Гомель 1990-х — гэта не інстаграмны фільтр “nostalgia”, а сапраўдныя гарадскія джунглі, дзе за доўгія валасы ці “касуху” можна было адразу атрымаць у морду, а то і страціць зубы. На канцэрт “Рок — дзецям Чарнобыля” гопнікі з усяго горада прыходзілі не слухаць, а стрыгчы “нефармалаў” нажніцамі і рэзаць ім курткі. Тут Балка насупраць пракуратуры была мясцовым Гайд-паркам, дзе тусаваліся металісты, панкі, калекцыянеры і проста вар’яты. Тут метал гучаў гучней за ўсё, бо Гомель — пралетарскі горад, а сапраўдны метал, як кажа Lesley Knife, нараджаецца толькі там, дзе смурод і заводы. Гэта быў час, калі ўсё рабілася ўласнымі рукамі і на ўласны страх і рызыку: ад самаробных фэстаў “Day Of Darkness” да рэп-вечарынак у “Спартаку”. Час, калі пасля канцэрту ў “Доме настаўніка” ахову і гопнікаў з прыгарадаў цяжка было адрозніць, а міліцыя прыязджала пакаваць пацярпелых. Нягледзячы на ўвесь трэш і ўгар 90-х, многія гомельцы ўспрымаюць той час як перыяд магчымасцей, чаго не стала пазней.
Уладзіслаў Наважылаў (Lesley Knife), фронтмэн і вакаліст гурта “Gods Tower“, пісьменнік і палітэмігрант узгадвае яркія старонкі з гомельскай гісторыі 1990-х: “90-я – тэма неабсяжная, хардкорная. Тады можна было зубы страціць, калі штосьці не так сказаў…”

Lesley Knife
1990-я ў кантэксце эпохі перамен
Калі мы папрасілі Lesley Knife выказацца лаканічна пра тое, з чым для яго асацыюецца гэты пераломны перыяд, ён без асаблівых ваганняў выдаў: “Я ўжо немалады чалавек, я ўспрымаю той перыяд як настальгію, але без ідэалізацыі. Я б сказаў, што гэта такая казка, але без абавязковага хэпіэнду, бо сапраўдныя казкі насамрэч вельмі злыя. Гэта не быў такі свет, як яго падаюць некаторыя ў Інстаграме.”
Наш суразмоўца падкрэсліў, што Гомель у 1990-я гады варта разглядаць у кантэксце эпохі перамен у Беларусі з усімі пазітыўнымі і негатыўнымі момантамі, з усплёскам грамадскай актыўнасці, з’яўленнем новых музыкаў і калектываў, літаратурай, мастацтвам, але і з гопнікамі, бандытамі і алкаголем.
Штодзень: Слухай, калі б была нейкая сімвалічная мапа, на якой можна было б абазначыць самыя галоўныя месцы ў 90-х, звязаных з тваёй творчасцю, што б ты пазначыў?
— У першую чаргу, Аэрадром. Я большую частку жыцця правёў на Аэрадроме. Таксама Валатава вельмі важнае месца. Там жыло вельмі шмат цікавых людзей з трагічнымі лёсамі. Гэта былі таксама вельмі небяспечныя месцы, дзе можна было “хапнуць” добра прама на вуліцы, прычым без асаблівай прычыны. Ішоў-ішоў, і на сраку прыгоду знайшоў. Усё гэта, як разумееш, нібы жыць у гарадскіх джунглях, дзе можна тыгра пагладзіць, а некалі і тыгр можа цябе “пагладзіць”.
“Білі ўсіх запар. Мянтоў, як заўсёды, нібыта і не існавала.”
