Мова Гомель працягвае распавядаць гісторыю ліставання закаханых, чые пажоўклыя лісты выпадкова знайшлі пры зносе старога дома ў Гомелі. Іх перапіска перажыла вайну і Чарнобыль, а цытаты з лістоў маглі б упрыгожыць любы гумарыстычны серыял.
Рамантычная гісторыя, якую апавядаюць лісты, дазваляе адчуць эпоху не горш, чым падручнікі ці мастацкая літаратура.
СЕКС
Не ведаем, як ва ўсім СССР, а ў Гомелі ў 1930-я секс дакладна быў.
“І калі б сагрэліся пальчыкі, я цалаваў бы вышэй, вышэй, вышэй… Да таго моманту, калі губляеш здольнасць мысліць, разважаць… Цеплыня твайго цела зліваецца з маёй. Тваё цела… яно са мной, вось яно, маё дарагое, маё жаданае. Ты павярнулася крыху. І гэтае месца прыціскаецца да майго. Хвалі бягуць па ўсім целе. Дзейнічаеш несвядома. Абдымаю рукамі, хочацца ўсімі порамі цела прыціснуць цябе да сябе. Полымя жарсці буяе. Пакрываю мільёнамі пацалункаў і прашу: “Мілечка! Рассунь крыху, любая, дарагая… Добра, крышачку – крыху”. І ты гарыш і цягнешся ўсім целам насустрач жаданням… І ўжо там… Якая асалода, якая цудоўная асалода… яднаемся дашчэнту…”
Гісторыя Уладэка і Мілы добра адлюстроўвае розніцу ў стаўленні да інтымнага жыцця ў даваенны і пасляваенны перыяды існавання СССР. Добра знаёмы нам па фільмах і літаратуры пурытанскі наратыў “Сям’я – ячэйка грамадства” запанаваў толькі ў 40–50 гады ХХ ст. Рэвалюцыя 1917 года ў пэўным сэнсе была і сексуальнай рэвалюцыяй, шлюб лічыўся буржуазным перажыткам мінулага, а тэорыя шклянкі вады (секс – натуральная патрэба, якую трэба зганяць так жа лёгка, як смагу) здымала налёт амаральнасці з дашлюбных стасункаў.
“Ты пытаешся: ці хацеў бы я ісці з табой разам у лазню (на першы дзень Вялікадня)? А лепш ты адкажы мне: ці прыняла б ты мае палкія ласкі, ці аддала б мне там тваё цела, што трапеча жаданнямі, і без “танюткай-танюткай” кашулькі? Глядзі, чакаю адказу, а то ты тактычна замоўчваеш многія пытанні.”
“Што я чую? Вочы не вераць напісанаму: “Я пачынаю курыць да адурэння”. … Міля, як ты смееш пісаць пра гэты ганебны факт? Для мяне гэта вялікая неспадзяванка. Ніколі не думаў, ніколі не мог нават дапусціць у думках, што ў цяжкія хвіліны жыцця ты шукаеш забыцця ў тытунёвым дурмане. Наступны крок – віно, затым опій, морфій і, нарэшце, нешта настолькі мярзотнае, што нават я саромеюся назваць гэта ўласным імем.”
МАРЫ
Але адна мроя Уладэка можа здзівіць.
“Нядрэнна было б мець летнюю кватэру ў стратасферы на 20-м кіламетры ад Зямлі. Я асабіста глыбока перакананы, што мы з табой дажывём да таго дня, калі будзе арганізавана міжпланетнае спалучэнне. І ў дзень нашага залатога вяселля (7 верасня 1980 года) мы здзейснім у салон-стратастаце вандроўку на Марс і яго ваколіцы. Ах, навука, навука! Калі толькі мне сапраўды ўдасца калі-небудзь падняцца ў стратасферу, каб адтуль, з 20-га кіламетра, плюнуць на ўвесь свет зямны – я буду шчаслівы. Я буду ведаць, што недарма пражыў жыццё, і памру са спакойным сумленнем.”
Таму Уладэк, які чытаў прэсу, адсочваў, чым жыве краіна, не мог не натхняцца самымі прагрэсіўнымі на той момант ідэямі.
БЯЗЛАДДЗЕ
“Прыгарадная гаспадарка зусім развалена, не мае ўласнай кармавой базы і прыносіць вялікія страты. Кадры, якія падабраліся ў гаспадарцы, пакідаюць жадаць лепшага. Ніякай справы нікому нельга даверыць: або злодзей, або проста махляр, або нягоднік першага гатунку. Ніколі я не мог уявіць, наколькі цяжка працаваць з такой публікай. Самае ж галоўнае, што прымушае мяне кінуць працу, – гэта тое, што, нягледзячы на жудасную безгаспадарчасць, у вярхах (праўленне ЦРК) не адчуваецца добрага жадання нешта выправіць. Публіка глядзіць на ўсё з алімпійскай абыякавасцю.”
