Уся справа ў санкцыях: На БМЗ рыхтуюцца масавыя звальненні рабочых

Пра “аптымізацыю” персаналу кажуць рабочыя Беларускага металургічнага завода. Быццам бы рыхтуецца звальненне 1000 супрацоўнікаў. Прадпрыемства ў крызісе з пачатку вайны ва Украіне і не дапамагла, а, хутчэй, нашкодзіла пераарыентацыя вытворчасці на Расею. “Апошнім часам на заводзе ўсё часцей гавораць пра масавыя скарачэнні рабочых. Дзякуючы “паспяховай працы” Корчыка, Янгуразава, Кулакоўскага, а таксама санкцыям, якія наклікаў на завод Лукашэнка, у бліжэйшы час больш за тысячу жлобінцаў застануцца без працы”, – піша тэлеграм-канал “Свабодны Жлобін”.

У гэтым спісе генеральны дырэктар Дмітрый Корчык, ягоныя намеснікі Аляксандр Янгузараў, Андрэй Кулакоўскі (раней быў кіраўніком РАУС Жлобіна).

БМЗ на сёння з’яўляецца адным з самых стратных прадпрыемстваў у Гомельскай вобласці. Кіраўніцтва прызналася пра скарачэнне вытворчасці яшчэ ў красавіку 2025 года. У жніўні жыхары горада паведамлялі, што трубы перасталі дыміць, а, значыць, завод значна скараціў загрузку. У лістападзе прыйшлі навіны, што супрацоўнікам зрэзалі прэміі на 60%. У сацсетках у пачатку 2026 года паведамлялі таксама, што завод працуе на мяжы сваіх магчымасцяў, бо няма і попыту на метал, і паставак сыравіны з РФ. Але пры гэтым паводле вынікаў абласнога конкурсу на найлепшую арганізацыю ідэалагічнай працы ў працоўных калектывах па выніках 2024 года, БМЗ стаў лідарам Гомельшчыны.

Сітуацыя на прадпрыемстве пагоршылася праз нейкі час пасля пачатку паўнамасштабнай вайны ва Украіне, калі супраць прадпрыемства былі ўведзеныя санкцыі ЕС і блізкіх краінаў. Корчык і звязаная з БМЗ кампанія BEL-KAP-STEEL таксама знаходзяцца ў санкцыйным спісе ЗША. Вынікам такой сітуацыі стала пераарыентацыя і замыканне БМЗ на рынак РФ. Так, паводле апошніх статыстычных дадзеных, каля 60% прадукцыі БМЗ экспартуецца ў Расею.

У 2020 годзе на Беларускім металургічным заводзе абвяшчалі страйк і далучаліся да агульнарэспубліканскай забастоўкі. У адрозненне, напрыклад, ад “Гомсельмашу”. 17 жніўня 2020 года спынілася праца ўсіх трох печаў на БМЗ. Пасля гэтага, за арганізацыю страйку, трое супрацоўнікаў прадпрыемства былі асуджаныя да калоніі. А 40 супрацоўнікаў былі звольненыя і атрымалі штрафы. Супрацоўнікі БМЗ спрабавалі арганізаваць незалежны прафсаюз.

Штодзень

Слайдар пастоў