Мінімум 13 выхадцаў і жыхароў з Гомельскай вобласці былі вызваленыя і дэпартаваныя з Беларусі ва Украіну і Літву. Самы вядомы гэта, безумоўна, нобелеўскі лаўрэат, праваабаронца Алесь Бяляцкі. Адносна вядомай была і гісторыя японца Масатосі, які жыў і працаваў у Гомелі і ў нейкі момант быў абвешчаны замежным шпіёнам.

Алесь Бяляцкі: я не пісаў прашэння пра памілаванне
У суботу, 13 снежня, пасля перамоваў з амерыканцамі рэжым Александра Лукашэнкі вызваліў 123 зняволеных. Сярод іх былі не толькі беларускія грамадзяне і не толькі палітычныя вязні. Большасць з іх беларускія ўлады вывезлі ва Украіну, у Літву патрапілі толькі замежнікі (акрамя ўкраінцаў) і нобелеўскі лаўрэат, кіраўнік Праваабарончага цэнтра «Вясна» Алесь Бяляцкі. Яго асудзілі на 10 год пазбаўлення волі.
Алесь нарадзіўся ў сям’і з Рагачоўскага і Нараўлянскага раёнаў Гомельскай вобласці, хоць і нарадзіўся ў Карэліі. У 1965 годзе сям’я вярнулася ў Беларусь, на сталае жыццё ў Светлагорск. Будучы праваабаронца і Нобелеўскі лаўрэат закончыў Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт і пасля перабраўся ў Мінск.
Алесь Бяляцкі адзіны з беларусаў быў вывезены ў Літву. Адразу пасля вызвалення Алесь Бяляцкі паведаміў журналістам, што не пісаў прашэнне пра памілаванне, яго пабудзілі і загадалі збіраць рэчы.
«Я ехаў з завязанымі вачыма. Павязку мне нацягнулі так, што праз яе можна было штосьці ўбачыць. Прынамсі, я зразумеў, што гэта накірунак на захад. Зразумеў, калі мы праязджалі каля Мінска, калі ехалі па кальцавой дарозе, зразумеў, калі выехалі на Віленскую трасу, што мы едзем у накірунку Вільні», – распавёў пасля вызвалення Алесь Бяляцкі.
Пашпарт праавабаронца атрымаў у амерыканскай амбасадзе ў Вільні.
Ён адзначыў: «Мы ведаем, што ў выніку вызвалення гэтай групы палітвязняў з «Белкалія» знялі санкцыі. Гэта тое, чаго хочуць беларускія ўлады. Але мы хочам карэнных зменаў сітуацыі з палітзняволенымі ў Беларусі. Стоп палітвязням у Беларусі. Немагчыма, каб гэтая сітуацыя працягвалася далей».
Японец, які стаў у Беларусі «шпіёнам»

Сярод вызваленых японскі грамадзянін Наканісі Масатосі. У 2016-м ён ва ўкраінскім Купянску прыняў праваслаўе, а ў 2018-м годзе пераехаў у Гомель. Ён ажаніўся з беларускай, пасля развёўся. Наканісі па адукацыі юоыст, выкладаў у Гомельскім дзяржаўным універсітэце імя Францыска Скарыны. У Беларусі адыкрыў фірму “БелНіханІнтэрнэшнл”. Але, як сцвярджалі прапагандысты, усё гэта для прыкрыцця, асноўная мэта быў шпіянаж.
Хаця доказы, якія апублічылі беларускія ўлады, падаліся слабымі, Масатосі прыгаварылі да 7 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.
Былая адмін пратэстных чатаў, праз якую дэанімізавалі іншых
Па інфармацыі «Байпол», Таццяна Курыліна з Мазыра знаходзілася за мяжой, але яе «развялі» беларускія спецслужбы. Жанчыну спакусіў малады чалавек і папрасіў вярнуцца да яго ў Беларусь, абяцаў вырашыць усе пытанні. Яна вярнулася, але гэта аказалася спецаперацыяй КДБ.

У студзені 2022 году беларускія сілавікі ўзламалі шэраг чатаў «97%». А ў лютым Курыліну паказалі на беларускай тэлевізіі ў праграме прапагандысткі Ксеніі Лебедзевай. Лебедзева расказала, што актывістка вярнулася ў Беларусь з Польшчы ў рамках праграмы «Дарога дадому».
Суд прызнаў жанчыну вінаватай па дзевяці артыкулах і асудзіў на чатыры з паловай гады пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму ў 2023 годзе.
Самая сталая палітзняволеная

Сафія Бачурынская — самая сталая палітзняволеная сярод жанчын за кратамі. Яе асудзілі да двух гадоў зняволення ў калоніі па чатырох палітычных артыкулах, сярод якіх у асноўным абразы і паклёп Лукашэнкі ці яго чыноўнікаў, а таксам а«стварэнне экстрэмісцкага фармавання альбо ўдзел у ім». Яе таксама абвесцілі экстрэмісцкай.
Гомельца Вячаслава Бераставога асудзілі ў канцы жніўня. Яго абвясцілі вінаватым у падрыхтоўцы і арганізацыі дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак і ўнеслі ў «спіс экстрэмістаў». Тэрмін зняволення не быў вядомы праваабаронцам.
Жыхара Жлобіна Аляксандра Быкава ў студзені асудзілі паводле чатырох палітычных артыкулаў. Ён таксама быў «экстрэмістаў». Тэрмін зняволення не быў вядомы праваабаронцам.
Анастасія Жыльская родам са Жлобіна, працавала праграмісткай у мінскім офісе кампаніі амерыканскай кампаніі Exadel. Яе асудзілі ў 2024 годзе, нахутчэй за каментар у «Тэлеграме» з «паклёпам на Лукашэнку», заклікі да санкцый і распальванне варажнечы. Яна была не толькі «экстрэмісткай», але і «тэрарыстакай». Тэрмін зняволення не быў вядомы праваабаронцам.
Генадзь Іванчыкаў – жыхар Буда-Кашалёва, яго ў сакавіку асудзілі да двух гадоў зняволення за «паклёп на Лукашэнку» і дадалі ў «спіс экстрэмістаў».
Жыхара Хойнікаў Алега Казлова асудзілі ў 2023 годзе па трох пяці палітычных артыкулах. Тэрмін зняволення не быў вядомы праваабаронцам.
Яўген Кіслоў з Гомеля у 2024 годзе быў асуджаны на пяць год зняволення па пяці палітычных артыкулах. КДБ абвясціў яго “тэрарыстам”.
62-гадовую жыхарку Гомеля Ірыну Кролікаву ў гэтым годзе асудзілі па трох палітычных артыкулах, унеслі ў спіс «экстрэмістаў». Тэрмін зняволення не быў вядомы праваабаронцам.
Жыхара Чачэрска Сяргея Рудзянкова затрымалі ў 2022 годзе пасля вяртання з Польшчы. У 2023 годзе яго засудзілі паводле чатырох палітычных артыкулаў, прызналі «экстрэмістам» і «тэрарыстам». Тэрмін зняволення не быў вядомы праваабаронцам.
У 2023 годзе ў Гомелі за надпісы ў падтрымку Украіны ў вайне на 1,5 года асудзілі мясцовага жыхара Уладзіслава Яцэнку. Яго ўнеслі ў спісы «экстрэмістаў».
Фота: ПЦ Вясна