HomelDays_Logo_Main-mobil

Зусім не людзі на балоце: гурт “TORF” сыграў у Гомлі феерычны канцэрт

Калі ў Гомлі абвясцілі выступ ВІА “TORF”, гэта выглядала як жарт. Але за іроніяй пра савецкі фармат хаваўся канцэрт, які стаў адной з самых гучных культурных падзей года: цяжкі арт-метал, філасофскія тэксты і сэнсы між радкоў ды поўная зала людзей, што ў канцы вечара ўжо не маглі сядзець на сваіх месцах.

Даведка. Гурт “TORF” быў створаны ў Гомелі ў 2020 годзе, хоць гісторыя калектыву пачынаецца значна раней, бо частка яго музыкаў — чальцы вядомага “TT’34”. Хлопцы працягнулі граць цяжкі альтэрнатыўны рок на рускай мове, хоць іх музычны стыль можна больш трапна апісаць як арт-метал. “Тарфавікі” гуляюцца з філасофскімі тэмамі і насычаюць тэксты сваіх песень сімвалічнымі адсылкамі да пытанняў быцця, што актуальныя ў любыя часы. Яны паспяхова міксуюць выкшталцоную лірыку з цяжкімі бітамі і актыўна працуюць з візуалам, што тычыцца не толькі адметных вобразаў, але і відэакліпаў. Іх першы альбом “Романтика не в моде” пабачыў свет у 2023 г., але выступы гурта жыўцом на радзіме адбываліся нячаста.

Аднак сёлета нешта змянілася. У лютым “TORF” паспеў даць чаду на выступе ў Мінску. Той канцэрт меўся адбыцца яшчэ летась увосень, але праз форс-мажоры з гастрольнымі пасведчаннямі ўсё давялося перанесці. Пасля паспяховага выступу ў сталіцы, дзе хлопцы сыгралі і хіты “ТТ’34” стала вядома, што для роднага Гомеля яны рыхтуюць нешта ўнікальнае.

Пір падчас чумы і застою

Да прамоцыі канцэрта ў родным горадзе “торфаўцы” падыйшлі неардынарна. Яны прыбеглі да рэтра-стылю і прэзентавалі сябе як ВІА “TORF” што меўся выступіць у Гомлі ў пятніцу, 13 сакавіка.

У выніку гэты амаж савецкай культурнай традыцыі адчуваўся яшчэ і як тонкі сцёбам над існай у краіне сітуацыяй пераследу і ўцісканняў, які адчуваюць на сабе і музыкі.

Як вядома, у Беларусь ужо вярнуліся падпольныя кватэрнікі, як спосаб сыграць і пачуць нешта новае. Не дзіва, што на сцэну зноў выходзяць і рок-калектывы з прыстаўкай “ВІА”! Нават калі гэта і задумвалася як разавая прышпільная акцыя выйшла дужа сімвалічна як маркер эпохі і рэаліяў, у якіх даводзіцца жыць і ствараць нешта новае.

Гэта яшчэ больш прыцягнула ўвагу гомельцаў і яны не прагадалі. Галоўная зала Гарадскога цэнтра культуры, звычайна прызначаная для “сядзячых” канцэртаў была запоўненая напаўніцу.

“TORF” гледачоў не падвёў і зладзіў шыкоўнае шоў на ўсіх узроўнях. Якасны гук, прадуманы сцэнар выступу і драматургія. Лагодныя кампазіцыі кшталту “Общество пропавших капитанов” змяняліся драйвовымі і жорсткімі бітамі, як у песнях “Чемодан” або “Артист”.

Адну з лірычных кампазіцый пры прыглушаным святле нават дапоўнілі гукі губнога гармоніка і прыгожы харэаграфічны нумар у выкананні маладой танцоркі. А выконваць песню “Гаутама” на сцэну выйшаў маленькі хлопчык.

Удзельнікі гурта мянялі свае касцюмы ў адпаведнасці з тэматыкай і настроем песняў. Тое ж рабіла і “світа” ў відзе бэк-вакалістаў. Дапаўнялі вобразы густоўнымі разнастайнымі маскамі. Усё гэта ў спалучэнні з адметным візуальным шэрагам на экране і светлавымі эфектамі ўзмацняла эфект ад пачутага. Саліст гурта Аляксей Коршун не толькі з’явіўся на сцэне ў неардынарным касцюме, але і праявіў адметны для горада над Сажом лакальны патрыятызм і змяніў яго напрыканцы выступу на фірмовае джэрсі хакейнага клуба “Гомель”.

 

Перадаць атмасферу гэтага свята музыкі і візуала няпроста, але адчуць яе можна на ютуб-канале Гарадскога цэнтра культуры ў Гомлі, на сцэне каторага адбыўся канцэрт.

