Вялікая ўрбаністычная праблема беларускіх гарадоў

Пасля закрыцця большасці памежных пераходаў з ЕС Брэст стаўся галоўным пасажырскім хабам Беларусі. Пры гэтым частка турыстаў (ды й жыхары Брэста таксама) пакутуе ад урбаністычнай праблемы, якая застаецца нявырашанай шмат дзесяцігоддзяў. Знайшлі прыклад горада, які меў падобную праблему, і паглядзелі, што з гэтым можна рабіць. А заадно параўналі інфраструктуру чыгуначных вакзалаў. Падрабязней – у артыкуле «Штодня».

Чыгуначны вакзал у Брэсце. Фота: Вікіпедыя

Паколькі пераход на мяжы з Цярэспалем можа расцягнуцца на доўгія гадзіны, шмат падарожнікаў з іншых гарадоў вырашае ехаць да Брэста цягніком, каб хаця б першую частку падарожжа правесці больш камфортна, а потым сесці ў аўтобус. Пры гэтым горад, што  з’яўляецца галоўнай заходняй брамай краіны, мае даволі рэдкую (для не-мегаполіса) планіроўку: чыгуначны вакзал аддзелены ад і ад цэнтра горада, і ад аўтавакзала рэйкамі.

Тэарэтычна аўта і чыгуначны вакзалы знаходзяцца  побач. Але перайсці ад аднаго да другога можна толькі па мосце. З вялікай колькасцю прыступак.

Мост над чыгункай у Брэсце. Фота: Віртуальны Брэст

 

Фізічна дужы чалавек без валізак ці дзіцячых вазкоў пераадолее гэты шлях за 5 хвілін і не заўважыць праблемы. Але іншыя катэгорыі насельніцтва вымушаны альбо пакутаваць, альбо выклікаць таксі, каб праехаць некалькі соцень метраў.

Аналагічнае размяшчэнне транспартных вузлоў уласцівае і Беластоку (па колькасці насельніцтва гэтыя гарады знаходзяцца з адной катэгорыі).

Мясцовы чыгуначны вакзал таксама месціцца ў старым будынку, ён невялікі, але гэта добра: тут не заблукаеш нават пры першым наведванні. Чыгуначны вакзал у Брэсце складаецца з некалькіх частак, не аб’яднаных паміж сабой. Блытаніны дадае наяўнасць Варшаўскага і Маскоўскага бакоў вакзала.

Чыгуначны вакзал ў Беластоку. Фота: poranny.pl

 

Па некалькіх пунктах брэсцкі вакзал дасць фору беластоцкаму: рэжым працы 24/7, наяўнасць пакояў адпачынку (але гэта не брэсцкая, а агульнабеларуская традыцыя) і сталовая з простай, недарагой, але цалкам годнай ежай. Кругласутачны буфет, на жаль, пахваліць няма за што – пад’есці тут наважыцца хіба той, хто содзень стаяў у чарзе на мяжы без ежы. У Беластоку на вакзале няма нічога, акрамя фаст-фуду з Жабкі.

Але гэтая ж самая Жабка прыносіць Беластоку перамогу па пазіцыі «кава», бо тут яна мо не найлепшая, але цалкам годная. У Брэсце аматарам напою бадзёрасці трэба ісці ў цэнтр горада (праз той самы мост), побач з вакзалам нічога прыдатнага няма.

Бясспрэчны пераможца Беласток і ў арганізацыі WC. Лёгка даступны і з будынка, і з перонаў. Шмат кабінак, гарачая вада, папера – і ўсё бясплатна (!).

Зручна тут і тое, што цягнікі спыняюцца пад навесамі – камфортна вандраваць ў любое надвор’е.

Чыгуначны вакзал ў Беластоку. Фота: poranny.p

 

Ну і галоўнае: два тунэлі. Адзін з іх вядзе праз пероны напрамкі да аўтавакзала, акрамя лесвіцы ёсць эскалатары і ліфты. Другі – скіраваны да цэнтра горада, безбар’ерны, прыдатны для раварыстаў, якія проста едуць з адной часткі горада ў другую. Але і падыходы да перонаў тут камфортныя.

Тунэлі ў Беластоку. Фота: podlaskie24.pl, bialystok.tvp.pl

 

І гэта ўсё ў горадзе, які не ўваходзіць у топ самых папулярных турыстычных гарадоў Польшчы. Вялікія інвестыцыі ўкладзены, каб зрабіць горад больш камфорным пераважна для мясцовых жыхароў.

Адсутнасць тунэлю паміж вакзаламі (і цэнтрам горада) у Брэсце нязручная у першую чаргу для жыхароў горада. Наўрад ці нехта падлічыў (а варта было б!), колькі немаладых асоб з пакункамі, запоўненымі гароднінай з лецішча, альбо бацькоў з дзіцячымі вазкамі, штодня караскаецца па высачэнных сходах. Але гэта яшчэ і рэпутацыйная пляма на турыстычным рэнамэ ўсёй краіны: мы прапануем еўрапейцам бязвіз, але што яны пабачаць пасля прыезду ў Беларусь? На рэканструкцыю транспартнага вузла варта было б наківаць сродкі не толькі з мясцовага, але і рэспубліканскага бюджэту.

Дарэчы, ёсць больш танная магчымасць хаця б часткова і часова вырашыць праблему: усталяваць ліфты, каб найбольш уразлівыя групы (і гэта пераважна не турысты, а менавіта мясцовыя жыхары) маглі імі карыстацца. Увесь пасажырапаток ніводны ліфт, канешне ж, не вытрымае.

А пакуль жыхары Гомеля і Брэста могуць закладаць пары, што хутчэй пабудуюць: наш Усходні абход ці брэсцкі тунэль паміж вакзаламі. Вы б на што паставілі?

Штодзень

Слайдар пастоў