Міля аб працы ў тыпаграфіі: “Калі я пачала працаваць здзельна, то выпісала прастой з-за таго, што быў разладжаны станок і я не працавала. Але майстар, пакуль падпісваў, так лаяўся паўгадзіны, нібыта з-за мяне станок не працаваў. Тады я плюнула і перастала іх выпісваць, а прастоі ў мяне кожны дзень гадзіны па 2–3.”
Міля аб працы ў Нарказёме: “Статыстыкаў добрых амаль няма, а тыя, што ёсць, ведаеш, малапісьменныя, якія не ўмеюць лічыць ні на арыфмометры, ні вусна. Ты можаш сабе ўявіць, што гэта за статыстыкі!”
“… Планавы сектар проста развальваецца: адны сышлі ў адпачынак, іншыя “хварэюць”, а трэція зусім не прыходзяць на працу (гэта я кажу пра спецыялістаў).”
“Аб маім прадпрыемстве пісаць не буду. Бачу шмат добрага, але не менш дрэннага. У нас ідзе чыстка партыі. Я выступіла як брыгадзір. Маё выступленне было сустрэта ўхваленнем з боку рабочых, на яго звярнулі ўвагу нават самі члены па чыстцы.”
ДЭФІЦЫТ
“Дарагая, прышлі мне чорных хлебных сухароў. Маю ў тым вялікую патрэбу. З 1-га красавіка хлеба даюць 300 грам у дзень, і ў сталоўку трэба несці свой хлеб (з гэтых жа 300 г). Купіць няма дзе. Вельмі цяжка.”
Але ў сталіцы з хлебам таксама цяжка, прынамсі ў 1933 годзе:
“У мяне сёння здарылася вялікае няшчасце – я згубіла хлебныя карткі (сваю і татаву) і кааператыўную кніжку. Нагаравалася я ўволю, нават не пайшла на заняткі. Вось такое жыццё – з-за трох фунтаў хлеба прыходзіш у стан жудаснага адчаю.”
Год 1934. Міля жыве ў Гомелі з сям’ёй Уладэка, пакуль той знаходзіцца ў экспедыцыі:
“Зараз у Гомелі вельмі кепска з хлебам. Пагаворваюць, што “Белгандаль” закрыюць. Мама ўстае ў 4 гадзіны раніцы, каб дастаць 1 кг чорнага хлеба. Праўда, па белы чаргі амаль ніякай няма.”
“З харчаваннем у нас вельмі дрэнна, мяса ёсць толькі ў адной краме, па 6 руб. кіло, але такія чэргі, што з ночы трэба станавіцца, каб атрымаць 2 кіло мяса.”
(НЕ)ХЭПІ-ЭНД
“Беларускую мову я ведаю (Міля паспрабавала напісаць па-беларуску, з захаваннем аўтарскага правапісу – заўв.аўт.) даволі добра. Таму яшчэ раз “подкресліваю” што восенню мы будзем жыць “вельмі добра.”
“Мела толькі адну тройку па грузінскай мове, а астатнія ўсе пяцёркі. Калі ласка, не падумай, што я вельмі паразумнела ці стала вельмі стараннай. Зусім не! Гэта проста таму, што тут адзнакі не такая строгія. Мае гомельскія чацвёркі былі б усе тут пяцёркамі. Вось і ўсё!”
Куды сышлі пачуцці? Мабыць, маюць рацыю тыя, хто кажа “каханне жыве тры гады””. І калі гэтыя гады праведзены разам, пара неразрыўна знітоўваецца, прыстасоўваецца адно да аднаго, палкасць саступае месца куды больш даўгавечнай пашане. Віхуры гісторыі прымусілі Мілю і Уладэка пражыць перыяд фармавання трывалых сувязяў паасобку. Пазней пачуцці – непазбежна – сцішылася, але “я” не паспела ператварыцца ў “мы”. У супрацьстаянні Каханне VS Таталітарызм пачуцце амаль не мела шанцаў перамагчы.
Прачытаць усе лісты Уладэка і Мілі цалкам можна тут:
Лісты Уладэка і Мілі
Чытаць па тэме:
Гомель, высылка, каханне: забытая перапіска 1930-х