратэгіі абыходжання з радыяцыйнымі адкідамі”. У тэксце Стратэгіі, сярод іншага, разглядаюцца некалькі тэрыторый: “Скальныя пароды ўкраінскага крышталічнага шчыта, магутныя тоўшчы глін і солі ў раёне Мазырскага сховішча газу і інш… У першую чаргу разгляду падлягаюць рэгіёны размяшчэння арганізацый-перапрацоўшчыкаў радыеактыўных адходаў, тэрыторыі, якія падвергліся радыеактыўнаму забруджванню ў выніку катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, у тым ліку тэрыторыю радыяцыйнага запаведніка.”

Цытата з дакумента “Стратэгія абыходжання з радыяцыйнымі адкідамі”

 

Адсюль вынікае, што непрыемнае суседства з ядзерным магільнікам можа чакаць жыхароў Мазыршчыны, Рэчыцкага раёну альбо некалькіх раёнаў, на тэрыторыі якіх знаходзіцца Палескі дзяржаўны радыяцыйна-экалагічны запаведнік.

Штодзень