У красавіку 1991 года ў Гомелі мясцовыя энтузіясты-нефармалы вырашылі стварыць свой рок-клуб, па аналогіі з іншымі падобнымі пляцоўкамі ў вялікіх гарадах былога Саюза. Вырашылі пачаць з канцэрта. І назву для канцэрта рокеры абралі досыць актуальную “Рок – дзецям Чарнобыля”. Усе гэтыя фактары: скопішча валасатых металістаў, чарнобыльская тэматыка і ідэя стварэння крамольнай пляцоўкі, відаць, не надта спадабалася пэўным таварышам, якія і арганізавалі ў Гомелі першы масавы пагром музыкаў і гледачоў рок-канцэрту. Як паведамляецца ў кнізе даследчыка Вячаслава Сухоцкага “Гісторыя музыкі Гомельскай вобласці: 1900-2015”: “В концерте приняли участие “Quo Vadis”, “Chemical Warfare” и “Артель”. Концерт закончился погромом — аккуратно подстриженные ребята ворвались в зал, начали избивать зрителей и музыкантов. Некоторые получили травмы, многим порвали одежду или обрезали волосы ножницами. В итоге – организация гомельского рок-клуба была отложена до лучших времен…”
Адзін з заяўленых на канцэрт гуртоў, Chemical Warfare, — гэта ранні праект нашага суразмоўцы Lesley Knife. Ён даволі добра памятае тое здарэнне:
— Гэта, бадай, самы задакументаваны эпізод, які я апісаў у кнізе “Яблык у валізцы”. Яму прысвечана амаль цэлая глава. Канцэрт адбываўся ў актавай зале філфака Гомельскага Дзяржаўнага Ўніверсітэта. Хто яго арганізоўваў — дакладна не памятаю. Зала была поўная. Там шмат ленінаў вісела, усялякіх камсамольскіх штукенцый — плакаты і партрэты. Гэта выглядала дзіўна і камічна адначасова. Усё скончылася такой прыгодай, калі нам давялося выбіваць дзверы і ўцякаць (прыпынкі два-тры беглі, не спыняючыся). На канцэрт прыперліся, здаецца, гопнікі з усяго горада і наваколляў, таму іх лічбавая перавага была значнай. Узброеныя яны былі нажніцамі, з дапамогай якіх абразалі валасы нефармалам і рэзалі вопратку. Першым пацярпеў, наколькі памятаю, джазавы барабаншчык Хадановіч — яму парэзалі куртку. Ён быў высокі хлопец і нейкім цудам здолеў вырвацца. А потым пачалося сапраўднае пекла: білі ўсіх запар, тапталіся па людзях, лютасць была жудасная. Мянтоў, як заўсёды, нібыта і не існавала. Пасля гэтага ў нас была паўза ў канцэртах…
“Спидобойка” не вылучалася пурытанскімі норавамі
Калі мы спыталі ва Уладзіслава пра фэсты і канцэрты ў Гомелі, якія праходзілі ў 1990-я, ён рассмяяўся:
— Якія фэсты? Вы пра што ўвогуле? Усё рабілася ўласнымі рукамі. Гэта рабілі звычайныя хлопцы, як Віктар Лапіцкі. У Беларусі тады наогул ніякіх фестываляў не было. Найбліжэйшае, што было, — у 97-м нейкі аднаразовы фэст ад музычнага часопіса. Потым прыйшоў да ўлады Лукашэнка, пасля чаго ўсё скончылася. Нас нікуды не пускалі. Мы ж былі “металісты смярдзючыя”
Нягледзячы на запэўніванні Уладзіслава адносна адсутнасці музычных фэстаў у Гомелі ў 1990-я, усё ж з ініцыятывы аматараў цяжкай музыкі сёе-тое праводзілася. У прыватнасці, Віктарам Лапіцкім ладзіўся фестываль Day Of Darkness. Пазней найбольш заўважным гарадскім мерапрыемствам сталася акцыя “Спидобойка”, якая праводзілася арганізацыяй АСДЕМО (Ассоциация Детей и Молодёжи) з 1996 года. Атмасфера першых акцый, аднак, не вылучалася пурытанскімі норавамі. Вось згадка з тагачаснай “Школьнай газеты” пра закуліссе “Спидобойки” ў 1998-м: “Всё, казалось бы, хорошо, но.. Стоило выйти из зала и зайти, скажем, в женский туалет, как мысли о веселой, заводной музыке сменялись мыслями о СПИДе и его спутниках. И вовсе не в смысле профилактики этой напасти. Девушки курили (но не обычный табак!), нюхали клей, прикладывались к бутылке… А в это время в зале рассказывали, как уберечься от СПИДа, выдавали самым смекалистым презервативы…”
Першая ў горадзе рэп-вечарына
Аднак не толькі рокеры актыўнічалі ў Гомелі ў 1990-я. Так, як паведамляецца ў кнізе Вячаслава Сухоцкага, у 1999 годзе ў кінатэатры “Спартак” (месца было больш вядомае сучасным гомельцам пад назвай “Plaza”) адбылася першая ў горадзе рэп-вечарына, у якой узялі ўдзел каля 80 чалавек. “Гэта быў сур’ёзны крок у развіцці хіп-хопа, хоць мы і ўляцелі на 40$ (на тыя часы гэта былі нармальныя грошы)”, — згадваў удзельнік гурта Саныч. У далейшым гомельскія рэперы сталі знакамітымі на ўсю краіну. Згадайма гурты “Городская тоска”, “Резиновый кед”, “13 район” і іншыя.
