“Люблю цябе больш, чым павідлу, што ты мне прыслала”. “Мне патрэбна толькі тваё каханне і вышэйшая адукацыя”. Гэтыя цытаты маглі б упрыгожыць любы гумарыстычны серыял. Але насамрэч яны паходзяць з палкага ліставання закаханага гомельца ў 1930-х гады. Пажоўклыя паперкі, якія перажылі Другую сусветную вайну, выбух на Чарнобыльскай АЭС і іншыя ліхалецці былі выпадкова знойдзены пры зносе старога дома ў Гомелі напрыканцы ХХ ст. Рамантычная гісторыя, якую апавядаюць лісты, дазваляе адчуць эпоху не горш, чым падручнікі ці мастацкая літаратура. – Піша “Мова Гомель”.
Лісты з мінулага
Большая частка перапіскі Уладзіслава (Уладэка) Рытвінскага і Людмілы (Мілы) Сілінай да гэтага часу заставалася непрачытанай (ці, хутчэй, не расшыфраванай, бо і почырк, і месцамі амаль знішчаныя ад часу кавалкі лістоў істотна ўскладнялі працу).
Мы апрацавалі значную частку артэфактаў, пераклалі асобныя лісты на беларускую мову (выправілі трохі памылак, але з захаваннем аўтарскай стылістыкі) і спяшаемся падзяліцца з чытачамі захапляльным экскурсам у даўніну.
Лісты, выпадкова знойдзеныя пры зносе старога дома ў Гомелі напрыканцы ХХ ст.
Невядома, калі і як Рытвінскія пасяліліся ў доме № 16 па вул. Вароўскага ў Гомелі. Але дзякуючы даведцы аб абмеры жылой плошчы можна сцвярджаць, што адбылося гэта не пазней за кастрычнік 1929 года. Цікава, колькі знойдзецца гомельцаў, здольных прачытаць надпіс на штампе на ўсіх чатырох дзяржаўных (у тыя часы) мовах?
Штамп на ўсіх чатырох дзяржаўных (у тыя часы) мовах
Уладэк: амбітны, рыжы рамантык
У сям’і Напалеона (памёр у 1914 годзе) і Сяльвіны Рытвінскіх нарадзілася чацвёра дзетак: Франэк, Стась, Адэля і наш герой Уладэк. Амбітны, прагне новых ведаў, шмат чытае, арыентуецца ў бягучай палітыцы, мо нават здольны да мастацкага бачання жыцця (хаця рускай мове яму не перашкодзіла б трохі павучыцца). Цікавіцца і навуковымі дасягненнямі, і гісторыяй, і замежнымі мовамі (на ўзроўні “жадаў бы вывучыць нямецкую і англійскую”). Марксіст, верыць у ідэалы, створаныя савецкай прапагандай Акрамя таго, што ён руды, пра знешнасць хлопца вядома няшмат. Вось як ён сам апісвае сябе:
“Згольваю бакенбарды і бараду. Шкада, цудоўныя бакенбарды і мне пасуюць. Праўда, рэдзенькія трошкі, але агулам нічога. Сапраўдны Пушкін, каб не праклятая барадзёнка. Расце як на дражджах. Бакенбарды вылазяць паволі, а барадзёнка хутка. І невялікая: выбежыць гэтак валаскоў 20–30 наперад і ўсю музыку псуе. Ніякай сіметрыі. Бакенбарды нічога, а барадзёнка ні к чорту. Пушкін не Пушкін, а на казла моцна падобны. Свалачная барадзёнка.”
У пачатку 1930-х малодшае пакаленне Рытвінскіх – ужо не дзеці, а паўналетнія асобы, якія вучацца ці працуюць у розных кутках Савецкага Саюза. Малады Уладэк пакідае (не на ўсё жыццё, як высветліцца пазней) родны Гомель яшчэ ў 1926 годзе.
“У 1926 годзе, калі я з’язджаў з Гомеля вучыцца ў Маскву, развітваючыся са сваімі сябрамі-аднагодкамі, я казаў: “Ну, бывайце, хлопцы, цяпер я студэнт. Дайце мне тэрміну 7 гадоў, і я пакажу вам, што такое Уладэк. Вы пабачыце мяне на недасягальнай вышыні, усяго пакрытага славай. Тады мы зладзім баль на ўвесь свет. Такім чынам, да 1933 года.”
