У Гомельскай вобласці змяніўся ваенны камісар. Андрэй Крываносаў, які шмат гадоў узначальваў абласны ваенкамат і стаў адным з найбольш пазнавальных праўладных спікераў рэгіёна пасля падзей 2020 года, звольнены з вайсковай службы.

Ваенкам Крываносаў натхняе беларусаў на творчасць
Новым ваенным камісарам Гомельскай вобласці прызначаны палкоўнік Андрэй Ануфрыюк. 17 верасня яго прадставілі асабоваму складу абласнога ваенкамата і вайскоўцам Гомельскага гарнізона. Крываносаў звольнены з вайсковай службы “з правам нашэння вайсковай формы і знакаў адрознення”.
Шырокую вядомасць Крываносаў атрымаў у жніўні 2020 года. Ён быў адным з галоўных спікераў праўладнага мітынгу ў Гомелі, які самі ўдзельнікі называлі “Антымайданам”, выступаў каля прадпрыемстваў супраць забастовак і спрабаваў апаніраваць Марыі Калеснікавай падчас яе сустрэчы ў Жлобіне.
Пазней Крываносаў стаў рэгулярным героем дзяржаўных СМІ, дзе выступаў супраць апазіцыі і пратэстаў і адкрыта падтрымліваў Лукашэнку. Асаблівую вядомасць атрымала яго фраза ў эфіры АНТ: “Я — ябацька. Ты, я, мы — бацька”. Штодзень раней таксама пісаў пра яго прапагандысцкія флэшмобы і выступы перад мабілізаванымі на вайсковыя зборы.
У 2021 годзе Крываносаў удзельнічаў у VI Усебеларускім народным сходзе ў Мінску, дзе папрасіў Лукашэнку “перадаць зарад энергіі і рашучасці”, а пасля арганізаваў у Гомелі сімвалічную “эстафету” гэтага “зараду” праз поціскі рук вайскоўцаў і супрацоўнікаў сілавых структур.
Пры гэтым з палітычнай сістэмы Крываносаў не сыходзіць. Ён застаецца членам Савета Рэспублікі і ўваходзіць у пастаянную камісію па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы.
Новаму ваенкаму Андрэю Ануфрыюку 48 гадоў. Ён нарадзіўся ў Жабінцы, скончыў Ваенную акадэмію Беларусі, з 2005 года служыў у сістэме ваенных камісарыятаў Брэсцкай вобласці, а апошнія больш за дзесяць гадоў узначальваў ваенкамат Пінска і Пінскага раёна.