А некаторыя імпрэзы па накале жарсцяў не саступалі рок-канцэртам. Вось, напрыклад, як праходзіла дыскатэка ў ГДУ імя Ф. Скарыны з удзелам “Городской тоски”: “Лучшие рэперы Полесья исполняли композиции из старого репертуара, а также порадовали танцующих своим свежими хитами. Публика была в восторге. Оригинальные тексты и убойные ритмы сделали свое дело: благодарные поклонники сорвали бейсболку с головы Саныча; благодаря положительной энергетике песен несколько раз в зале начинались массовые потасовки и выступление приходилось прерывать…” (Проспект, 31.03.1999).
Аднак, нягледзячы на разнастайнасць музычных стыляў і напрамкаў, прадстаўленых у 1990-я ў горадзе над Сожам, Гомель меў рэнамэ рэспубліканскай сталіцы цяжкай музыкі. Lesley Knife тлумачыць, чаму менавіта ў нашым горадзе метал стаў шалёна папулярным:
— У Гомелі метал быў найбольш папулярным і найбольш адметным жанрам у параўнанні з іншымі рэгіёнамі. Бо Гомель — гэта індустрыяльны горад. Метал — гэта музыка індустрыяльных гарадоў па сваёй прыродзе. Паглядзіце, адкуль найлепшыя металічныя школы і гурты? З індустрыяльных месцаў. Black Sabbath — з Бірмінгема, а Бірмінгем — гэта суцэльныя заводы і смурод. Немцы мацнейшыя ў метале, таму што там паўсюль прамысловасць. Сапраўдны метал — пралетарская музыка. Таму я вельмі скептычна стаўлюся да сучаснага “металу”. Гэта як розніца паміж класічным марксізмам і неамарксізмам 21-га веку. Зусім розныя сусветы, розныя катлы, у якіх усё гатавалася. Сённяшні “метал” — гэта проста х…ня нейкая. Нельга зрабіць смажаную бульбу з соі. Гэта цалкам заканамерна: метал-гурты з’яўляліся менавіта ў гарадах, дзе была вялікая доля заводскага, пралетарскага насельніцтва…
Арганізатар канцэртаў, былы палітвязень Ілля Міронаў, які цяпер пражывае ў Вільні, таксама “падсеў” на цяжкі рок дзякуючы свайму старэйшаму брату Яўгену. “Ён быў з тусоўкі металістаў, таму з пачатку 1990-х у нас дома заўжды былі альбомы мясцовых гуртоў, у тым ліку “Gods Tower”. У нас было многа рознай музыкі ў той час, але мы слухалі метал. Усё залежала ад таго, у якім коле ты знаходзішся. У кагосьці было тэхна, а я праз братава захапленне стаў слухаць тое, што перайшло мне ў спадчыну.”
Уладзіслаў Наважылаў заўважае, што 90-я перажылі не ўсе ягоныя знаёмыя музыкі. З усталяваннем аўтарытарызму над краінай навісла цяжкая атмасфера бесперспектыўнасці. Былыя лідары гуртоў, куміры моладзі апускаліся на дно, співаліся і паміралі.
— Аляксандр Уракаў — тыповы лёс музыкі ў 90-х, які не вытрымаў выпрабаванняў рэальнасці. Я на такім жа шляху быў, але змог вырвацца. Тут падыходзіць слова “заняпад”. У 1990-я быў пік з яркай музыкай, гэта быў час надзеі, а ў цяперашняй Беларусі надзеі няма…
Культавыя лакацыі
Ілля Міронаў назваў некалькі культавых месцаў у Гомелі, дзе тусаваліся ў 1990-я нефармалы. Першае — Палянка на Сонечнай. Гэта было вядомае месца, дзе збіраліся металісты.

