Украінскі журналіст Дмытро Хылюк, які правёў у расейскім палоне тры з паловай гады, падзяліўся жудаснымі ўспамінамі пра першыя дні пасля захопу. Ягоныя сведчанні сталі яшчэ адным пацвярджэннем таго, што расейскія войскі вывозілі і ўтрымлівалі палонных украінцаў на тэрыторыі Беларусі.

Дмытро Хылюк. Калаж: УНІАН
“Вайна для мяне асабіста пачалася 25 лютага 2022 года. У гэты дзень наша вёска Казаровічы на Кіеўшчыне была акупаваная: зайшлі расейскія войскі і сувязь з Кіевам перарвалася. Спачатку яны паводзілі сябе спакойна, але калі іх пазіцыі пачалі абстрэльваць украінскія войскі, акупанты ўварваліся ў вёску і сталі вельмі злыя. Я тады яшчэ не ведаў, што яны выкрадаюць людзей…” — так пачынае сваю гісторыю журналіст у размове з украінскім выданнем УНІАН. Дмытро трапіў дадому ў выніку апошняга абмену палоннымі, які здарыўся нядаўна. “Штодзень” публікуе фрагменты з гутаркі, дзе ўзгадваецца беларуская Нароўля.
Дарога з Гастомеля
16 сакавіка (2022 года – заўв. Рэд.) палонных вывезлі з Гастомеля ў закрытых грузавіках, у металічных кайданках. Паводле сведчання журналіста, праз шчыліну ён убачыў, што калона рухаецца на поўнач. Па дарозе былі разбураныя крамы і разграбленыя хаты. На адным з прыпынкаў расейскі вайсковец у істэрыцы крычаў: «Мы к вам не с войной пришли!», што сведчыла пра разгубленасць і страх акупантаў, якія не чакалі супраціву.Беларусь: “Известь” у Наровлі
Калона прыбыла ў Беларусь, у мястэчка Нароўля. Там, паводле журналіста, палонных трымалі ў будынках без вокнаў і з пабеленымі вапнай сценамі. Украінцы называлі гэтае месца «Известь». Тут сабралі каля 80 чалавек — пераважна жыхары Кіеўскай вобласці: з Бучы, Гастомеля, Ірпеня, Дымера, Кацюжанкі, Глыбаўкі і вёсак Барадзянскага раёна. Сярод зняволеных былі ўкраінскія вайскоўцы, але большасць складалі цывільныя. Пры гэтым у Беларусі ўсіх прымушалі запаўняць расейскія карткі “ваеннапалонных”.Расея: Новазыбкаў, СІЗА №2
18 сакавіка палонных зноў перавезлі — ужо ў расейскі горад Навазыбкаў Бранскай вобласці. Там яны трапілі ў старое СІЗА №2. Пры так званай “прыёмцы” ўсіх жорстка збівалі: ад аўтазака да кабінета афармлення дакументаў — дубінкамі, рукамі, кідалі на зямлю, нацкоўвалі сабак.Гэтыя паказанні сталі важным дадаткам да сведчанняў пра тое, што Беларусь выкарыстоўвалася як тэрыторыя для ўтрымання і транзіту ўкраінскіх палонных у пачатку поўнамаштабнай вайны.