Але Масква была цесная для амбітнага маладзёна. У 1928 і 1929 гадах ён едзе ў Казахстан за новымі ўражаннямі і досведам. Там знаёміцца з людзьмі і мясцінамі, апісанымі Дзмітрыем Фурманавым у рамане “Мяцеж” (які Уладэк з захапленнем прачытае пазней, ужо ў высылцы). Але галоўным уражаннем ад азіяцкай краіны будзе спатканне з Міляй. Зеленавокая, памер абутку 37, а астатняе хай дамалюе вашае ўяўленне. Творчая асоба, займаецца вакалам і музіцыраваннем на піяніна, але, як дзіця свайго часу, працуе фізічна (токар на заводзе, наборшчыца ў тыпаграфіі), бо савецкія наратывы малююць рабочых як каралёў сусвету. Марыць перамагчы ўнутранае мяшчанства (што не складана, калі ў бацькоўскім доме ўсю хатнюю працу робіць домработніца) і атрымаць вышэйшую адукацыю. Па адукаванасці і кругаглядзе яна значна саступае каханаму, але, у адрозненне ад Уладэка ведае, што такое “коска” і месцамі нават ставіць у лістах гэты знак прыпынку там, дзе трэба.
“Сёння я знерухомеў ад радасных успамінаў аб 1 мая 1930 г. У той дзень я бадзяўся па вуліцах Алматы і прагна зыркаў вачыма. І раптам пабачыў яе, самую дарагую і блізкую майму сэрцу. Вось тая, якую я шукаў. Мая радасць, мая зорачка ясная. Надзея ўсяго майго жыцця.”
Даволі хутка Уладэк адрывае каханую “ад родных ніў, ад роднай хаты” (то-бок ад бацькоў, якія застаюцца ў Алматы) і перавозіць у Маскву. 7 верасня 1930 года пачынаецца іх сумеснае жыццё. Але шчасця студэнту пятага курса педагагічнага інстытута (24–25 год) і заводскай рабочай-токару (17–18 год) лёс адмераў толькі два месяцы.
Арышт
У пачатку лістапада 1930 года Уладэка (марксіста, які свята верыць у савецкія ідэалы) арыштоўваюць па папулярным у той час абвінавачанні: контррэвалюцыйная дзейнасць. Міля носіць перадачы, не толькі кальсоны ці ручнікі, але і той харч, які атрымоўваецца дастаць: курыцу, маргарын, шакалад, хлеб, сасіскі, цукар.
Перадачы ад Мілі
Дзякуючы падтрымцы каханай і рэвалюцыйнаму запалу Уладэк трымаецца няблага. Нават просіць прыносіць перадачы радзей. І шкадуе, што не можа разам з усімі адбудоўваць маладую краіну.
“Ведаеш, мая дарагая, калі ты пішаш пра сваю працу на заводзе, пра ўдарніцтва і хвалю сацспаборніцтва, якая так захапіла цябе, – мне робіцца вельмі балюча. Яшчэ ў турме, праз краты акна, я назіраў вечаровай парой за жыццём Масквы. Бачыў высокія коміны заводаў, агні, што ўспыхвалі ў вечаровым змроку, прыслухоўваўся да свісткоў, да трывожнага шуму, які слабымі водгаласамі прабіваўся ў нашу таемную абіцель. І жахліва, да болю, сціскалася сэрца. Я адрэзаны ад жыцця, выкінуты сярдзітай хваляй за борт. Ах, як цяжка бяздзейнічаць у такі час, калі так цікава і так хочацца працаваць! … Я шкоднік, а шкоднікам няма месца ў савецкім апараце.”
Цалую моцна-моцна
Следства доўжылася ўсяго пару месяцаў і скончылася максімальна лёгкім для тых часоў прыгаворам: тры гады высылкі ў Архангельскую вобласць.
Высылка
Цяжка казаць “пашчасціла” пра таго, каго адарвалі ад звыклага жыцця і адправілі на край свету без надзеі і перспектыў. І ўсё ж Уладэку пашчасціла, бо ў пачатку 1930-х гадоў плынь рэпрэсій яшчэ толькі набрыньвала, набіралася моцы. Міне менш за дзесяцігоддзе, і яна прарве ўсе запруды і праглыне безліч чалавечых лёсаў. На той жа Архангельскай зямлі, у лагерах Каргаполля, рэпрэсіраваныя будуць працаваць па пояс у снезе, амаль босыя і голыя, благаць аб дадатковай бляшанцы рэдкай баланды з аслупянелымі ад голаду вачыма, і не будзе ў іх іншага надмагілля, акрамя тоўшчы паўночных снягоў.
