Гомельскія чыноўнікі вычакалі пару тыдняў пасля вялікіх снегападаў і тыдзень пасля галалёда, каб праверыць якасць прыборкі. І знайшлі вінаватых, не камунальнікаў, а прадпрыемствы, за якімі замацаваныя рашэннем улады часткі вуліцаў.

“Вядучая роля належыць камунальным і дарожным службам, каб ім дапамагчы, вуліцы і тэрыторыі агульнага карыстання замацавалі за прадпрыемствамі. Але не ўсе справіліся з гэтым абавязкам. Падчас абследаванняў выяўленыя ўчасткі, на якіх не забяспечаны належная ачыстка праезнай часткі і тратуараў, а таксама апрацоўка супрацьгалалёднымі матэрыяламі. У Гомелі гэта, у прыватнасці, тэрыторыі на вуліцах Барыкіна і Яфрэмава, а таксама пуцеправоды на Савецкай і Малайчука”, – адсправаздачылася рэгіянальнае дзяржаўнае тэлебачанне.
“У выпадку выяўлення такіх тэрыторыяў, аператыўна інфармуюцца адпаведныя службы і прымаюцца меры па іх ачыстцы”, – сказала ў эфіры намесніца начальніка гомельскай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Аліна Плотнікава.
Паводле яе, у Гомелі тры асноўных пляцоўкі для збора снега: дзве ў Савецкім раёне і адна ў Навабеліцкім. Туды можна вазіць снег і прадпрыемствам.
Улады справаздачацца пра кантроль рэагентаў у глебе на такіх пляцоўках і абяцаюць мяняць іх кожныя два гады, каб “зямля адпачывала”.
У выніку праверак Гомельскаму, Мазырскаму і Светлагорскаму райвыканкамы абавязалі прыбраць недахопы па прыборцы снега да 6 лютага. Пры гэтым светлагорская чыноўніца адсправаздачылася ў эфіры рэгіянальнага тэлебачання, што ў іх з гэтым усё добра.