Работы па змене плошчы Паўстання ў Гомелі выклікалі шмат непаразумення. Плошча з танкам і паркоўкай заўсёды была даволі нуднай і нецікавай, але пасля праведзеных работ стала проста жахлівай. Пакуль ніводны горад Беларусі не наблізіўся маштабам ідэалагічных работ і безгустоўя да Паўночнай Карэі, як гэта зрабіў Гомель на адной асобна ўзятай пляцоўцы.
Але, аказваецца, аб’ект можна за кошт бюджэту паляпшаць бясконца. Уладам падалося мала, што чырвона-зялёныя малаўцямныя аб’екты ў форме зорак захламляюць прастору (па версіі прапаганды, “захоўваюць гісторыю і нагадваюць пра подзвігі нашых продкаў”).
Цяпер гэтыя зоркі “будуць ярка ззяць” – “як сімвал вечнай памяці аб подзвігу нашага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны”, “мадэрнізацыя падсвятлення зробіць знакавы аб’ект яшчэ больш выразным і прыкметным у вячэрні час”, “гэта ўклад у аблічча горада, дзе традыцыі і павага да гісторыі ідуць рука ў руку з развіццём”. Дарэчы, калі вам падаецца, што тэкст у галоўнай прапагандысцкай газеце горада напісаны з дапамогай штучнага інтэлекту, вам не падаецца.