Позвы з парушэннямі, «Шапіто» з ваенкамам-ябацькам і дзівацтва на месцы

by ZB

У пачатку красавіка Мінабароны абвясціла аб праверцы баявой гатоўнасці беларускай арміі. Адразу пасля гэтага беларусаў актыўна пачалі заклікаць на вайсковыя зборы, якія ў сярэднім доўжацца да 35 дзён. Для аб’ектыўнасці карціны паглядзелі на ўсё, што адбываецца, вачыма ўладаў і рэальна прызваных ваеннаабавязаных.

Фота: Гомельскія ведамасці

Да прыкладу, на Гомельшчыне за гэты час ужо праходзілі праверкі баявой і мабілізацыйнай гатоўнасці, дзе падчас збораў вайскоўцы запасу разам са «тэрміноўцамі» і афіцэрамі ўдзельнічалі ў баявым зладжванні. Праводзіліся раптоўныя праверкі (ацэньвалі гатоўнасць і здольнасць асабістага складу да аператыўнага рэагавання), вучэнні і трэніроўкі з прыцягненнем памежнікаў, унутраных войскаў і спецпадраздзяленняў МНС.

Не трэба быць ваенным чалавекам, каб разумець, з чаго раптам такая спешка і актыўнасць. Да таго ж ужо некалькі месяцаў вядуцца актыўныя размовы пра тое, што памежжа Гомельшчыны павінна быць узятае пад асаблівы вайсковы кантроль. Побач – Украіна. І там вайна.

Акурат зараз праходзяць камандна-штабныя вучэнні пад кіраўніцтвам намеснікаў старшынь Гомельскага абласнога і Мінскага гарадскога выканаўчых камітэтаў. Як паведамляе Мінабароны, «адпрацоўваюць фармаванне тэрытарыяльных войскаў і падрыхтоўку іх да выканання пастаўленых задач». І гэта нібыта ўжо фінальны этап вучэбных збораў ваеннаабавязаных, які ў Гомелі, Мазырскім раёне і Ленінскім раёне Мінска працягнецца да 2 чэрвеня.

Афіцыйна: «З вамі ў нашых узброеных сіл усё атрымаецца!»

З пошукам карціны таго, што адбываецца па той бок рэальнасці, праблем не было. Мабыць, самы яркі вайсковы прадстаўнік Гомельшчыны – легендарны ваенкам-ябацька Гомельскай вобласці Андрэй Крываносаў. Той самы аматар флэшмобаў у падтрымку Лукашэнкі, які пасля ўдзелу ў праграме «Маркаў» на АНТ выдаў фразу «Я – ябацька. Ты, я, мы-бацька» і літаральна разляцеўся на мемы, а потым стаў аўтарам яшчэ некалькіх прапагандысцкіх відэа і флэшмобаў.

Ваенкам Крываносаў натхняе беларусаў на творчасць

Аккурат тады, калі ў Гомельскай вобласці стартавалі актыўныя ваенныя зборы (гэта было ў красавіку – Рэд.) у інтэрнэт трапіла відэа, на якім Крываносаў вітае і гаворыць з ваеннаабавязанымі, якія прыбылі на ваенныя зборы.

У прынцыпе, паглядзеўшы гэта відэа, усе настроі і атмасфера збораў становяцца зразумелымі:

– Віншую з атрыманнем статусу вайскоўца Рэспублікі Беларусь! – гучна гаворыць Крываносаў.

Ура! Ура! Ура! – відавочна нестраявым голасам выдаюць прысутныя ў спартыўнай форме і заплечнікамі наперавес маладыя мужчыны.

– Магчыма, калі вы служылі, не ўсе часткі былі ўкамплектаваныя. Сёння, калі ажыццяўляецца праверка, часткі павінны ўкамплектавацца на 100% асабовым складам як мірнага, так і ваеннага часу, – гаворыць Крываносаў «прызыўнікам» ужо на агульным сходзе ў актавым зале. – Таму вы ідзяце на тыя ж самыя пасады. У свае родныя пенаты.

Далей на відэа зноў кадры з пляца.

– Аднавіце ўсе практычныя навыкі ў ваеннай справе. І разам з вамі ў нашых узброеных сіл усё атрымаецца! Я правільна кажу, таварышы вайскоўцы? – быццам завучаным тэкстам (трэба ж запісаць прыгожае справаздачнае відэа – рэд!) з запалам выдае Крываносаў.

На што закліканыя на зборы пад камічныя дырыжорскія ўзмахі рук Крываносава адказваюць: «Так! Так! Так!». Пры гэтым відаць, як многія ў страі з цяжкасцю стрымліваюць смех ад маразму пачутага і таго, што адбываецца.

