У адрозненне ад твораў Аляксандра Салжаніцына і Варлама Шаламава, кніга Густава Херлінг-Грудзіньскага “Іншы сусвет” беларускаму чытачу амаль невядомая. Між тым аповед асуджанага па палітычных матывах паляка аб знаходжанні ў савецкім лагеры дазваляе чытачу па-іншаму паглядзець на мінулае Беларусі (як часткі Расійскай імперыі і Савецкага Саюза) і пашукаць у гэтым мінулым карані сённяшняй бязлітаснасці рэпрэсіўнай машыны.

Ежы Гедройц і Густаў Херлінг-Грудзінскі ў рэдакцыі «Культуры», 1987. Фота: www.bn.org.pl
Абвінавачанне абапіралася на два доказы: з высокімі халявамі боты, у якіх сястра адправіла мяне ў свет, мусілі сведчыць, што я з’яўляюся “маёрам польскага войска”, а першая частка майго прозвішча ў рускім гучанні (Геринг) нечакана супадала з вядомым маршалам нямецкай авіяцыі. Прадказальная выснова: “З’яўляецца польскім афіцэрам на службе варожай нямецкай разведкі”.
Калі будучы паплечнік Ежы Гедройця па культурніцкай дзейнасці ў эміграцыі Густаў Херлінг-Грудзінскі (1919–2000), выхадзец з паланізаванай яўрэйскай сям’і з Кельц, быў на другім курсе філфака Варшаўскага ўніверсітэта, выбухнула Другая сусветная вайна. Разам з сябрамі, маладзён стварае канспірацыйную антыфашысцкую арганізацыю. Нелегальна перабіраецца ў Львоў, потым у Гродна, а на шляху да Літвы трапляе ў пастку завербаваных НКУС кантрабандыстаў. У 1940 годзе (фашысцкая Германія для СССР пакуль нефармальны хаўруснік, а Польшча – вораг) перажывае следства ў турмах Гродна й Віцебска, адкуль з прысудам “5 год зняволення ў лагеры” трапляе ў Ерцава (Архангельская вобласць).

Лагерныя здымкі Густава Херлінга-Грудзінскага. Фота: Вікіпедыя
Толькі абвяшчэнне амністыі (1941) для польскіх вязняў і мужнасць Херлінг-Грудзінскага, які абвясціў галадоўку (1942), каб дамагчыся вызвалення, уратавалі жыццё будучага пісьменніка і журналіста. Пасля двух лагерных год ён разам з Арміяй Андэрса ваюе на захадзе Еўропы і вырашае застацца там пасля вайны.

Добраахвотнікі арміі Андэрса – былыя вязні савецкіх лагераў, 1941 год. Фота: Вікіпедыя
Раман-успамін “Іншы свет” Херлінг-Грудзінскі піша ў 1949–1950 гадах і хутка выдае ў Лондане па-англійску і па-польску. Выдання ў іншых краінах давялося чакаць некалькі дзесяцігоддзяў: пакуль праўду пра савецкія лагеры не пачалі казаць самі рускія (“Архіпелаг ГУЛАГ” Салжаніцына выйшаў толькі ў 1973 г.), еўрапейцы не верылі ў праўдзівасць напісанага і асцерагаліся канфлікту з магутнай расійскай дзяржавай (тут цяжка не адчуць дэжавю).