Для нашага ж героя галоўнымі жыццёвымі цяжкасцямі сталі разлука з каханай і пошук працы (прымусовай працай высланых не катавалі, але пра тое, на якія сродкі будзе жыць асуджаны ў чужой мясцовасці, без родных і знаёмых, ніхто не думаў).
“Гэтыя месяцы я спрабаваў выскачыць з небяспечнага кола. Спрабаваў знайсці працу ў горадзе або па спецыяльнасці ў прыгарадзе. Але фартуна не ўсміхнулася мне. Я стаміўся, Міля, ад прыдзірак, кпін, абраз, у лепшым выпадку – абыякава-халодных адмоў. “Высланых – ні пад якім выглядам.”
Тым не менш Уладэк неяк дае рады. Сярод месцаў яго працы “Севералес”, “Госпіўзавод”, прыгараднае сельскагаспадарчае прадпрыемства.
У пачатку жыць даводзіцца ў бараку на 150 асоб. Але не ў якасці пакарання, а таму, што з жыллём кепска, вольных кватэр, як і ва ўсім СССР, няма. Пазней атрымаецца перавесціся ў пакойчык на 4 асобы. У адзін з праездаў Мілі ў Архангельск закаханыя здолелі нават знайсці для сябе асобны пакой (ці падсялілі каго, калі дзеўчына вярнулася ў Маскву, невядома).
Побытавыя ўмовы былі не з лёгкіх. Калі родныя не дашлюць падушкі ды коўдры, спаць давядзецца на голых дошках. Невядома, што даймае больш: паразіты ці спрэчкі суседзяў з-за таго, чыя чарга выносіць з барака трупы памерлых ноччу. Рызыкоўна нават мець дадатковую пару бялізны, бо ўкрадуць. Атачэнне пакідае жадаць лепшага.
“Атмасфера літаральна насычана гарэлачным перагарам. Квітнее прастытуцыя. Крымінальныя, гэтак званая “шпана”, ладзяць бойкі – пускаюць кроў. Папойкі. Запрашэнні гучаць так сардэчна: “Эх, вып’ем, таварыш! Зальём гора!” Шклянка з гарэлкай такая спакуслівая, што міжволі хочацца забыцца “да ачмурэння.(…)
Я жыву каля 7-й піўной. Тут з надыходам цемры адбываецца нешта своеасаблівае. Адчуваеш сябе нібы ў трапічным лесе ноччу. Завыванні гарыл, мёртвыя целы на тратуарах і пад штыкетнікамі, хрыплыя “мацюкі”, што літаральна расколваюць паветра, ды дзікія крыкі аб дапамозе. Пераважна жаночыя. А калі набрыдзеш на гэткую ахвяру хуліганскага тэрору і ўслухаешся ў струмень нечленараздзельных гукаў і “нелітаратурных” выразаў – то цяжка зразумець: сцягнулі ў яе насоўку ці згвалцілі.”
Уладэк наведвае бібліятэку і шмат чытае (Ібсэн, Шоу, Дзікенз, Гамсун і інш.), спрабуе вучыць нямецкую мову. Ходзіць не толькі ў кіно і на канцэрты, але і ў піўную.
“Пасля зайшоў у піўную. Касіраў звольнілі, і цяпер прадаўцы зноў вольныя прысвойваць “недаліў” столькі, колькі пажадаюць. Прылавак. Груды бочак у куце. Клубы дыму. Шматгалосы шум і рэжучыя вуха выкрыкі Марусі Вядзёрнікавай. … Калі ж адна з ахвяр алкаголю мёртвым целам рухнула за бочкі і грымотны раскат ускалыхнуў паветра – захацелася плакаць ад замілавання.”
Але не толькі цяжкасці быту азмрочваюць жыццё высылання. Куды больш дапякаюць бесперапынныя сумневы.
Ці кахае яшчэ Міля?
“Любая, я шалёна стаміўся. Усе гэтыя дні я палка чакаў тваіх лістоў. Я горача верыў, што вось-вось сарвуцца з тваіх вуснаў словы кахання і разгоняць змрочныя прыцемкі, якія атачылі мяне. Толькі адно слова прывітання, адно слова суцяшэння… Я так прагнуў дотыку тваёй любячай, ласкавай рукі. Я чакаў і верыў – дарэмна.”
