HomelDays_Logo_Main-mobil

Могільнік на Палессі? Фота бурыльных работ могуць паказваць на месца будучага сховішча радыеактыўных адходаў

З’явіліся фотаздымкі бурыльных работ у сасновым лесе, якія, паводле нашага аналізу ландшафту і тэхнікі, могуць быць звязаныя з даследаваннямі для будучага пункта захавання радыеактыўных адходаў. На здымках відаць шнекавае бурэнне ў пясчаным грунце. А таксама ўстаноўку для выпрабаванняў глебы статычнай нагрузкай (штампам) — адзін з асноўных метадаў, які выкарыстоўваецца пры падрыхтоўцы будаўнічых пляцовак для цяжкіх інфраструктурных аб’ектаў.

Менавіта пра такія работы нядаўна паведамляла дзяржаўнае прадпрыемства БелРАО, якое займаецца пытаннямі абыходжання з радыеактыўнымі адходамі. У паведамленні адзначалася, што на адной з вывучаемых пляцовак планаванага Нацыянальнага пункта захоўвання радыеактыўных адходаў (ПЗРА) праводзяцца палявыя даследаванні грунтоў. Спецыялісты, як паведамляе БелРАО, “стварылі рэальную нагрузку ад фундамента будынка на грунт”, каб зразумець, як паводзіць сябе аснова пад шматтоннымі канструкцыямі будучага сховішча.

Аналіз фотаздымкаў паказвае, што работы адбываюцца ў тыповым палескім сасновым бары на пясчаных глебах. Такі ландшафт характэрны для паўднёва-ўсходняй часткі Гомельскай вобласці — у раёнах паміж Хойнікамі, Брагінам і Нараўляй. Спадарожнікавыя здымкі паказваюць, што падобныя масівы сухіх бораў знаходзяцца каля каардынат 51.6° паўночнай шыраты і каля 30° усходняй даўгаты, у зоне, якая часткова супадае з тэрыторыямі, што пацярпелі ад Чарнобыльскай катастрофы.

Дадатковай падказкай з’яўляецца і сезоннасць. На фотаздымках бачны рэшткі снегу толькі ў цені. Паводле спадарожнікавых назіранняў, у гэты перыяд снег заставаўся пераважна ва ўсходняй Беларусі, што яшчэ больш звужае геаграфію магчымай лакацыі.

Паводле афіцыйных паведамленняў, Беларусь плануе пабудаваць цэнтральны пункт захавання радыеактыўных адходаў ад працы Беларускай АЭС. Для выбару пляцоўкі ўжо некалькі гадоў праводзяцца інжынерна-геалагічныя даследаванні. У розных паведамленнях згадвалася, што для гэтага вывучаюць некалькі рэгіёнаў краіны.

Аднак новыя фота дазваляюць зрабіць некалькі магчымых высноў. Па-першае, такія даследаванні могуць весціся адразу на некалькіх пляцоўках, каб параўнаць геалагічныя ўмовы. Па-другое, не выключана, што частку работ праводзяць у маланаселеных або закрытых тэрыторыях, напрыклад у раёне Палескага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка, дзе менш сведкаў і абмежаваны доступ.

Штодзень
Фота: БелРАО

Матэрыялы па тэме:

Цэнтралізаваны пункт захавання радыеактыўных адкідаў могуць размясціць на мяжы з Украінай
Жыхарам Гомельшчыны падрыхтавацца: на тэрыторыі вобласці можа паўстаць ядзерны магільнік
«Падарунак» дзясяткам пакаленняў: як Беларусь будзе захоўваць ядзерныя адходы са сваёй АЭС
Андрэй Мядзведзеў: Зона адчужэння – унікальнае месца, такога на Зямлі больш няма
Ці можна давяраць? Самы забруджаны рэгіён — “за” атам

 

 

Слайдар пастоў