– Дзякуй, малайцы, – дае ацэнку іх адказу задаволены Крываносаў.

Далей пад марш «Развітанне славянкі» строем усіх адпраўляюць у аўтобусы, якія вязуць ваеннаабавязаных да месца правядзення збораў.

Хтосьці з прызваных на камеру паказальна на развітанне махае рукой, а следам гэтак жа паказальна гонар аддае Крываносаў.

Мы ні ў якім разе не хочам пакрыўдзіць палкоўніка Крываносава, але, гледзячы на відэа, з цяжкасцю верыцца, што сам бы Крываносаў у выпадку чаго змог выканаць хоць бы адзін ваенны нарматыў.

Мы правялі невялікі фактчэкінг. Высветлілі, што відэа было запісана і размешчана спецыяльна для публікацыі справаздачнага матэрыялу для мясцовага СМІ «Гомельскія ведамасці».

Там распавядалася, што на зборы з’явіліся абсалютна ўсе ваеннаабавязаныя, што развозілі іх у камфартабельных аўтобусах, што позвы былі ўручаны ў тэрмін, што многія «прызыўнікі» сапраўды рады таму, што адпраўляюцца на зборы і лічаць гэта сваім ганаровым абавязкам.

Рэальна: «Трохі пагуляецеся ў вайнушку»

Усё было б весела, калі б не так сумна. «Штодзень» пагаварыў з гомельцам, які пабываў на зборах і падзяліўся пра іх сваімі ўражаннямі. Спойлер: атмасфера на відэа з Крываносавым моцна адрозніваецца ад рэальных падзей.

Даўно не жыву з бацькамі. Але позву чамусьці даслалі бацьку. Прытым у пятніцу. З’явіцца ж трэба было ўжо ў панядзелак. Арыгінальна. Па – першае, гэта парушэнне тэрмінаў (позву павінны даслаць не менш чым за 10 дзён да пачатку збораў  Рэд.), па-другое, у мяне новая праца. І сысці адтуль на 35 дзён – вельмі сур’ёзная праблема. Нікога, дарэчы, асабліва не хвалюе, што адмовіцца я не маю права. У графе «мэта» былі пералічаныя стандартныя, напэўна, пункты: «мабілізацыя, мабілізацыйныя зборы, спецыяльныя зборы». Але падкрэслена з гэтага нічога не было. То бок, я толкам і не разумеў, навошта мяне выклікаюць, – распавядае наш суразмоўца. Свае імя і прозвішча па прычынах бяспекі ён просіць не называць. – З’явіцца трэба было да 7 раніцы. Адтуль адразу і забралі. Спрабаваў высветліць, што, куды, навошта? Сказалі: «Тэрабарона, трохі пагуляецеся ў вайнушку». Падкрэслілі, дарэчы, што гэта ніяк не звязана з вайной ва Украіне. Калі прывезлі, адразу ж сказалі здаць тэлефоны. Мы пачалі абурацца. Але хутка панапісалі родным, і здалі тэлефоны. Потым іх выдавалі.

Па словах суразмоўцы, у аўтобусе было 30 чалавек. Узрост «прызваных» – ад 20 да 50 гадоў.

Адукацыя ва ўсіх таксама розная. Хто пасля ПТВ, хто з двума вышкамі. Па здароўі таксама. У некаторых хранічныя захворванні. Але гэта нікога асабліва не хвалявала. Проста ўсіх грэблі, ды і ўсё. Дарэчы, калі ўжо раззнаёміліся, высветлілася, што некаторым позва на працу прыйшла, некаторых ледзь не з ложка забралі, камусьці сказалі з’явіцца для зверкі звестак, а гэта былі зборы. Забралі, без рэчаў і папярэджанняў родных. Здзек, – распавядае суразмоўца.

Па яго словах, у казарме, у якой размясцілі ваеннаабавязанных, было 70 чалавек:

– Адчуванне, што з часоў Саўка нічога не змянялася. Выдалі нейкую старую смярдзючую форму з крывымі стаптанымі берцамі. У казарме ўсё старое, страшнае, з жалезнымі ложкамі і дзіркамі ў прасцінах. 5 старых унітазаў на ўсіх. Але гэта лепей за жыццё ў намётах, у красавіку. Я, шчыра кажучы, ужо думаў, што жыць у іх давядзецца. Так што маўчаў.

Кармілі ў сталовай. Самая папулярная ежа  размазаная па талерцы каша і малюсенькі кавалак мяса. Часцяком была рыба  невялікая лустачка хека. Хлеб  з маслам і сырам. Але ежы мала. Заўсёды выходзілі са сталовай галоднымі. За месяц схуднеў на 6 кг. Але многія затаварваліся бомжпакетамі і потым даядалі.

