У Гомелі адбыліся кадравыя змены ў сферы культуры. Новай дырэктаркай заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь — Гомельскага абласнога драматычнага тэатра — прызначана Алена Шошына, якая дагэтуль узначальвала гарадскі Маладзёжны тэатр.

Алена Шошына. Фота: ГП
Як распавялі “Штодню” некалькі чалавек, знаёмых з сітуацыяй у Маладзёжным тэатры, дзейнасць Шошынай на папярэдняй пасадзе суправаджалася шэрагам праблем. Паводле крыніц, у тэатры назапасіліся даўгі, якія ледзь не прывялі да адключэння электрычнасці. Акрамя таго, адна з супрацоўніц тэатра падавала ў суд з-за, як сцвярджаецца, незаконнага звальнення або непрацягнення кантракту. Суд быў тэатрам прайграны, хаця кіраўніца наймала адвакатаў за кошт установы.Паводле словаў суразмоўцаў, пасля гэтага Шошына тлумачыла адсутнасць прэмій для калектыву неабходнасцю аплаты адвакатаў. У Маладзёжным тэатры таксама адзначалі вельмі нізкі ўзровень заробкаў.
Цяпер у Гомельскім драмтэатры спадзяюцца, што фінансавыя праблемы і “творчы сюр”, пра які гавораць былыя падначаленыя Шошынай, не паўторацца ўжо на большай сцэне.