Чаму Гомель не справіўся са снегападамі

У гэтым годзе зіма прынесла Гомелю не толькі снег, але і шквал скаргаў на несвоечасовую яго прыборку. Пра маштаб праблемы сведчыць тое, што нават дзяржаўныя СМІ і санітарыя службы былі вымушаны прызнаць неэфектыўнасць мерапрыемстваў па ліквідацыі наступстваў снегападу.

Паводле дадзеных Гомельскага гарадскога ЦГЭ, з правераных у перыяд з 28 студзеня па 3 лютага 2026 года 314 гарадскіх тэрыторый належным чынам ад снегу былі ачышчана толькі 112 (каля 36%). Да 202 тэрыторыях былі заўвагі: несвоечасовая праборка снегу і адсутнасць мер супраць галалёду.

А дзе тэхніка?

Першым чыннікам таго, што Гомель праваліў чарговы ўрбаністычны іспыт, безумоўна, з’яўляецца недастатковая колькасць снегаўборачнай тэхнікі. Пры вострым недахопе сродкаў у кожнай фінансаванай з бюджэту галіне прыярытэт аддаецца праблемам, якія захоўваюцца на працягу ўсяго года. А снег, асабліва ў апошнія дзесяцігоддзі, з’ява эпізадычная.

Гэтай зімой Гомель “ратавалі” калі 70 адзінак адмысловай тэхнікі (прыблізна 14,5 адзінак на 100 000 насельніцтва). Для параўнання ў польскай Лодзі выкарыстоўваецца каля 180 адзінак (каля 28 адзінак на 100 000 насельніцтва).

Пры гэтым зімы ў Гомелі халаднейшыя ў сярэднім на 1,2-2 градусы, і снегу, адпаведна, выпадае больш.

Не меншае значэнне мае і арганізацыя працы наяўнай тэхнікі. У той жа Лодзі ўборка снегу транспартам – выключна камерцыйная справа. Па восені праводзіцца тэндар. Выбіраюцца лепшыя прэтэндэнты. Аплата – адпаведна колькасці ачышчаных квадратных кіламетраў паверхні. У такіх умовах выканаўца зацікаўлены прабраць максімум тэрыторыі за мінімум часу, і зрабіць гэта якасна, каб мець магчымасць удзельнічаць у тэндары наступнага года. У Беларусі ж, дзе ад якасці і хуткасці прыборкі снегу фінансавы дабрабыт камунальных службаў не залежыць, нішто не стымулюе павышэння эфектыўнасці працы.

Марафон па пераадоленні снежных і ледзяных перашкод.

Прымушае задумацца і наступны паказчык: у зіму 2024/2025 гадоў сярод пераможцаў тэндара ў Лодзі толькі 5 фірм адказвалі за магістралі, і 16 (утрая больш!) – за іншыя тэрыторыі. Калі з аўтастрадамі гомельскія камунальнікі больш менш давалі рады, то з тратуарамі, за выключэннем хіба што самых цэнтральных вуліц, было горш, а сцежкі ў дварах шматпавярховікаў і ўвогуле маглі застацца “некранутымі”. Гэта часцей за ўсё і стварала падставу для скарг жыхароў. Бо шлях ад пад’езда да шырокай вуліцы ці прыпынку грамадскага транспарту пераўтвараўся ў марафон па пераадоленні снежных і ледзяных перашкод.

І гэта ўжо не эпізадычная праблема прыборкі снегу, а хранічны ўрбаністычны боль. Гарадская прастора павінна фармавацца з улікам патрэб усіх катэгорый насельніцтва. У Гомелі ж відавочны прыярытэт аддаецца аўтамабілістам. Таму снег на ходніках – гэта зімовы “брат” вырубкі зялёных насаджэнняў, пашырэння дарог, ліквідацыі пешаходных пераходаў і г.д.

Аб наяўнасці тэхнікі для прыборкі снегу ў дварах гомельцы пакуль могуць толькі марыць. Ці можа ў такім выпадку вырашыць праблему дуэт чалавека і лапаты? Як паказвае практыка іншых гарадоў, можа. Так, у Беластоку, пакуль тэхніка чысціць галоўныя вуліцы, дворнікі ўручную прыбіраюць снег у дварах і раскідваюць пясок. Пачынаюць недзе ад 4-й раніцы, каб паспець да часу масавага выхаду жыльцоў на працу. Сцежкі пасыпаюць пяском вельмі старанна. І не толькі таму, што гэта прапісана ў інструкцыі – пры траўматызме ад падзення на лёдзе адказнаму працаўніку давядзецца плаціць штраф.

Чаму ў Гомелі дворнікі не прыбіраюць снег у дварах?

Аднесці гэта на востры дэфіцыт кадраў не атрымаецца: з 56 вакансій дворнікаў у нашым горадзе на praca.by няма ніводнай ад камунальных прадпрыемстваў. Персанал есць, але падчас снегападаў яго хутчэй скіруюць на шырокія дарогі (туды, дзе павінна была б працаваць больш эфектыўная тэхніка, а не чалавек), а не на сцежкі ля пад’ездаў. І гэта ўжо не толькі фінансавая, але і ментальная праблема.

Вырашыць праблему неачышчаных двароў можна было б сіламі саміх жыхароў. Але насельніцтва, з аднаго боку, мае завышаныя патэрналісцкія чаканні (бо дзесяцігоддзямі нам укладалі ў галаву наратывы тыпу “Не рабі нічога, за цябе ўсё зрабіць дзяржава, проста слухай нас”. З іншага боку, акцыі бясплатнай прымусова-паказной працы кшталтам “Чыстага чацвярга” забілі ў гомельцах прагу да нейкага валанцёртва. Выключэнне складаюць сцежкі ўздоўж прыватных дамоў (то-бок тыя, якімі акрамя мясцовых жыхароў няшмат хто карыстаецца) у раёнах з малапавяховай забудовай. Паколькі такая тэрыторыя не замацавана за камунальнікамі, тутэйшыя разумеюць: няма іншага выйсця, як брацца за лапату. Як вынік – менавіта прыватны сектар нярэдка становіцца самым камфортным для перамяшчэнняў падчас снегападаў.

А таму адзіным комплексным рашэннем агульнагарадской праблемы праборкі снегу ў Гомелі застаецца вясна і плюсавая тэмпература: бясплатна, высокаэфектыўна. Трэба толькі трохі пачакаць.

Штодзень
Фота: PRO Гомель

Related posts

У Гомелі ўлады збіраюцца змагацца з “нелегальнымі сцежкамі”

“Сышла эпоха, і дзякуй Богу”: у Піянерскім скверыку ў Гомелі дэмантуюць пластыкавыя “ўпрыгожанні”

Пасля сабак і шыльдаў — петуніі. За што ўзяўся новы кіраўнік Гомеля