Навіны горада

Валанцёр Ілля Міронаў падлавіў Азаронка на чарговым злачынстве. І падаў на яго новую заяву

Рыгор Азаронак

Гомелец Ілля Міронаў накіраваў заяву ў Міністэрства ўнутраных справаў, у якой аргументавана даводзіць, што адыёзны прапагандыст Рыгор Азаронак здзейсніў у чарговы раз крымінальнае злачынства.

Заява Іллі Міронава на Азаронка.

17.04  ён (Азаронак — заўвага рэд.) пакінуў паведамленне ў асабістым тэлеграм-канале “Азарёнок. СТВ. Беларусь”. У гэтым паведамленні Р. Азаронак пацвярджае, што адчувае нянавісць да пэўнай групы беларусаў, якія маюць адрозныя ад яго палітычныя погляды. Цытата: “Так, я адчуваю вострую непрыязнасць, якая пераходзіць у нянавісць, пагарду і агіду да сацыяльнай групы, якую можна пазначыць як “змагары, бчбанутыя, лібералы, падзахаднікі, здраднікі, ублюдкі, быдла, адмарозкі, ваніты беларускага народа, кончаныя”. Гатовы паўтарыць гэта на любым судзе. І распальваць гэтую нянавісць на ўсіх базарах”, — цытуе словы дзяржаўнага тэлевядучага ў заяве Ілля Міронаў.

Згодна звароту, Рыгор Азаронак абражае пэўную сацыяльную групу, адкрыта прызнаецца ў нянавісці да яе і заяўляе пра тое, што збіраецца далей гэтую нянавісць распаўсюджваць. Тым самым, сваімі выказваннямі, Рыгор Азаронак пагаджаецца з абвінавачваннямі паводле ч. 1 артыкула 130 Крымінальнага кодэксу (распальванне варажнечы). Ілля Міронаў таксама заўважае, што, апрача відавочнага крымінальнага складніка такіх дзеянняў, супрацоўнік дзяржаўнага тэлеканала здзяйсняе ўчынкі, якія мала суадносяцца з прафесійнай этыкай журналіста.

Скрыншот з таго самага паведамлення Р. Азаронка, у якім ён прызнаецца ў здзяйсненні злачынных дзеянняў.

 

Мяне ў дзяцінстве бацькі навучылі не хлусіць, паступаць па сумленні, дапамагаць тым, хто мае патрэбу. Я так і жыву. А што да прапагандыстаў, дык я іх з дзяцінства на дух не пераношу, ад слова зусім. На маю думку, няма ў іх ані сумлення, ані гонару. Я не магу маўчаць, таму і пішу заявы, звяртаю ўвагу прадстаўнікоў улады на факты распальвання варажнечы і спадзяюся, што яны панясуць адказнасць, калі не цяпер, то ў будучыні. Кожны павінен адказваць за свае справы і словы, тым больш яны, прапагандысты, бо яны прадстаўляюць у СМІ дзяржаву, у якой я жыву”, — распавёў пра матывы свайго звароту Ілля Міронаў.

Частка 1 артыкула 130 Крымінальнага кодэксу РБ: “Наўмысныя дзеянні, накіраваныя на распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасці або варожасці па прыкмеце расавай, нацыянальнай, рэлігійнай, моўнай ці іншай сацыяльнай прыналежнасці, — караюцца штрафам, або арыштам, або абмежаваннем волі на тэрмін да пяці гадоў, або пазбаўленнем волі на той жа тэрмін.”

Штодзень