Гомелец Барыс Анікееў, які праз палітычныя прычыны жыве цяпер пад Калабжэгам у Польшчы, актыўна дапамагае Украіне. За гэтую дапамогу ён атрымаў афіцыйную падзяку ад кіраўніцтва украінскай ваеннай часткі.
Барыс Анікееў. Фота: ФБ-акаўнт героя матэрыяла
“Штодзень” распытаў Барыса пра тое, чаму ён вырашыў дапамагаць УСУ, колькі дапамагае і на што яна ідзе.
Калі вы пачалі дапамагаць Украіне і чаму дапамагаеце? Як рэагуюць украінцы?
– У мяне да гэтага часу ў галаве не ўкладаецца, як з майго роднага горада пачалася вайна. Пачнём з гэтага. Я сам — з Барталамееўкі Веткаўскага раёна. Але ж мае родзічы і ў Грушаўцы жывуць, і ў Лук’янаўцы, дзе войска стаяла расейскае, адкуль таксама пачаўся гэты наступ на Чарнігаўшчыну.
Гэтага я не магу зразумець. Я сам колькі разоў праз Ярылавічы ездзіў да Чарнігаўшчыны. Проста гуляць, да дзевак, у Галубовічы, Рэпкі. Праз Дняпро плавалі на той бок, калі былі малымі, купаліся, гулялі. Я трошачкі рачніком быў. У дзяцінстве ў паходы да Кіева хадзілі. Ну так вось як сталася, быццам хто ў душу нагадзіў. Такая вось бяда.
Потым я быў у шоку, калі пачаў першых бежанцаў сустракаць. Спачатку ў Варшаве Усходняй, пасля ў сябе ў Калабжэгу. А як украінцы да нас ставяцца? За гэтыя чатыры гады былі людзі, каторыя са мной па паўгода, па году не размаўлялі проста праз тое, што я беларус. Але ж я іх ад іх не адмаўляўся. Як гаварыцца, твар не адварочваў, і кавалак хлеба даваў, і малака бясплатна, калі яны з дзецьмі прыходзілі. Розныя украінцы былі. Я заўсёды казаў, і палякам кажу: “Ёсць такая жыццёвая заканамернасць. Нехта уцякаў ад вайны, а нехта пад шум вайны”. Я сам бачыў людзей, каторыя у адных спадніцах босыя і голыя стаялі зімой. А нехта з валізкамі поўнымі рэчамі. І ніхто не падзеліцца.
Цяпер больш публічна пачаў дапамагаць. Раней рабіў гэта ціха, каб не было такога ціску на маіх родных. Але ўжо там ужо так заціснулі маіх родзічаў, што дыхаць ім няма чым, таму я пачаў гэта рабіць у адкрытую. У тым ліку таму, што жанчыну маю пазбавілі волі ў Беларусі праз тое, што яна проста дачцы дасылала грошы ва Украіну.
А як вы дапамагаеце?
– У нас тут трохі іншыя людзі, гэта не так як у Варшаве, дзе “пальцы веерам”. Тут больш простыя людзі, але яны разумеюць, што ў свеце адбываецца. Тыя ж дзеці. Нядаўна быў кірмаш. Дзеткі печыва пяклі. Многа, мала там набывалі. Яны 150-200 злотых падкідваюць на пераводы ва Украіну. Гэта дробязь, але людзі ведаюць сітуацыю. Ну дзеці з Украіны вучацца ў нас. На рыбзаводзе працуе палова украінцаў. Адны дзяўчаты. На малочцы дзяўчаты працуюць. Дапамагаем адзін аднаму. У асноўным большую частку грашыма.
Больш дапамагаеце менавіта УСУ ці бежанцам?
– Уцекачам-украінцам мы тут дапамогу робім са сваёй гаспадаркі. Тут і шматдзетныя сем’і, у каго па чацвёра дзяцей, і па трое, з немаўлятамі папрыязджалі, яны ўжо павырасталі, па два-тры гады. Ім малако бясплатна даем, бульбачкі ім завёз з гаспадаром, сам адабраў. У людзей гора. Яны ўсё пакінулі. Ёсць у мяне знаёмыя дзяўчыны-украінкі, у якіх зусім нічога няма ў белым свеце, ні родзічаў, дома, нічога не засталося, няма куды падзецца…
А за што далі падзяку ад узброеных сілаў Украіны?
– Падзяку мне ўручылі за матэрыяльную дапамогу. Мы там арганізоўвалі закупы для ўкраінскіх жаўнераў. Таксама дапамагаю жыхарам дальніх хутароў на Чарнігаўшчыне, гэта амаль што Гомельшчына. Для УСУ арганізоўваем дапамогу. Удзельнічаў у латарэі з гэтай нагоды, там дробязі прыемныя ў якасці прызоў, дык я выйгрышы я, канешне, не бяру, пакідаю там жа. На Чарнігаўшчыне у хутарах засталіся адныя кабеты, бабці ды дзяўчыны. Хлопцы ўсе на вайне.
У мяне ёсць знаёмыя людзі ва Украіне: пан Аляксандр з Чарнігава, пані Наталка, Іванка, ёсць пчолка Мая, а тут пчолка Ната. Мы ім дапамагаем, і яны ўжо самі вырашаюць, куды накіраваць. Ёсць памочніцы, каторыя сеткі плятуць. Працуем на поўным даверы, яны давяраюць мне, а я — ім.
Як вы вызначаеце памер гэтай дапамогі? Нейкі працэнт ад заробку?
– Я сваю дзесяціну аддаю украінскай арміі. Я лічу, што гэта нармальна. Я не бедны, не галодны. Там людзям больш патрэбна. Мы чым можам, тым дапамагаем для гэтага. Як людзі кажуць: “Не чакай ўдзячнасці і будзеш удзячным заўсёды”.
Калі вы дапамагаеце ўкраінцам, ці гэта мяняе да лепшага стаўлення да беларусаў?
– Так, зусім іншыя адносіны. Мяне многа ўкраінцаў чытаюць у сацсетках. Дастаткова гэта людзі бачаць. Украінцы бачаць гэта. Усе дальнія хутары ведаюць, што беларус дапамагае арганізоўваць дапамогу. Хай гэта дробязі, але яно таго варта.
А вы ведаеце на што ідзе ваша дапамога?
– Я канкрэтна ведаю. Пілотам дронаў большая частка ідзе, збіраем на акумулятары, батарэі на дроны, на станцыі. Дальнім хутарам мы дапамагаем. Валанцёраў падтрымліваем, якія сеткі плятуць, а таксама пакупаюць прадукты, харчаванне. Галодныя ж хлопцы сядзець не будуць. Наталка дапамагае сеткі, спанчбонд яна там арганізоўвае, з гэтых латарэек набывае тыя ж сеткі. Гэта ж вайна, усё страчваецца.
Зараз хлопцы паедуць ва Украіну. Вырашылі купіць старэнькі самаход. Будзем ўласнымі грашыма складвацца, купім. Ён шэсць тысячаў злотых каштуе. Не біты, нармальны, дзесьці там яшчэ падрэмантуюць.
Я ўжо проста стаміўся верыць камусьці за гэтыя гады. Нават з 2014 года ўжо нікому не веру. Столькі перацягалі той дапамогі за гэты час. Але ўсё роўна ў мяне ёсць адна-адзіная надзея, калі мой злоты дапаможа зрабіць маленькі крок да перамогі, Беларусь мая стане вольнай.
Чытаць па тэме:
Актывіст Барыс Анікееў пра сельскую гаспадарку