Вераснёўскі нумар часопіса “Роднае слова” будзе прысвечаны 90-годдзю філалагічнага факультэта Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны. Як анансуецца, галоўнымі героямі выпуску стануць вядомыя пісьменнікі з Гомельшчыны: Анатоль Грачанікаў, Уладзімір Ліпскі, Андрэй Макаёнак, Іван Мележ, Іван Навуменка, Барыс Сачанка і Іван Шамякін.

Графіці з выявай Францыска Скарыны на сцяне філфаку ГДУ
Аднак спіс імёнаў выглядае няпоўным. У ім няма двух асобаў, якія вызначаюць сучасны культурны і маральны ландшафт Беларусі: лаўрэата Нобелеўскай прэміі міру, цяперашняга палітвязня, Алеся Бяляцкага і культавага беларускага паэта Анатоля Сыса.

Анатоль Сыс, Едрусь Акулін і Алесь Бяляцкі. Бабчын 1980 год. Фота з кнігі Алеся Бяляцкага “Асвечаныя Беларушчынай”, Вільня 2012 год. Фота: Сяржук Сыс
Фактычна з афіцыйнай гісторыі філалагічнага факультэта выкідваюцца фігуры, якія не ўпісваюцца ў дзяржаўны ідэалагічны канон. Алесь Бяляцкі за сваю праваабарончую дзейнасць асуджаны на 10 гадоў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Паэт Анатоль Сыс – аўтар многіх вершаў, нязручных для ўладаў Беларусі вершаў, сярод якіх і такіх радкоў:
З таго часу, як лесам іду,
дык пільнуюся вока зладзейскага,
скурай чую бяду, як ваду,
за спіною — мядзведзя расейскага.
Такім чынам, юбілей гомельскага філфаку ператвараецца не толькі ў свята, але і ў чарговы прыклад таго, як фармуецца “патрэбная” гісторыя беларускай культуры.