Навіны горада

Прывалаў у гальштуку і пры парадзе паплаваў па падтопленых раёнах Гомеля

Тым часам, пытанне з рамонтам водаправода і аднаўленнем цэнтральнага водазабеспячэння на аварыйным участку дагэтуль не вырашана...

Старшыня Гомельскага гарвыканкама Уладзімір Прывалаў у дзелавым гарнітуры паплаваў на лодцы па затопленых вуліцах Гомеля і адсправаздачыўся пра тое, што “усё пад кантролем”. Тым часам, пытанне з рамонтам водаправода і аднаўленнем цэнтральнага водазабеспячэння на аварыйным участку дагэтуль не вырашана.

Уладзімір Прывалаў. Фота: афіцыйны тг-канал старшыні Гомельскага гарвыканкаму

Параднае фота кіраўніка Гомеля ў надзіманай лодцы на падтопленых участках Гомеля з’явілася на яго тэлеграм-канале.

“Сумесна са службамі вывучыў абстаноўку з паводкай у горадзе і асабіста пабываў на затопленых тэрыторыях” – напісаў у сябе на старонцы кіраўнік Гомельскага гарвыканкама і паведаміў, што з сённяшняга дня – з 19 кастрычніка службы МНС сумесна з іншымі структурамі будзе выпампоўваць з падтопленых вуліц тую ваду, якая па меркаваннях спецыялістаў, сама не сыйдзе, нягледзячы на тое, што ўзровень вады ў Сожы кожны дзень спадае прыкладна на 12 см.

Пра праблему з цэнтральным водазабеспячэннем Уладзімір Прывалаў распавёў у класічным чыноўніцкім стылі: “З жыхарамі наладжаны кантакт, па ўсіх пытаннях неадкладна аказваецца дапамога. Таксама на асаблівым кантролі пытанне рамонту водаправода і аднаўлення цэнтралізаванага водазабеспячэння на аварыйным участку”.

Вось толькі так і не было патлумачана, чаму гэтае важнае пытанне, якое, як ён выказаўся, знаходзіцца на асаблівым кантролі, ніяк не вырашаецца ўжо некалькі тыдняў.

Штодзень