Рэцыдывіст скраў стараверскія іконы, якія пакаленнямі захоўваліся ў гомельскай сям’і

Мужчына вынес пяць ікон з прыватнага дома ў Гомелі і прадаў за тры тысячы рублёў на рынку. Гаспадары рэлігійных каштоўнасцяў ацанілі іх у 75 тысячаў, эксперты – у 25 тысячаў.

Ілюстрацыйнае фота: ngrkomi

Увайсці ў дом зламысніку аказалася няцяжка, бо ўваходныя дзверы былі незачыненыя. Але не абышлося без кур’ёзу: у цемры злодзей спатыкнуўся аб слоікі з закаткамі і нарабіў шуму, пабудзіўшы гаспадыню дома. Жанчына пабаялася выйсці з спальні, а злодзей вынес пяць ікон.

Мужчына паходзіць з вёскі Неглюбка Веткаўскага раёна — аднаго з цэнтраў стараверства – таму цалкам мог разумець каштоўнасць скрадзеных ікон. Ягоную віну абцяжарвае тое, што ён судзімы ўжо дзесяць разоў.

«Іконы былі знойдзены супрацоўнікамі праваахоўных органаў і накіраваныя на мастацтвазнаўчую экспертызу. Паводле заключэння экспертаў, іх грашовая вартасць знізілася прыкладна ў тры разы, і ўладальніца пагадзілася з ацэнкай. Нягледзячы на гэта, следства кваліфікавала інцыдэнт як крадзеж у буйным памеры», — паведаміў дзяржСМІ выконваючы абавязкі пракурора горада Гомеля Павел Чырыкаў.

Справа перададзена ў суд.

Штодзень

Слайдар пастоў