У краіне прысудаў

by ZB

Суды, суды, наўкола суды… Адныя даносяць, другія хапаюць, трэція выносяць прысуды. За аватаркі, за падабайкі, за песні, за словы “не вайне”, за белую з чырвоным спадніцу, за сумленнасць… Нягледзячы на ўзрост, колькасць маленькіх дзяцей, хранічныя захворванні і інваліднасць. Адныя ненавідзяць апанентаў, другія імкнуцца выслужыцца, трэція – прыстасавацца.

У краіне прысудаў не да законаў. Краіна прысудаў жыве па канонах старажытнасці: у каго зброя – той і рацыю мае. Калі ты пры ўладзе – нішчы ўсіх, хто можа пазбавіць яе. Калі на баламутаў (якія складаюць большую частку насельніцтва) не хапае астрогаў – ператвары ў астрог усю краіну. Тады праўленне тваё будзе бязвоблачным. Важкія і небяспечныя людзі-глыбы ўжо дашчэнту схаваныя ў засценках. Зноўку і зноўку перабіраюцца жменямі людзі-пясчынкі, каб вылавіць будзь-якія дробныя каменьчыкі, што не ўраслі ад страху ці абыякавасці ў зямлю, а праявілі хоць якую актыўнасць.

У сучасных нармальных краінах злачынцаў саджаюць у турмы, а законапаслухмяныя грамадзяне дыхаюць свабодна. Па канонах жа старажытнасці ўсё здзяйсняецца наадварот. Калі не існуе такіх законаў, якія дазволяць саджаць у турму любога, то яны будуць прыдуманы. Калі Крымінальны кодэкс жорстка карае экстрэмізм, то экстрэмізмам завецца ўсё, што не ідзе ў нагу з рэжымам.

Паводле праваабаронцаў, на сёння ў беларускіх турмах знаходзіцца каля 1500 палітзняволеных. І гэта толькі афіцыйная лічба ад праваабаронцаў.

Людзі церпяць толькі за тое, што не пабаяліся скарыстацца сваімі правамі – правам на ўдзел у мірных сходах, на выказванне свайго меркавання і на ўдзел у палітычным жыцці краіны.

З 2020 г. Беларусь увайшла ў топ-краін па колькасці палітзняволеных на 100 000 чалавек. Мы абагналі Кубу і даганяем Егіпет і КНДР.

Напрыканцы 2020-га мы верылі, што ні адзін палітзняволены не дасядзіць свой тэрмін і хутка вернецца дамоў, да сваіх родных. Аднак ужо каля 300 чалавек адсядзелі “ад званка да званка”. А многія проста не дажылі да вызвалення праз цяжкія хранічныя захворванні і гвалт.

Калі “палітычныя” выходзяць на волю, іх праблемы не заканчваюцца. Часцей за ўсё іх пазбаўляюць былой працы, а знайсці новую амаль немагчыма.

Тыя фонды, якія маглі б дапамагчы рэпрэсаваным беларусам, таксама знаходзяцца ў выгнанні і па-за законам. І не кожны беларус мае магчымасць з’ехаць, бо ва ўсіх свае жыццёвыя абставіны. Як добра, што хваля салідарнасці не спала – беларусы ўсё гэтак жа падтрымліваюць адно аднаго. Калі крэпка трымацца за рукі – ніхто не ўпадзе ў бездань. На гэтым і трымаецца свет.

А дзікія каноны старажытнасці не працавалі ні тады, ні зараз: тыя, хто будаваў муры і астрогі, самі ж і апыналіся ў іх – альбо за свае злачынствы, альбо хаваючыся ад народнага гневу. Іх саўдзельнікі плялі інтрыгі, быццам павукі, пажыраючы  адзін аднаго. Хто выжываў – уцякаў з краіны альбо прагінаўся пад новага ўладара.

А пакуль адныя даносяць, другія хапаюць, трэція выносяць прысуды, перабіраючы між пальцаў людзей-пясчынак, каб вывудзіць будзь-якія значныя каменьчыкі.

Дык няхай гэтыя каменьчыкі навекі стануць для іх распаленым вуголлем!

Штодзень

Аўтар: Мар’яна Ліс

ВАМ ТАКСАМА МОГУЦЬ СПАДАБАЦЦА

homeldays_logo_main.png