Пасля таго, як у Гомелі здарыўся ўжо другі выпадак падлеткавага самагубства за кароткі час, у раёне Навабеліца назіраецца надзвычайная сітуацыя. Мясцовыя школьнікі распавядаюць пра ўзмоцнены кантроль у навучальных установах: праводзяцца прафілактычныя гутаркі, правяраюць змесціва тэлефонаў, а ў некаторых школах адміністрацыя дае зразумець, што сітуацыя пад асаблівым наглядам.
Ілюстрацыйнае фота
Паводле слоў вучняў, шасцікласнік, які скончыў жыццё самагубствам, “апранаўся нетыпова”, меў нефармальны стыль і фарбаваныя валасы. Гэта сталі прычынамі для сістэматычнага булінгу — як з боку аднакласнікаў, так і ў самой школе.
“Яго булілі за выгляд, нават фарбу на яго вылілі. Настаўнікі не спынялі гэта, а некаторыя — наадварот, падтаквалі”, — распавядаюць дзеці.
Пасля чарговых скаргаў на падлетка адміністрацыя школы выклікала бацькоў. Паводле школьнікаў, канфлікт працягнуўся дома — і хлопец не вытрымаў. Яны кажуць, што падлетак “выкінуўся з акна” прама на вачах у родных. У раённых чатах нібыта распаўсюджвалася відэа, дзе дарослыя спрабуюць яго рэанімаваць.
У выніку трагедыі ў школах раёна ўзмацнілі дысцыпліну і кантроль за паводзінамі вучняў. Падлеткі кажуць пра “вялікі ціск”, праверкі асабістых рэчаў і “размовы пра паслухмянасць”.
Сітуацыя выклікае моцную трывогу ў бацькоў і педагогаў: гэта другая смерць падлетка ў Гомелі за такі кароткі час.