Парк “Фестывальны” ў Гомелі мае тое, чаго іншым гарадскім прасторам часта бракуе: 32 гектары зялёнай тэрыторыі, стары лес, вадаёмы, дзіцячая зона, спартыўныя маршруты, мемарыял, добры доступ з Рэчыцкага праспекта. Яго заклалі ў 1968 годзе на частцы былога Назараўскага лесу; парк падзелены на мемарыяльную і спартыўную часткі. Але ўражанне гомельцаў ад парку цяпер зусім не пра тое месца, дзе хочацца затрымацца. У Threads карыстальніца напісала, што парк фактычна пакінулі без догляду: не косяць траву, не высаджваюць кветкі, а з нармальнай ежы і адпачынку — амаль нічога. Яе допіс сабраў больш за дзесяць тысяч праглядаў і шмат каментароў, якія склаліся ў даволі выразную карціну.
Даведка
Назараўскі лес названы так ці ад імя старавера Кузьмы Назаравіча Новікава, ці ад імя мешчаніна П.І. Назарава, такcама старавера, які валодаў гэтай тэрыторыяй да Кузьмы Назаравіча. Пра апошняга згадвалі яшчэ старажылы на старонках “Гомельскай праўды” ў 1990 годзе:
“Назараўскі лес. Найменне гэтае тлумачыцца тым, што тут быў гаспадар, якога звалі Назар. Ён і пасадзіў гэты лес. Справу Назара працягнулі ягоны сын Кузьма Назаравіч, жонка Акуліга Сямёнаўна, тры сыны і дачка апошніх.
І быў у Назараўскім лесе ўзорны парадак, бо сапраўдныя гаспадар ёсць гаспадары.
Мая маці яшчэ дзяўчынкай наведвалася ў госці да сям’і Кузьмы Назаравіча, бо ён быў яе хросным. Быў у іх добры дом, падвал, надворныя пабудовы, трымалі яны конёў і іншых жывёл, мелі вялікі сад. За садам пачынаўся Бясконцы лес, а каля дарогі – сасоннік, які называлі Назараўскім. З прыбытку ад саду сям’я Кузьмы Назаравіча і жыла. У 1929 годзе гаспадароў-работнікаў саслалі на Данбас і “гняздо” іх спустошылася”.
Пра сад, які трэба было абараняць ад ветраў і снежных заносаў пры дапамозе сасновага лесу піша і доктар філалагічных навук Аляксандр Рогалеў:
— Каб зберагчы свае гароды і сад ад заходніх і паўночна-заходніх ветраў і снежных заносаў П.І. Назараў ці ягоныя папярэднікі Назаравы пасадзілі лясную заслону – сасновы гай, вядомую гомельскім старажылам як Назараўскі лес. Лясная пасадка цягнулася ўздоўж цяперашняй вуліцы Рэчыцкая шаша ў раёне Валгаградскай і Сасновай вуліц.
“Парк у жахлівым стане”
“Парк у жахлівым стане, запушчаны, недагледжаны, лаўкі ўжо ўсе аблезлыя”, — піша адна з каментатарак. Іншыя згадваюць смецце каля вадаёмаў, непрывабныя берагі, цемру вакол возера пасля вечара. Жыхарка, якая раней звярталася ў службу 115 з просьбай пачысціць вадаём, атрымала адказ, што ён тэхнічны і чыстка не патрэбная. Само па сабе гэтае тлумачэнне можа быць фармальна слушным. Але для чалавека, які бачыць у сажалцы качак сярод бутэлек і смецця, розніцы паміж “тэхнічным” і “грамадскім” вадаёмам няма: ён знаходзіцца ў парку, а значыць, успрымаецца як частка гарадской прасторы.
У гэтым і галоўная праблема “Фестывальнага”. Яго нібыта падтрымліваюць: дзе-нідзе абнавілі лаўкі, замянілі ліхтары па знешнім контуры, паставілі дзіцячую пляцоўку. Дзяржаўнае тэлебачанне яшчэ вясной паведамляла, што ў парку завяршаецца “маштабнае добраўпарадкаванне”. Але карыстальнік парку ацэньвае не справаздачу і не асобны новы аб’ект. Ён ацэньвае цэласны досвед: ці можна бяспечна прайсціся каля вады ўвечары, сесці на чыстую лаўку, прыйсці з дзіцем, выпіць кавы, скарыстацца прыбіральняй, не абыходзіць смецце і не адчуваць, што цябе тут церпяць, а не чакаюць.
Асобная тэма — сэрвіс для сем’яў
Аўтарка дыскусіі скардзіцца, што ў адзіным “Сіці-кафэ” меню зводзіцца да шаурмы, фры і сасіскі ў лавашы. Іншая карыстальніца сцвярджае, што на дзвярах установы ёсць забарона заходзіць з дзіцячымі вазкамі. Калі гэта сапраўды так, сітуацыя выглядае асабліва абсурдна: кавярня ў парку побач з дзіцячымі забаўкамі адсякае частку сваёй натуральнай аўдыторыі — бацькоў з маленькімі дзецьмі.
Вядома, не кожная няскошаная трава — прыкмета занядбання. У сучасным парку частку газонаў якраз варта пакідаць вышэйшымі: гэта лепш для насякомых, глебы і вады. Але такая практыка патрабуе праектавання і тлумачэння: дзе луг, дзе зона адпачынку, дзе пракошаныя сцежкі, дзе рэгулярны прыбор смецця. Калі нічога не пазначана і не абслугоўваецца, жыхары бачаць не экалагічны падыход, а бур’ян.
“Фестывальны” мог бы стаць адным з найлепшых сямейных паркаў Гомеля: з адкрытым і чыстым вадаёмам, нармальным асвятленнем вакол яго, безбар’ернымі дарожкамі, маленькімі кавярнямі, сезоннымі кіёскамі, публічнай прыбіральняй і прадуманай зонай ціхага адпачынку. Для гэтага не абавязкова класці новую плітку па ўсім лесе ці ладзіць чарговы паказальны “аб’ект добраўпарадкавання”. Спачатку трэба вярнуць базавую рэч — рэгулярны догляд і адказнасць за ўсю тэрыторыю, а не толькі за яе фасад. Пакуль жа самыя трапныя словы пра парк кажуць ягоныя наведнікі: патэнцыял велізарны, але месца паступова прывучае не заставацца ў ім надоўга.