Вядомую гамяльчанку, педагога Святлану Кароль унеслі ў спіс “экстрэмістаў”

Палітзняволеную педагога, велаактывістку з Гомеля Святлану Кароль дадалі ў спіс “экстрэмістаў”. Міністэрства ўнутраных справаў абнавіла сумна вядомы спіс, дадаўшы сярод новых 15 прозвішчаў палітычна асуджаных беларусаў, вядомую гамяльчанку. Усяго ў гэтым пераліку прозвішчаў – 4134 грамадзян Беларусі, большасць з якіх пацярпелі за свае палітычныя погляды.

Святлана Кароль

У адным з інтэрв’ю са Святланай Кароль, якое рабіў “Штодзень”, яна выказала некалькі думак адносна нашай драматычнай рэчаіснасці:

Пра рэпрэсіі

Рэпрэсіі, канешне, моцна задавілі і мяне, і іншых людзей. Але я вырашыла, што калі магу дапамагаць — дапамагаю, што ёсць добрага — паляпшаю. Стараюся сябе зберагчы такім чынам да той Беларусі, якая павінна настаць. Пішу лісты палітвязням, пералічваю грошы ў прытулак для бадзяжных жывёл, працягваю папулярызаваць роварны рух. Такім чынам атрымліваецца захаваць сваю цэласнасць. Цяжкі вельмі час, але што рабіць — без вялікіх крызісаў скачкоў не адбываецца. Калі кожны будзе сябе так зберагаць, то мы апынёмся ў лепшай Беларусі. 


Пра беларускае грамадства

Беларускае грамадства вельмі таленавітае. Гарызантальныя сувязі ў Беларусі —  узорна-паказальныя. Урбаністы, эколагі, абаронцы птушак і беларускай мовы, праваабаронцы, раварысты — НДА вырашалі вялікую колькасць пытанняў.  Стасункі паміж арганізацыямі былі проста ідэальнымі. Мы — таленавітая нацыя, якая можа аб’ядноўвацца, дабівацца, паляпшаць. Калі беларусам развяжуць рукі — будзе шмат ініцыятыў, якія з гэтай краіны зробяць ляльку, я ўпэўнена ў гэтым на 250 адсоткаў.

 

Святлана Кароль

 

20 верасня 2023 г. Святлана Кароль знайшлася ў ІЧУ Гомеля, куды яе змясцілі па крымінальнай справе. 63-гадовую актывістку абвінавацілі паводле ч. 2 арт. 367 (паклёп у дачыненні да Лукашэнкі, злучаны з абвінавачаннем ва ўчыненні цяжкага або асабліва цяжкага злачынства і ч.1 арт. 130 (наўмысныя дзеянні, накіраваныя на ўзбуджэнне іншай сацыяльнай варожасці па прыкмеце іншай сацыяльнай прыналежнасці). Суд над Святланай пад кіраўніцтвам суддзі Вадзіма Бобырава пачаўся 11 сакавіка 2024 г. у Гомельскім абласным судзе. 28 сакавіка 2024 г. Святлана асуджаная на паўтара года калоніі агульнага рэжыму.

Штодзень

Related posts

Жыхары Старой Валатавы абурыліся адключэннем вады на 11 дзён

Праўладнае відэа паказала сядзібу Ціханоўскага ў Агародні Гомельскай

Беларуска раскрытыкавала дэкор Добрушскага фарфору — і запусціла дыскусію пра якасць