Ці скончыцца высылка своечасова, ці не будзе падаўжэння тэрміну? Ці будзе дазвол на вяртанне ў Маскву? Ці атрымаецца пазбавіцца кляйма “шкоднік” і знайсці годную працу?
Ад стрэсу ва Уладэка (падобна, даволі ўразлівага і псіхічна нестабільнага) развіваецца неўрастэнія. І тут бездапаможныя ін’екцыі мыш’яку і фізіятэрапеўтычныя працэдуры (адзіная дасяжная меддапамога), вылечыць можа толькі вяртанне да нармальнага жыцця.
Каханне
Вымушанае расстанне прыйшлося на самы росквіт пачуццяў, палка закаханыя толькі пачалі жыць разам. Яны яшчэ дрэнна ведаюць і адно аднаго, і жыццё. У наіўным, амаль дзіцячым, уяўленні Мілі яны з Уладэкам жывуць замілаваннем, у той час як мама кагосьці з іх робіць усю хатнюю працу і прыкрывае аканіцы, каб нішто не перашкаджала каханкам.
Таму разлука для іх – гэта не толькі туга па родным чалавеку і страшэнная самота, але і бесперапыннае высвятленне адносін, выкліканае юнацкім максімалізмам, няўменнем слухаць суразмоўцу і… дрэннай працай савецкай пошты (цяжка зразумець, калі лісты не даходзяць з-за таго, што адзін з бакоў паленаваўся напісаць, а калі яны проста згубіліся падчас перасылкі).
“Як я пакутую, як я чакаю, мая залатая, мая Мілечка родная. Зразумей, як шалёна я кахаю цябе, сачу за кожным тваім словам, абаротам думкі ў лісце! За кожным выгібам думкі. Цяжка прызнацца, але скажу: думка пра тое, што ты разлюбіш мяне, не дае мне спакою. Сорамна, мая дарагая, але ад гэтага не лягчэй, калі прыходзяць у галаву такія думкі.
Над намі навіс нейкі праклён. Мне ўяўляецца такая карціна: я сяджу на званіцы ў Архангельску, а ты ў Маскве. Я зазваніў сваімі лістамі “за здароўе”. Ты ж “за спачын”. Сядзім і звонім. Адлегласць вялікая. Бяжыць пошта некалькі дзён. Атрымліваю твой “спачынны” ліст, ах! Думаю: значыць, ты не кахаеш мяне. І адразу ж на званіцу і малачу на ўсю Іванаўскую “за спачын”: “Дзілінь-бом! Дзілінь-бом! Ты мяне не кахаеш! Ты мяне забудзеш! Мі-і-леч-ка! Мілечка!” А ты ў гэты час, атрымаўшы мой пяшчотны ліст, ужо перамяніла тон і далікатна падцягваеш па-вясноваму, па-велікоднаму, мурлыкаеш, як кошачка: “Мілы, любы, кахаю толькі цябе, хачу ўбачыць, каб аддацца”.
Героі навыперадкі асыпаюць адзін аднаго то абвінавачваннямі (“Ты мяне больш не кахаеш”, “Я табе пішу, ты мне не”), то пяшчотнымі словамі.
Уладэк: “Ах, як хутка ўсё пераходзіць ад песімізму да светлага настрою, ад пачуцця асуджанасці да надзеі, ад гора да радасці. Яшчэ некалькі хвілін таму, з найвялікшым болем у сэрцы, я пісаў табе “апошні ліст”. І прызнаюся: спісаў нямала паперы. Мне здавалася, што ўжо ўсё паміж намі скончана.”
Міля: “Ах ты мярзотны, ах ты гадкі, брыдкі парсючок! Гэта так ты кахаеш сваю жонку? За месяц – 2 лісты, а потым абяцаеш пісаць ужо кожны дзень!”
Падобна, што рэжым іncommunicado, які пазней разбурыць тысячы савецкіх сямей, да высланых у той час не стасавалі – пішы, колькі хочаш (калі знойдзеш у продажы канверты).
“Мілечка! А добра, што я скраў тады пачку канвертаў. Але толькі гэта паміж намі і ані гуку Н.А.”
Як, падобна, і цэнзуру. Крытыка безгаспадарчасці і хіб сістэмы – каштоўная крыніца бытапісання тых часоў для нас з вамі – магла б стаць квітком у ГУЛАГ для абодвух удзельнікаў перапіскі, каб патрапіла на вочы якому чынушы.
Штодзень
Узята з Мова Гомель. Працяг будзе…