Цяжкая музыка і сэнсы між радкоў

Асобныя песні “TORF” пачалі гучаць ледзве не як свайго роду выказванні, што адзначылі ў сацсетках пасля канцэрта і наведнікі. Дзвухсэнсоўнасць тэкстаў гурта пры гэтым неперадавальная, таму абыйсціся без цытаванне немагчыма.

“Я увидел себя
В отражении здравого смысла
Кто-то в тридцать седьмом
Не пошел с жизнью на компромиссы

Делай что должен
Будь что будет
Делай что должен
Время рассудит”

(TORF – Конечная)

“Кладбище разбитых кораблей
Общество пропавших капитанов
В бесконечной веренице дней
Посмотри, что с нами всеми стало

Надо мной, над тобой тишина
Вверх, в сторону, вниз
Я не чувствую дна
Ещё один день”
(TORF – Общество пропавших капитанов)

“Люди на болоте, люди на болоте
Ничего не будет, ничего не будет
Люди на болоте, люди на болоте
И болото в людях

Цепляться как дедушка за антресоль
В командировку яйцо, курицу, коробок и соль
Продавать петушки на палочках вместо приложений
Имитировать деятельность нелепыми движениями

Карабкается насекомое на песочный холм
Политкорректные высказывания против выстрелов в упор
Мне, пожалуйста, картофельный гамбургер и пшеничный сок
Проще ничего не делать и как страус головой в песок
Так, так и живем“
(TORF – Люди на болоте)

Магчымасць сыграць такое ўнікальнае шоў ды спяваць усё гэта са сцэны, ды каб твае словы адгукаліся ў галовах і сэрцах людзей – рэдкая магчымасць у наш час ды пэўная смеласць. Нездарма ў сацсетках ужо пачалі з’яўляцца допісы пра самую адметную культурніцкую падзею 2026 г. ў Гомлі і бясконцыя падзякі гурту “TORF” за гэтае свята.


“Всё, п****ц. Ты попал в замес”

Былы саліст гурта “ТТ’34” Аляксандр Пацёмкін пасля лютаўскага канцэрта “торфаўцаў” у Мінску запісаў відэазварот у сацсетках дзе выказаў жаданне пры нагодзе далучыцца да будучых выступаў “TORF” калі будуць выконвацца старыя песні. На радасць гомельцаў гэтае творчае уз’яднанне адбылося менавіта на гэтым выступе, дзе ў выніку і прагучалі асноўныя хіты гурта-папярэдніка – “Джек”, “Бум”, “П**дец” (у каторым тактоўна замянілі загалоўнае слова на “ты здесь”) ды інш.

Уся гэтая цяжкая музыка і словы гучалі не ў нефармальным клубе, а са сцэны Гомельскага гарадскога цэнтра культуры. Не дзіва, што наведнікі канцэрта, як і іх папярэднікі ў 1970-80-х гадах у СССР, пад канец ускоквалі з зэдлікаў і масава “слэміліся” ля сцэны. Усядзець спакойна было немагчыма.


Паўстанне мамантаў

Цікавым трэндам з’яўляецца актывізацыя гомельскіх “мастадонтаў” цяжкай музыкі за апошні год. Акрамя адметных канцэртаў “TORF” у Мінску і Гомлі можна прыгадаць хлапцоў з “Gods Tower”, якія зладзілі тур з нагоды трыццацігоддзя альбома “The Turns”. У межах яго яны наведалі гарады Польшчы, Літвы, завіталі ў Германію ды нават Кіпр, дзе саліст гурта Лэслі Найф быў вымушаны выступаць дыстанцыйна: праз пытанні да яго дакументаў яму не дазволілі прыляцець на выступ гурта ў Лімасол. Акрамя старых хітоў на канцэртах прагучалі і новыя песні, а таксама абвестка аб намерах запісаць паўнавартасны альбом.

За варушняком гомельскіх гуртоў-выканаўцаў цяжкай музыкі (дзе б яны пры гэтым фізічна не знаходзіліся) зноў стала цікава назіраць. Застаецца спадзявацца, што такі пазітыўны трэнд падорыць слухачам яшчэ не адзін цікавы канцэрт ды альбом. А гурт “TORF” запіша нарэшце і песню на беларускай мове, бо немагчыма вечна заставацца “людзьмі на балоце” без роднага слова. Прыспеў час беларусам “людзьмі звацца”.

Жан Д’Арк для Штодня
Фота: з адкрытых крыніц

Чытайце таксама

90-я без фільтраў: андэграўнд, нажніцы, гопнікі з кастэтамі: як выжывалі героі гомельскага андэграўнду

Гомельскі саўндтрэк: ад Уцёсава да God’s Tower

Слайдар пастоў