Рэчыцкі журналіст распавёў пра наступствы ракетнага абстрэлу Тэрнопаля

Паводле апошніх звестак, у выніку расейскага ракетнага ўдару 26 чалавек загінулі, у тым ліку 3 дзяцей, 93 параненыя. Каля 20 жыхароў лічацца зніклымі — выратавальнікі працягваюць разбор завалаў.

Фота: ДСНС Украіны

Журналіст з Рэчыцы Андрэй Мядзведзеў, які ўжо некалькі гадоў жыве ў Тэрнопалі, кажа, што апошні ракетны абстрэл не стаў вялікай нечаканасцю, а працягам таго, што рэгіён перажывае з першых дзён расейскага ўварвання. Паводле яго, першыя ракеты па Тэрнопалі расейскія войскі выпусцілі яшчэ 24 лютага 2022 года — па аэрапорце, каб пазбавіць украінскую авіяцыю магчымасці супраціўляцца. Пасля былі і іншыя атакі: толькі ў чэрвені гэтага года па горадзе ўдарылі каля 30 дронаў. Тады, на шчасце, масавага крывавага выніку не было.

Журналіст Андрэй Мядзведзеў

 

Па словах журналіста, логіка атак у расейцаў, здаецца, застыла ў савецкім мінулым: “Яны страляюць, арыентуючыся на карты 1980-х гадоў. Напрыклад, у Тэрнопалі калісьці быў завод камбайнаў, які спыніўся пасля распаду СССР. Там цяпер арэндуюць памяшканні дробныя прадпрымальнікі — ніякай “абаронкі” няма. Але расейцы б’юць па ім”. Падчас чэрвеньскага абстрэлу, напрыклад, ракеты трапілі ў тэрыторыю завода, дзе цяпер вырабляюць свяцільнікі.

Апошні абстрэл ён адчуў літаральна над галавой: “Прачнуўся а пятай раніцы, калі ракеты праляцелі проста над домам. Спачатку падумаў, што прыснілася, але неўзабаве пачуліся выбухі”. Паводле мясцовых паблікаў, мішэнню зноў назвалі радыёзавод.  Але некалькі ракет упалі ў іншым месцы, непасрэдна ў жылым квартале. Пацярпеў і дзіцячы садок — толькі шчаслівы выпадак уратаваў дзяцей: у той час там нікога не было.

Наступствы для жылля — катастрафічныя. “Пяць паверхаў дзевяціпавярховіка проста няма”, — кажа Мядзведзеў. Ён дадае, што для яго гэта асабіста гучыць асабліва балюча: дом, які знішчылі расейцы, — тыповы савецкі праект, такія ж будынкі стаяць, напрыклад, у беларускіх Калінкавічах. Іншая ракета выбухнула ў некалькіх метрах ад суседняга дому: агонь з яе перакінуўся на кватэры ў двух пад’ездах, яны выгарэлі цалкам. “Менавіта там асноўная колькасць загінулых”, – адзначыў Андрэй.

У горадзе з 19 па 21 лістапада абвешчаная жалоба. Людзі ў роспачы, але і ў злосці: валанцёры кругласутачна працуюць на месцы трагедыі. “Расейцы са сваёй “высокадакладнай” зброяй ударылі па “заводзе”, але патрапілі ў жылыя дамы”, — кажа Мядзведзеў.

Штодзень

 

Слайдар пастоў