Вязні на лесапавале Каргаполля. Фота: Віртуальны музей пакутнікаў Архангельскай зямлі
Чаму беларускаму чытачу, знаёмаму з успамінамі іншых вязняў лагераў, варта было б пачытаць “Іншы свет”?
Па-першае, светаўспрыманне аўтара, які патрапіў у рэпрэсіўнае пекла хай і з даволі аўтарытарнай, але ўсё ж вольнай краіны, істотна адрозніваецца ад бачання жыцця савецкіх грамадзян, свядомасць якіх за пару дзесяцігоддзяў скалечыла трагічная гратэскнасць новастворанай дзяржавы. У адных рэпрэсіі 1937 года вынішчылі нават мінімальную магчымасць зараджэння нейкага супраціву. У іншых шчырая вера ў адметны шлях савецкай дзяржавы закралася ў арганізм, як смяротны вірус, які не лечыць нават прышчэпка ў выглядзе зламанага ўласнага лёсу.
У першыя пасля пачатку савецка-нямецкай вайны месяцы ў перасыльным з’явіліся ашаломленыя групкі ўкраінцаў і беларусаў, што ўцяклі з родных вёсак у глыб Расіі, далей ад лініі фронту. Памятаю нават пару жартаўлівых тэрмінаў, якія прыдумалі для ахвяр ваенных бадзянняў. Да палякаў прыліпла мянушка “антыгітлераўскія фашысты”, а збеглых ад немцаў украінцаў і беларусаў празвалі “партызанамі айчыннай вайны”.
Па-другое, унутраны свет галоўнага героя пераварочвае кніга Фёдара Дастаёўскага “Нататкі з мёртвага дома”. З аповесці зняволенага за распаўсюджванне забароненай (у перакладзе на жаргон сённяшняй беларускай бюракратыі – экстрэмісцкай) літаратуры пісьменніка малады паляк зразумеў, што тое, што адбываецца з вязнямі ў СССР – не выпадковасць і не даніна часу. Знікла імперыя, але не створаныя ёю правілы. Усё, што не давала вольна дыхаць у царскай Расіі, жыве.
Як выглядае, а дакладней, як можа выглядаць праца, калі яе выкарыстаць як прыладу для катавання, выдатна дэманструе наступны факт: зімой 1941 года, легальна, хіба што з невялічкімі адступленнямі ад лагернага права, у адной з лясных брыгад вязень быў працай даведзены да смерці.
З сярэдзіны ХІХ ст. па нябачным мосце чалавечыя пакуты бесперашкодна пераходзяць у ХХ век. Палітычныя прысуды. Прыніжэнне чалавечай годнасці. Катаванне голадам, холадам, пякельнымі бытавымі ўмовамі, дэфіцытам сну і меддапамогі. Цяжкая праца без належнай аплаты. Абмежаванне кантактаў з блізкімі… Можна адмяніць ланцугі для ссыльных. Але як перарваць ланцугі рабскага, сфармаванага стагоддзямі дэспатычнага кіравання, менталітэту?
І калі гэтую праблему не вырашыла спроба сцерці гістарычную памяць і пабудаваць цалкам новую дзяржаву у 1917 годзе, ці можна чакаць яе пераадолення ад замены баракаў самадзейнасці плазменным тэлевізарам на ўсю сцяну ў вязніцы?..

Рэканструкцыя лагернага барака ў Музеі памяці Сібіры (Беласток)
Жыццяпісы герояў дэманструюць, што з аднолькавай верагоднасцю ў лагеры маглі апынуцца вернік і атэіст, апантаны камуніст і беспартыйны, ахвяра і кат. Дарэчы, ужо дзеля адной толькі сцэны – сустрэчы ў бараку асуджанага і таго, хто выносіў прысуд – варта было б папулярызаваць і данесці да шырокага чытача “Іншы свет”.
Катаванне падчас допыту – не мэта, а толькі дапаможны сродак. Гэта патрэбна не столькі дзеля таго, каб прымусіць падследнага паставіць подпіс пад актам з прыдуманым і сфабрыкаваным абвінавачаннем, колькі каб цалкам “мадыфікаваць” гаротніка.
Сваім творам у частцы прыроды зла чалавечай душы Херлінг-Грудзінскі нібыта палемізуе з творам Чэслава Мілаша “Зняволены розум” (Zniewolony umysł). У Мілаша зло паўстае ў выніку складаных працэсаў, гістарычных трансфармацый камуністычнай дзяржавы. На думку ж Херлінг-Грудзінскага зло мае простае паходжанне. Яно лёгка ўзнікае, калі набліжаешся да дэмаркацыйнай лініі паміж сытасцю і голадам, воляй і страхам, жыццём і смерцю. Але мала хто падыходзіць да гэтай мяжы з уласнае волі.
Фізічны стан вязня ад родных не схаваеш, але можна было – хаця б часткова – прыхаваць тое, як з ім у лагеры абыходзіліся. У дзень перад спатканнем кожны абавязаны быў наведаць лазню і цырульніка, здаць на склад сваё рыззё і атрымаць на тры дні чыстую ільняную кашулю і кальсоны, новыя прашытыя нагавіцы і ватоўку, вушанку ў нядрэнным стане і валёнкі першага гатунку.

Рэканструкцыя лагернага барака ў Музеі памяці Сібіры (Беласток)
Як трапна сказаў Джэйсан Стэнлі, філосаф універсітэта ў Таронта, “Гісторыя – гэта перш за ўсё аповед аб мінулым. Яна будзе ўзмацняць дэмакратыю толькі тады, калі вытлумачыць людзям, як мінулае ўплывае на сучаснасць. А дакладней – як пераадолець уплыў мінулага на сучаснае”. Ці можа Беларусь пераадолець уплыў расійскага мінулага, пакуль будуе “Рускія дамы”, жыве з Расіяй у адной культурніцкай і інфармацыйнай прасторы? Гэта пытанне амаль што рытарычнае.
