Дэлегацыя Беларусі ў ААН не падтрымала рэзалюцыю па ўмацаванні міжнароднага супрацоўніцтва і каардынацыі намаганняў па вывучэнні, змякчэнні і мінімізацыі наступстваў Чарнобыльскай катастрофы. Афіцыйны Мінск спачатку накіраваў праўкі да дакумента, а пасля і ўвогуле прагаласаваў супраць. Здавалася б, тэма важная і патрэбная нашай краіне. Але праблемай стала тое, што рэзалюцыю прапаноўвала сярод іншых Украіна і ў дакуменце згадваецца атака расійскага беспілотніка.

Рэзалюцыя
Дакумент прапанавалі на Генасамблею ААН 23 краіны. Сярод іх краіны ЕС, Ісландыя, Канада, Манака, Малдова, Вялікабрытанія, Украіна.
Аўтары дакумента, у прыватнасці, прапанавалі прызнаць неабходнасць працягнення міжнароднага супрацоўніцтва па Чарнобылі пад эгідай ААН, працягу маніторынгу стану навакольнага асяроддзя і здароўя насельніцтва ў рэгіёнах і супольнасцях, пацярпелых у выніку чарнобыльскай катастрофы, неабходнасць далейшага забеспячэння ўстойлівага развіцця раёнаў, якія аднаўляюцца.
А таксама выказалі «сур’ёзную трывогу ў сувязі з пашкоджаннем, якое было нанесена ударам БПЛА 14 лютага 2025 года па новым бяспечным канфайнменце на Чарнобыльскай АЭС ва Украіне, што паставіла пад пагрозу дзесяцігоддзі міжнароднага прагрэсу ў забеспячэнні надзейнасці і бяспекі гэтага аб’екта пасля адной з самых небяспечных у свеце ядзерных катастроф».
У рэзалюцыі падкрэсліваецца «важнасць сталай падтрымкі з боку міжнароднай супольнасці і адпаведных органаў улады ў рамонце новага бяспечнага канфайнменту, які мае вырашальнае значэнне для выканання сусветных стандартаў ядзернай бяспекі і змяншэння экалагічных рызыкаў ва Украіне».
Праўкі ад беларускай дэлегацыі
Дэлегацыя, якая галасуе за Беларусь і прадстаўляе ў ААН у асноўным рэжым Лукашэнкі, перад тым як прагаласаваць супраць, накіравала праўкі. Яны часткова могуць здавацца тэхнічнымі, але гэта не так, украінская дэлегацыя назвала іх спробай прасоўвання новага дакумента.
Па-першае, дэлегацыя з Мінску запатрабавала прыбраць упамінанні пра атаку беспілотніка.
Па-другое, ў англійскай версіі тэксту не пераймяноўваць Chernobyl (расійская версія) у Chornobyl (украінскі варыянт). А пункт аб перайменаванні International Chernobyl Disaster Remembrance Day (Міжнародны дзень памяці аб чарнобыльскай катастрофе) у International Chornobyl Disaster Remembrance Day ўвогуле выдаліць.
Па-трэцяе, не падтрымліваць уключэнне ў папярэдні парадак дня 83-й сесіі тэмы «Умацаванне міжнароднага супрацоўніцтва і каардынацыя намаганняў у справе вывучэння, змякчэння і мінімізацыі наступстваў чарнобыльскай катастрофы».
Галасаванне
«За» прапанаваную Украінай і групай краінаў рэзалюцыю прагаласавалі 97 краін, «супраць» — восем, яшчэ 39 устрымаліся.
У кампаніі Беларусі апынуліся Расія, Кітай, Паўночная Карэя, Нікарагуа, Нігер, а таксама ЗША.

Праўда, у ЗША знайшліся прычыны для галасавання «супраць», публічна не звязаныя з беспілотнікам. «Злучаныя Штаты прагаласавалі супраць тэксту з-за спасылкі на Парадак дня ў вобласці ўстойлівага развіцця на перыяд да 2030 года і звязаную з ім прамову. Парадак дня на перыяд да 2030 года і Мэты ўстойлівага развіцця прасоўваюць праграму мяккага глабальнага кіравання, несумяшчальную з нацыянальным суверэнітэтам і супярэчную інтарэсам ЗША», — цытуе прадстаўніцу ЗША «Украінская праўда».
Пастаянны прадстаўнік Украіны пры ААН Андрэй Мельнік, прадстаўляючы праект, раскрытыкаваў спробы дэлегацыі афіцыйнага Мінска прасоўваць альтэрнатыўны дакумент. Ён лічыць, што ўлады Беларусі страцілі маральнае права на такія ініцыятывы, паколькі прадставілі тэрыторыю краіны для расійскага ўварвання ва Украіну ў 2022 годзе, што прывяло да захопу ЧАЭС расійскімі акупацыянтамі.
«Дзеянне дзяржавы, якое дазваляе выкарыстоўваць сваю тэрыторыю іншай дзяржавай для здзяйснення акту агрэсіі супраць трэцяй дзяржавы, кваліфікуецца як акт агрэсіі», — адзначыў Мельнік.
Мельнік таксама адзначыў гістарычную справядлівасць змянення транслітарацыі назвы станцыі. Паводле яго слоў, выкарыстанне формы Chernobyl паходзіць ад рускай транслітарацыі савецкай эпохі, і яе далейшае ўжыванне з’яўляецца «працягам імперскай спадчыны».
Сітуацыя з галасаваннем па рэзалюцыі дэманструе, як улады Беларусі дзеля сітуацыйных палітычных інтарэсаў, якія не адпавядаюць інтарэсам краіны і яе жыхароў, ахвяруюць магчымасцю згадак і падтрымкі тэмы Чарнобыльскай катастрофы.