Ночы з гэтага дня становяцца халаднейшымі, пачынаецца адлёт буслоў. 19 жніўня святкуецца яблычны Спас, свята Праабражэння Гасподняга, земляробчае свята садавіны. Яго яшчэ называюць Асяніны.
Гэта адно з 12 найважнейшых хрысціянскіх свят, якое прыгадвае эпізод, калі Ісус раскрыў перад вучнямі сваю боскую сутнасць, перамяніўся. Яблыкі ў гэты дзень прынята асвячаць у царкве. А пасля асвячэння ў многіх мясцовасцях людзі неслі яблыкі на могілкі, дзе клалі ўсёй радне па яблычку.
На яблычны Спас прыпадае сустрэча восені, калі ночы становяцца халаднейшымі, а буслы збіраюцца адлятаць. Існавала шэраг прыкмет з гэтай нагоды: калі буслы збіраліся ў чароды за тыдзень перад Спасам, гэта азначала надыход ранняй і марознай зімы і цёплай вясны; калі пасля Спаса – цёплая ласкавая восень, то будзе мяккая зіма і халодная вясна.
Дарэчы, яблыкі нібыта даспяваць пачынаюць акурат да другога Спасу, а раней за 19 жніўня можна есці толькі апалыя яблыкі. У гэты дзень прынята частаваць сваякоў і сяброў садавіной, мёдам, хлебам і г.д, а таксама падаваць пірагі з яблыкамі. Недарма казалі: на першы Спас і жабрак мёду пакаштуе, на другі Спас і жабрак яблычка з’есць. Паводле народных прыкмет, калі на яблычны Спас пчаляр пашкадуе мёду хоць аднаму з прысутных дзяцей, пчолы прападуць.
Пачынаючы з другога Спасу, сяляне сеялі азімае жыта.