“Толькі б нас у гэта не ўцягнулі”: чым жывуць і чаго баяцца ў сённяшнім Гомелі

Паразмаўлялі з гамяльчанінам, які фактычна сышоў ва ўнутраную эміграцыю: жыве звычайным жыццём, назірае за тым, што адбываецца навокал, і стараецца трымацца далей ад палітыкі. Пра кошты і заробкі, кітайскія аўтамабілі і недаступныя санаторыі, стаўленне да Расіі і тых, хто з’ехаў, культурнае жыццё Гомеля і галоўны страх, які сёння пераважае ўсё астатняе, — магчымасць вайны. Публікуем ягоныя назіранні амаль без рэдактуры.

“Прадукты смачныя, але дэлікатэсы не для кішэні радавога беларуса”

Прадукты вельмі смачныя. Так, адносна сусветных цэн, мясныя і малочныя дэлікатэсы на рынку ў разы танней, але яны па-ранейшаму не для кішэні радавога беларуса. Адзенне, абутак і г.д. дарагія. Тыя, хто вяртаецца жыць у Беларусь, напрыклад, з ЗША (дзіва, але ёсць і такія!), перапраўляюць праз акіян свае аўто. Гэта і танней, і якасней. Купіць нармальную машыну, калі ты не доларавы мільянер, немагчыма. Кітайскія машыны лаюць. Расійскі аўтахлам — таксама. Прынамсі, гэта адчуваеш, калі едзеш у таксі. Гарадскога транспарту гэта таксама датычыць. “Славутыя” МАЗаўскія бусікі і тралейбусы зараз трасуцца, як некалі “лятучка” на сельскай дарозе. Дарэчы, самыя дальнабачныя купляюць менавіта аўто з-за акіяна. Гэтыя машыны і ў 20 гадоў лепшыя за астатнія.

Насуперак уяўленням, выглядае ўсё нядрэнна. Па вуліцах ходзяць добра апранутыя людзі. Свае кватэры… І, калі ёсць, машыны трымаюць у добрым стане. Але пра цяжкасць жыцця распавядаюць амаль усе. Маю на ўвазе яшчэ і амаль паўсюль платную медыцыну. Пастаянныя паборы ў школах. Адпачынак, акрамя лецішчаў, амаль недаступны.


“У беларусаў мяняюцца адносіны да Расіі”

І яшчэ, па маіх адчуваннях, у беларусаў мяняюцца адносіны да Расіі. Гэта не дакладны аналіз, а так, назіранні і адчуванні. Але ж я сваіх родных беларусаў адчуваю на клеткавым узроўні))) Пра Расію амаль не распавядаюць. Можа, я мала перасоўваюся на таксі))) Сустрэў у гасцях дзвюх кабет сталага ўзросту, копіі баб з “атраду Пуціна”. У галовах — TikTok, размаўляюць лозунгамі. Але ж астатнія ў кампаніі апускалі вочы. Сваячка адна раней казала, што муж па начах слухае Салаўёва. Зараз кажа, што глядзіць толькі гістарычнае кіно. Не ведаю, якая гісторыя яго цікавіць, але лічу, што гэта прагрэс. Здаецца, менш людзей стала ездзіць на заробкі ў Расію. Па магчымасці пераключаюцца на Еўропу. Але візы стала атрымаць цяжэй.


“Надзея на прывязку да расійскай эканомікі не спраўдзілася”

Пра санкцыі кажуць абыдзенна. За гады прыстасаваліся. Надзея на прывязку да расійскай эканомікі не спраўдзілася. Нават такі гігант, як БМЗ, прыходзіць у заняпад. Але многія людзі пра Беларусь кажуць з павагай. Ганарацца сваімі таварамі. Але дадаюць, што тыя ім не па кішэні. Ёсць у нас сетка танных крамаў “Светафор”. Пра іх звычайна зневажальна кажуць: “Там расійскае прадаюць…” Раздражняе людзей і тое, што ў беларускіх санаторыях гаспадараць расіяне. Нават не самі па сабе, а тое, што для беларусаў яны (санаторыі) недасягальныя. Адна знаёмая-пенсіянерка распавяла, чаму яна не стане ў сабесе ў чаргу ў санаторый. Кажа, што не хоча, бо дадуць самы танны, у ім — самыя дрэнныя пакоі ў самы кепскі сезон. Працуючыя, дарэчы, казалі тое ж самае. Прафсаюз аплачвае толькі 10 адсоткаў.

“На гастрольныя афішы ў горадзе стыдна нават глядзець”

Крыху пра культурнае жыццё. На гастрольныя афішы ў горадзе стыдна нават глядзець. Такі “Славянскі базар” на мінімалках. Але ж тэатры працуюць, і гледачоў у залах хапае. Асобны боль — Палац чыгуначнікаў. Ад беднасці чыгунка перадала будынак філармоніі. За некалькі гадоў з той пары там не заўважыў ніякіх мерапрыемстваў. Вось зараз ідзе фотавыстава пра патрыярха (таго самага). І пачатак сезона плануецца адзначыць канцэртам на яго сцэне.

Які аўтапарк

Шмат машын з Кітаю. Выглядаюць добра, але дасведчаныя кіроўцы кажуць, што дрэнныя. Хаця чуў, што ў самім Кітаі добрыя электрычныя машыны. У горадзе зрабілі шмат парковак. Выглядаюць зручнымі.

“Амаль у кожнай сям’і ёсць “з’ехаўшыя”

А што наконт эмігрантаў кажуць? Асабліва нічога не кажуць. Амаль у кожнай сям’і ёсць з’ехаўшыя. Кантакты так ці інакш падтрымліваюць з “з’ехаўшымі” вельмі многія. Пра палітычных не гавораць. Бяззлобна кпяць з размалёўкі завадскіх комінаў. Чырвона-белыя)) Жартуюць, што недаглядзелі. Каля “Палесдруку” ў самым цэнтры пачалі рамонт дарогі. Тры блокі паставілі ў вядомым парадку. Магчыма, гэта вытворчае патрабаванне, але выглядае прыгожа.

“Галоўнае — каб нас не ўцягнулі ў гарачую вайну”

Цяпер страх вайны пераважвае ўсё. Калі за эканоміку і беднасць звыкла лаюць кіраўніка, то астатняе не памінаюць. Галоўнае для людзей, каб іх не ўцягнулі ў гарачую вайну. Пра вайну больш не кажуць шэптам. Уголас расказваюць, як на лецішчах каля мяжы па начах чуюць дроны. Агульны настрой — толькі б нас у гэта не ўцягнулі.

Штодзень

Related posts

Ад Кантакузаўкі да “Вэндсдэй”: як гомельская вёска аказалася звязаная з румынскім замкам

Ад крытыкі “збеглых” — да тэкстаў пра сяброўства аленя і каня. Як кар’ера гомельскага прапагандыста Галкоўскага пайшла пад адхон

Першы вядомы запіс назвы “Гомель”? Доказ знайшоўся на таямнічым залатым пярсцёнку 1565 года