“Вельмі мала пунктаў падвозу вады. Падумалі пра мамачак? А бабуляў і дзядуляў?”: У Жлобіне прарвала водаправод

Каля васьмі гадзінаў няма вады ў Жлобіне і некалькіх вёсках каля яго. У адным раёне вада ўсё ж пачала вяртацца, але новая камунальная праблема ўскрыла некалькі праблемаў у горадзе. “Штодзень” вывучыў, што кажуць людзі.

Што адбылося

 

Каля 4 гадзінаў раніцы праз “тэхнічную паломку” 76-тысячны Жлобін застаўся без вады. З цікавага: кіраўнік Жлобінскага раёну Сяргей Ярац выступіў з кароткім інфармацыйным паведамленнем, у якім страшнай бюракратычнай мовай і без абяцання, калі рамонт будзе завершаны, але патлумачыў сітуацыю.

Праз прыкладна восем гадзінаў вада з’явілася на вуліцы Першамайскай. Відэа з вадой, якая ідзе з крана, размясціў мясцовы райвыканкам. Чыноўнікі паспяшаліся адсправаздачыцца, што паступленне вады адноўленае. Але, падаецца, што гэтая выснова паспешлівая, людзі ўсё яшчэ пытаюцца, калі будзе вада.

Акрамя таго, чакаецца, што так як рамонт працягваецца, будзе невялікі напор і часовае пагаршэнне якасці вады.

 

Мала пунктаў падвозу вады

 

Ад раніцы ўлады арганізавалі тры пункты падвозу вады, праз некалькі гадзінаў іх стала чатыры, на раздрукаваных інструкцыях іх дзевяць, кіраўнік раёну пацвярджаў у эфіры пяць. Але гэта відавочна мала для такога горада як Жлобін.

“Вельмі мала пунктаў падачы вады. Падумалі пра мамачак? Пра бабуль і дзядуляў?” – запыталася В.

“Першамайская-Пятроўскага дзе браць ваду?” – пыталася Т.Б.

 

Няма нармальнага інфармавання

 

Аднаго звароту кіраўніка раёну яўна мала.

“Няўжо няма нейкіх рэзервовых магчымасцяў? Як хутка вырашыцца гэтае пытанне? Нікуды не датэлефанавацца!!!”, – напісала А.

“А вы цяпер нікуды і не датэлефануецеся, у горадзе калапс(( У лепшыя часы ні ў службу 115, ні на гарачую лінію горада не датэлефануешся, а не тое што цяпер… Хіба толькі ў Гомель або ў Мінск”, – адказвае А.

Ю.В. праўда, раіць увогуле нікуды не тэлефанаваць, каб не “перашкаджаць людзям ліквідаваць аварыю”. А. перапытала, ці сапраўды служба 115 ліквідуе тую аварыю.

Праз кепскую інфармаванасць улады і людзі існавалі ў паралельных рэчаіснасцях: кіраўнік горада абяцаў аднавіць падачу вады да абеда, а ў каментарах абмяркоўвалі, што вады не будзе суткі ці трое.

 

У краме раскупілі 5-літровікі з пітной вадой за пяць хвілінаў

 

Даверу да дзейнасці чыноўнікаў мала, таму першае, што зрабілі ў Жлобіне, раскупілі пітную ваду.

“Крама адкрылася а 7-й, і ўжо праз 5 хвілін не было ніводнай 5-літровай бутэлькі. Праз паўгадзіны не засталося нават звычайнай вады ў маленькіх бутэльках”, – кажа А.

 

Незадаволенасць дзейнасцю чыноўнікаў

 

У крызісных сітуацыях хутка становіцца бачна, як насамрэч ставяцца жыхары да камунальных службаў і чыноўнікаў. І гэтае стаўленне прызначэнцам Лукашэнкі не спадабаецца.

“Вось і вынік таго, як працуюць нашы службы! Вады ў горадзе няма — адключайце ўжо і святло”, – напісаў М.Я.

Што думаюць пра гэта жыхары вёсак пад Жлобінам мы ўвогуле не ведаем, хочацца верыць, што на іх не забудуцца.

Штодзень

Related posts

Жыхары Старой Валатавы абурыліся адключэннем вады на 11 дзён

Праўладнае відэа паказала сядзібу Ціханоўскага ў Агародні Гомельскай

Беларуска раскрытыкавала дэкор Добрушскага фарфору — і запусціла дыскусію пра якасць