Праваабаронца Леанід Судаленка ў сваіх сацсетках звярнуўся да Аляксандра Лукашэнкі і прадстаўніка прэзідэнта ЗША Дональда Трампа Джона Коўла з просьбай паспрыяць вызваленню цяжарнай палітзняволенай Наталлі Левай. Кабета павінна нарадзіць у сакавіку і адбывае шматгадовы тэрмін зняволення.
”У сакавіку яна павінна нарадзіць. А сядзець ёй каля чатырох гадоў. Гэта першае і доўгачаканае дзіця ў сям’і і першае дзіця палітзняволеных, якое можа нарадзіцца ў турме. Я, беларускі праваабаронца Леанід Судаленка, звяртаюся да Лукашэнкі. Дзіця ні ў чым не вінаватае. Яно не выбірала ані краіну, ані гэтую турму. Роды — не частка пакарання. Месца цяжарнай — дома, побач з сям’ёй, а не пад наглядам канваіраў”, — заявіў Судаленка. Ён таксама нагадаў, што ўлады абвясцілі 2026 год Годам жанчыны, і прапанаваў пачаць яго з акту міласэрнасці.
Фота: Наталля Левая, LinkedIn
Хто такая Наталля Левая
Наталля Левая — IT-спецыялістка, якая працавала ў Польшчы і ў снежні 2023 года вярнулася ў Беларусь, нягледзячы на папярэджанні калег. Перад паездкай яна выплаціла так званую “кампенсацыю” за данаты 2020 года і атрымала даведку ад КДБ, аднак была затрыманая адразу на мяжы. У ліпені 2024 года суд прысудзіў ёй 6 гадоў калоніі і штраф у 40 тысяч рублёў па абвінавачаннях у фінансаванні экстрэмісцкай дзейнасці. У калоніі пасля спаткання з мужам Наталля зацяжарыла — пасля доўгіх гадоў беспаспяховых спроб завесці дзіця. Паводле сведчанняў былых зняволеных, цяжарнасць праходзіць у жорсткіх умовах гомельскай жаночай калоніі, з працяглым знаходжаннем на марозе і адсутнасцю належнага адзення.