Ілля Міронаў
Больш важнае – гомельская Балка, якая знаходзілася насупраць пракуратуры, у колішнімПіянерскім скверыку. Тут можна было не толькі купіць або абмяняць дыскі, але і ўзяць іх для запісу, заплаціўшы адпаведную суму. Прыходзілі і музыкі, каб пазнаёміцца з музычнымі навінкамі, якія з’явіліся ў горадзе. Як згадваюць нефармалы тых часоў: “Віцю па мянушцы Тэлевізар — рэстаўратара вінілавых плытак — ведалі многія: ён прыбіраў пстрычкі, хоць і не да ідэалу, паліраваў дыскі… Патрэбны быў чалавек для тых, хто хацеў “ўцюхаць” нованароджаным меламанам ужо непрыдатны для сапраўдных знаўцаў дыскі. Адна з мэтаў паходу на балку была менавіта такая, бо абмен кружэлкам часцей адбываўся па дамах, без сведак, з абавязковым праслухоўваннем — кожны пстрык, як нажом па сэрцы… прадказваў уладальніку паніжэнне кошту яго вінілавай кружэлкі.”
Ілля Міронаў:
— Таксама магу згадаць Дом настаўніка на праспекце Кастрычніка, дзе праходзілі метал-канцэрты. Дарэчы, у 1996 ці 1997 годзе я якраз і пайшоў упершыню на канцэрт цяжкай музыкі ў Дом настаўніка. Мама мяне не хацела туды пускаць, брат пераконваў, што не варта ісці, бо пасля канцэрту могуць напасці гопнікі. Але я ўсё ж пайшоў. І закончылася гэта сапраўды тым, што ахова канцэрту выгнала наведнікаў канцэрту на вуліцу, дзе іх чакалі адмарозкі з прыгарадаў, якія былі з каламі. Мы з братам сышлі, але я чуў, што там было “мясілава”. Калі мянты прыехалі, то яны пакавалі тых, хто пацярпеў, то бок нефармалаў. Нават да канца 1990-х канфлікты і бойкі з гопнікамі былі звычайнай справай пасля канцэртаў метал-гуртоў. Я як экстрэміст са стажам, аднак, скажу, што тагачасныя гопнікі куды лепшыя за прадстаўнікоў цяперашняй улады. А калі сур’ёзна, мне падаецца, што краінай якраз кіруюць насамрэч гопнікі, якія ў сярэдзіне 1990-х білі нефармалаў, пасталелі, сталі часткай злачыннай групы, якая захапіла Беларусь…
Уладзіслаў Наважылаў, каб яму давялося выбраць месца для мемарыялізацыі 1990-х у Гомелі, спыніўся б на варыянце ўвекавечання так званай Балкі — месца для тусоўкі нефармалаў, аматараў музыкі, калекцыянераў і гарадскіх вар’ятаў. “Помнік Грамыку ў свой час стаў для гомельцаў не сімвалам СССР, а сімвалам Балкі. Там тусаваліся ўсе гомельскія творчыя людзі, своеасаблівы Гайд-парк. Таму я б ушанаваў гэтае месца.”
Ілля Міронаў лічыць 1990-я гады часам магчымасцей, калі ён упершыню пачаў хадзіць на канцэрты, перапісваць у рок-кіёску музыку на касеты: “Гэта быў вельмі круты час. Жах пачаўся пазней, а не тады, калі прыходзілі нефармалы на нейкія канцэрты і біліся з гопнікамі. Сапраўды п…дзец пачаўся пасля 2020 года, хоць і раней яго праявы былі. Прычым п…ц такі, што ні ў казках распавесці, ні пяром апісаць. У 1990-я проста можна было атрымаць у морду, але там не было ніякай палітыкі. За тое, што ты слухаеш нейкі гурт, у турму не саджалі, а цяпер за песні могуць адправіць за краты надоўга. І з кожным годам робіцца горш…”