Што тычыцца саміх збораў, то я так і не зразумеў, што гэта было. То на складзе нешта перакладалі, то платы будавалі, то пыл з бронетранспарцёраў праціралі. Траншэі не капалі, гранаты не кідалі, на стрэльбішчы не хадзілі.

Пры гэтым у спецыяльных ведамасцях, па словах нашага суразмоўцы, усе распісваліся за тое, што нібыта прайшлі тэорыю па прыладзе ваеннай тэхніцы і выязджалі на палявыя вучэнні. Там жа былі ўпісаныя заняткі з назвамі «Падрыхтоўка камандзіраў тэрабароны»», «Рамонт, абслугоўванне і зняцце з рамонту тэхнікі».

Па факце нам проста паказвалі тэхніку на малюнках у навучальным класе. Калі шчыра, я і страляць толкам не ўмею, – гаворыць мужчына. – Мы ўсе чакалі, калі нам пачнуць прамываць мазгі пра вайну ва Украіне.

Дачакаліся. Праз некалькі дзён нам пачалі паказваць прапагандысцкія фільмы, распавядалі пра фашызм ва Украіне, паказвалі тэхніку NATO, якая там стаіць, нейкія недарэчныя беларускія расследаванні пра тое, як і хто хоча захапіць Беларусь…

Самае смешнае: па законе на працы за час маёй адсутнасці мне выплацяць маю сярэднюю зарплату. А пасада ў мяне даволі высокая. Але справа ж у тым, што мая ж бухгалтэрыя вышле пасля гэтага запыт у Мінабароны на кампенсацыю затрачаных на мяне за гэты месяц грошай. І Мінабароны будзе абавязаны гэтыя грошы выплаціць. Я ніколі не бачыў яшчэ рознарабочых (а менавіта імі мы і былі на зборах) з такой высокай зарплатай. Карацей, лічу гэта ўсё традыцыйнай паказухай для справаздачы. Дарэчы, на зборах ад самага пачатку нас часцяком здымалі на відэа. То тэлебачанне дзяржаўнае, то людзі ў форме.

Фота: работа мастачкі Лізы Бэнк

Даведка

Па беларускіх законах заклікаць на зборы могуць усіх ваеннаабавязаных беларусаў. Ваеннаабавязанымі лічацца ўсе, хто лічыцца ў запасе Узброеных сіл ці іншых воінскіх фарміраванняў. У тым ліку ў запас залічваюць мужчын, прызнаных непрыдатнымі да службы ў мірны час. Беларусам, якія не праходзілі тэрміновую службу ў войску, пры залічэнні ў запас прысвойваецца званне «радавы». Гранічны ўзрост знаходжання ў запасе — 65 гадоў.

Позвы ваеннаабавязаным, адабраным для праходжання збораў, акрамя праверачных, абавязаны ўручыць не пазней чым за 10 дзён да іх пачатку.

Ухіленне рэзервіста або ваеннаабавязанага ад яўкі на зборы караецца штрафам, арыштам або папраўчымі работамі да аднаго года. Ухіленне ад збораў шляхам прычынення сабе цялесных пашкоджанняў, сімуляцыі хваробы або падробкі дакументаў караецца штрафам, або арыштам, або абмежаваннем волі на тэрмін да двух гадоў.

А ў гэты час…

На Гомельшчыне ствараюць яшчэ адзін атрад спецыяльнага прызначэння

«Мы прадугледжваем на працягу бліжэйшага паўгоддзя стварэнне яшчэ аднаго асобнага падраздзялення спецыяльнага прызначэння ў прывязцы да паўднёвага кірунку – у Гомельскай вобласці», – заявіў не так даўно намеснік міністра ўнутраных спраў-камандуючы ўнутранымі войскамі Мікалай Карпянкоў. Па задумцы, галоўнымі задачамі атрада будуць барацьба з незаконнымі ўзброенымі фарміраваннямі і дыверсійнымі разведвальнымі групамі.

Днямі ж камандуючы ВПС і войскамі СПА Андрэй Лук’яновіч паведаміў, што сёлета ВПС і СПА атрымаюць новыя радыёлакацыйныя станцыі «Раса» і «Усход», якія вырабляюцца ў Беларусі. Таксама запланавана пастаўка новых зенітных ракетных комплексаў і самалётаў Су-30СМ. Паводле афіцыйнай версіі – «усё ў рамках плана будаўніцтва і развіцця Узброеных Сілаў Беларусі да 2025 года».

Штодзень

ВАМ ТАКСАМА МОГУЦЬ СПАДАБАЦЦА

homeldays_logo_main.png