Былы палітвязень Ігар Лосік згадвае ў сваіх сацсетках, як вязні і супрацоўнікі гомельскага СІЗА адрэагавалі на пачатак поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны.
Адзін з сімвалаў Чарнігава — гатэль “Украіна” пасля трапляння расейскай ракетай
Ігар Лосік:
“Сёння — чатыры гады з пачатку вайны ва Украіне. У гэты дзень я знаходзіўся ў гомельскім СІЗА, чакаў апеляцыі. Яшчэ з пачатку года хадзіла шмат размоваў, што Расія можа напасці на Украіну, але ніхто ў нас у гэта не верыў — усе думалі, што Пуцін не настолькі вар’ят.
Тым ранкам адзін мой сукамернік пайшоў на спатканне з маці. Праз дзве гадзіны вяртаецца і крычыць: «КІЕЎ БАМБІЛІ!». Мы адразу не паверылі — падумалі, што маці нешта пераблытала, бо яна ўжо была сталага веку. Але потым проста над Гомелем пачалі лётаць грузавыя самалёты і верталёты. У небе стаяў пастаянны гул, і мы зразумелі: адбываецца нешта сапраўды незвычайнае.
Мы прыслухаліся да радыё (гучала нейкая гомельская радыёстанцыя), і вядоўца пачала гаварыць пра важнасць міру, пасля чаго паставіла песню Noize MC. А далей навіны з радыё пасыпаліся, як з рога багацця.
За паўгода з пачатку вайны ў камеры мне трапіўся толькі адзін чалавек, які адкрыта падтрымліваў Расію. Усе астатнія — падтрымлівалі Украіну. А гэта былі людзі з Гомеля, Рэчыцы, Мазыра, Кармы, Веткі і іншых месцаў. Таму ў такой кампаніі сядзелася псіхалагічна вельмі камфортна.
Наша камера знаходзілася проста насупраць капцёркі канваіраў, і пасля адбою было чуваць, як яны абмяркоўваюць вайну і апошнія навіны. У першы тыдзень адтуль гучалі ўра-патрыятычныя лозунгі: «Кіеў наш, Адэса наша». Але ўжо праз тыдзень прыйшло разуменне, што за тры дні Кіеў яны не возьмуць, і што тэлевізар паказвае зусім не тое, што адбываецца на самой справе. Асабліва ў тыя дні, калі долар падскочыў да пяці рублёў.
Найбольш цікава было, калі ў камеру пачалі прыводзіць новых людзей — ужо пасля пачатку вайны. Асабліва з Хойнікаў або Брагіна. Яны распавядалі, як паводзілі сябе расійскія салдаты на тэрыторыі Беларусі, як вывозілі ўсё накрадзенае з Украіны і прадавалі тут за бясцэнак. Як з беларускай тэрыторыі абстрэльвалі Украіну, як назад везлі параненых і забітых.
У той жа час Лукашэнка па радыё ўсё адмаўляў — нават сам факт таго, што з тэрыторыі Беларусі войскі заходзілі ва Украіну. Пазней ён усё ж такі прызнаўся. Я нават выразаў яго цытату з «Советской Беларуси» пра тое, што ён нібыта загадаў яшчэ перад пачаткам вайны «прэвентыўна ўдарыць» па Украіне па нейкіх міфічных «Точках-У», уклеіў яе ў сшытак. Але падчас вобшуку нейкі рэжымнік Нестерэнка чамусьці яе вырваў і выкінуў. Як у нас кажуць, «праўда вочы коле».
А потым пайшлі новыя хвалі затрыманых — тых беларусаў, якія не спалохаліся і выступілі супраць вайны, пачалі партызаніць, падтрымлівалі Украіну словам і справай. Іх цяпер вельмі шмат у беларускіх турмах — тых, хто трапіў за краты за словы «не вайне». Бо быць супраць вайны сёння ў Беларусі — гэта экстрэмізм…”