За 2025 год на закрытай з Украінай мяжы адкрытыя ўжо чатыры заставы, яшчэ дзве адкрыюць у снежні, яшчэ тры праектуюцца, іх адкрыюць у 2026-м, заявіў на адкрыцці комплексу будынкаў на заставе «Роза Люксембург» старшыня гомельскага аблвыканкама Іван Крупко.
«Гэтая работа будзе працягвацца дзеля забеспячэння нацыянальнай бяспекі», – пераконвае кіраўнік рэгіёна.
Ён лічыць, што памежнікі ставяць «жорсткую перашкоду на шляху міжнароднага тэрарызму, незаконнай міграцыі, актыўна супрацьдзейнічаеце пагрозам эканамічнай бяспекі».
Што праўда не ўдакладняе, у чым заключаецца гэтая перашкода і барацьба. Мяжа з Украінай закрытая, за 2025 год атрымалася злавіць толькі 10 парушальнікаў, і, улічваючы, адсутнасць розгаласу, тэрарыстамі яны яўна не былі.
Застава «Роза Люксембург» працуе на мяжы з 2014 года, і 10 год памежнікі жылі ў пераробленай школе. Пасля пачаўся рамонт, і ім стала толькі горш: яны пераехалі ў намётавы лагер, дзе пражылі з красавіка 2024 года і да снежня 2025 года. Цяпер, праз больш чым паўтары гады, умовы павінныя палепшыцца. Памежнікі адтуль ахоўваюць 25 км мяжы.
Пікантнасці адкрыццю заставы, якая носіць імя левай рэвалюцыйнай сацыял-дэмакраткі Розы Люксембург, дадала прысутнасць праваслаўнага святара, ікон і крыжа.


