Валанцёр Ілля Міронаў падлавіў Азаронка на чарговым злачынстве. І падаў на яго новую заяву

Рыгор Азаронак

Гомелец Ілля Міронаў накіраваў заяву ў Міністэрства ўнутраных справаў, у якой аргументавана даводзіць, што адыёзны прапагандыст Рыгор Азаронак здзейсніў у чарговы раз крымінальнае злачынства.

Заява Іллі Міронава на Азаронка.

“17.04  ён (Азаронак — заўвага рэд.) пакінуў паведамленне ў асабістым тэлеграм-канале “Азарёнок. СТВ. Беларусь”. У гэтым паведамленні Р. Азаронак пацвярджае, што адчувае нянавісць да пэўнай групы беларусаў, якія маюць адрозныя ад яго палітычныя погляды. Цытата: “Так, я адчуваю вострую непрыязнасць, якая пераходзіць у нянавісць, пагарду і агіду да сацыяльнай групы, якую можна пазначыць як “змагары, бчбанутыя, лібералы, падзахаднікі, здраднікі, ублюдкі, быдла, адмарозкі, ваніты беларускага народа, кончаныя”. Гатовы паўтарыць гэта на любым судзе. І распальваць гэтую нянавісць на ўсіх базарах”, — цытуе словы дзяржаўнага тэлевядучага ў заяве Ілля Міронаў.

Згодна звароту, Рыгор Азаронак абражае пэўную сацыяльную групу, адкрыта прызнаецца ў нянавісці да яе і заяўляе пра тое, што збіраецца далей гэтую нянавісць распаўсюджваць. Тым самым, сваімі выказваннямі, Рыгор Азаронак пагаджаецца з абвінавачваннямі паводле ч. 1 артыкула 130 Крымінальнага кодэксу (распальванне варажнечы). Ілля Міронаў таксама заўважае, што, апрача відавочнага крымінальнага складніка такіх дзеянняў, супрацоўнік дзяржаўнага тэлеканала здзяйсняе ўчынкі, якія мала суадносяцца з прафесійнай этыкай журналіста.

Скрыншот з таго самага паведамлення Р. Азаронка, у якім ён прызнаецца ў здзяйсненні злачынных дзеянняў.

 

“Мяне ў дзяцінстве бацькі навучылі не хлусіць, паступаць па сумленні, дапамагаць тым, хто мае патрэбу. Я так і жыву. А што да прапагандыстаў, дык я іх з дзяцінства на дух не пераношу, ад слова зусім. На маю думку, няма ў іх ані сумлення, ані гонару. Я не магу маўчаць, таму і пішу заявы, звяртаю ўвагу прадстаўнікоў улады на факты распальвання варажнечы і спадзяюся, што яны панясуць адказнасць, калі не цяпер, то ў будучыні. Кожны павінен адказваць за свае справы і словы, тым больш яны, прапагандысты, бо яны прадстаўляюць у СМІ дзяржаву, у якой я жыву”, — распавёў пра матывы свайго звароту Ілля Міронаў.

Частка 1 артыкула 130 Крымінальнага кодэксу РБ: “Наўмысныя дзеянні, накіраваныя на распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасці або варожасці па прыкмеце расавай, нацыянальнай, рэлігійнай, моўнай ці іншай сацыяльнай прыналежнасці, — караюцца штрафам, або арыштам, або абмежаваннем волі на тэрмін да пяці гадоў, або пазбаўленнем волі на той жа тэрмін.”

Штодзень

 

 

 

 

Related posts

Жыхары Старой Валатавы абурыліся адключэннем вады на 11 дзён

Праўладнае відэа паказала сядзібу Ціханоўскага ў Агародні Гомельскай

Беларуска раскрытыкавала дэкор Добрушскага фарфору — і запусціла дыскусію пра якасць