Вяртанне чалавека да прыроды пасля стагоддзя максімальнага адрыву ад яе – адзін з галоўных трэндаў ХХІ ст. Але Беларусь, як краіна са спецыфічным бэкграўндам, успрымае новыя павевы па-свойму і ўвасабляе ў спецыфічных формах. Паглядзелі, як гэта адбываецца на Гомельшчыне.
Да Дня горада ў Светлагорску былі зробленыя касцюмы, якім пазайздросцяць самыя каляровыя танцоўшчыцы самбы на карнавале ў Рыа-дэ-Жанэйру. Жыхароў горада віншавалі… клубніцы. З якой нагоды на сцэне з’явіліся ягады – незразумела. Ці каб тутэйшыя не шкадавалі, што правялі гэты дзень на плошчы, а не на лецішчы. Ці таму, што фінансавання на касцюмы не хапіла і мадэльеры пашылі іх з таго, што было пад рукой – з дзяржаўных сцягоў (а гэтага дабра хапае). Мо, канешне, «клубнічкі» – гэта маркетынгавая стратэгія светлагорскага сэкс-шопа, але пра гэта гісторыя маўчыць.

Настаўніца пачатковых класаў Зарэчанскай школы. Фота: прафсаюз адукацыі Гомельшчыны
Улады разумеюць, што куды карысней не ляжаць са смартфонам ў руцэ на канапе, а быць на свежым паветры. І стымулююць да гэтага грамадзян, як могуць. Напрыклад, настаўнікаў, якія маюць ажно два месяцы адпачынку. Каб не залежваліся, хай едуць на вёску і дапамагаюць аграрыям: два ў адным, так сказаць.

Настаўніца матэматыкі Ровенскаслабодскай сярэдняй школы Рэчыцкага раёна. Фота: прафсаюз адукацыі Гомельшчыны
А каб асучасніць працэс працы на сяле, настаўнікам «раяць» фатаграфавацца ля камбайнаў і палёў і дасылаць здымкі ў прафсаюзныя паблікі.

Фота: Міністэрства абароны
Не забывае дзяржава і пра вайскоўцаў. Каб салдаты не сядзелі бязвылазна ў пыльных казармах, іх таксама пасылаюць на вёску. Сёлета вайскоўцы дапамогуць аграрыям Рагачоўскага, Кармянскага і Лельчыцкага раёнаў. Што менавіта яны будуць рабіць – адпужваць каларадаў гудзеннем дронаў ці выкарыстоўваць сапёрскія прылады для пошуку кратоў – даведаемся пазней.

